26 красавiка 2024, Пятніца, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі могуць падаражэць памперсы

6
У Беларусі могуць падаражэць памперсы
Фота: tut.by

Памперсы памылкова «пазбавілі» льготнага ПДВ, прадаўцы збіраюцца падняць кошты.

Праз пераход на адзіную таварную наменклатуру ў краінах Еўразэс ПДВ на памперсы ў Беларусі складае не 10%, а 20% — цяпер прадаўцы дзіцячых тавараў вымушаныя павышаць кошты памперсаў. Аднак, як мяркуюць імпарцёры, гэта адбылося не праз пастанову ўрада ліквідаваць льготы на дзіцячыя тавары, а праз памылку ў дакументацыі, піша tut.by.

— Сёння рабілі заказ пастаўшчыку памперсаў, але ён сказаў, што пакуль не працуюць — памяняўся ПДВ, цяпер яны наводзяць парадак у дакументах, так што ў найбліжэйшыя дні новую партыю не прывязуць, — распавядае ІП, якая працуе ў адным з гандлёвых цэнтраў. — Як я разумею, прывязуць ужо на 10% даражэй. Іншы пастаўшчык сказаў, што таксама пра змены ў заканадаўстве чулі, яны нават не даехалі ў крамы — таму што дакументы няправільныя, цяпер усё перарабляюць.

Імпарцёры пацвярджаюць, што ПДВ на ўвоз і рэалізацыю памперсаў з новага года вырас удвая. Аднак, на думку пастаўшчыкоў, гэта адбылося праз памылкі ў дакументацыі. У заканадаўстве (указ Лукашэнкі, які змяшчае пералік тавараў з ільготным ПДВ) нічога не змянілася: падатак на памперсы па-ранейшаму 10%.

— Паніжаны ПДВ не скасавалі — гэта тэхнічная недапрацоўка нашага заканадаўца. Ва ўказе, які вызначае ільготныя стаўкі ПДВ на дзіцячыя тавары, у памперсаў ёсць пэўны код ТН ЗЭД. З 1 студзеня мы перайшлі на адзіную для краін Еўразэс наменклатуру замежнаэканамічнай дзейнасці (Пастанова Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 18.10.2016 N 101 — Заўвага) — цяпер у памперсаў новы код ТН ЗЭД, а ва ўказе Лукашэнкі яны значацца пад ранейшым, таму мы не можам рэалізоўваць іх пад ранейшы працэнт ПДВ, — тлумачыць Ілона Герцык, начальніца юрыдычнага аддзела ТДА «Мостра-груп, якое з'яўляецца найбуйнейшым імпарцёрам прадуктаў харчавання, касметыкі і іншых тавараў у краіну.

У няпростым становішчы праз змяненні знаходзяцца прадаўцы памперсаў: з тавару, які яны куплялі пад ПДВ 10%, з 1 студзеня яны павінны плаціць падатак 20%. «Адпаведна, гэтую розніцу яны плацяць з уласнай кішэні», — кажа Ілона. «Крайнімі» ў гэтай сітуацыі ўсё адно застаюцца пакупнікі: прадаўцы праз змену падатку вымушаныя павышаць кошты.

— Напрыклад, раней пакаванне памперсаў з 70 штук каштавала 41,8 рубля, нацэнка крамы ў гэтым выпадку складала 20%, — прыводзіць прыклад адзін з прадаўцоў. — Калі нам прывязуць новую партыю з новым ПДВ, то цэннік на іх будзе ўжо 45,6 рубля за пакаванне.

Дарэчы, такая сітуацыя ўжо здаралася ў 2012 годзе, калі пачала працаваць Адзіная эканамічная прастора (АЭП) і таксама змяняліся некаторыя коды таварнай наменклатуры. Пяць гадоў таму падатак на памперсы таксама «падскочыў» да 20% праз неадпаведнасці ў дакументах. Аднак праз месяц у заканадаўстве ліквідавалі памылкі і вярнулі памперсам ільготны падатак. На такое ж развязанне сітуацыі імпарцёры спадзявацца і ў гэты раз:

— Цяпер мы паменшылі аб'ёмы паставак — спадзяемся, што ва ўрадзе ўнясуць змены ва ўказ і вернуць ПДВ 10%, як гэта было ў 2012 годзе, — кажуць у кампаніі «Магнум Маркет». — У МПЗ мы звярталіся з пытаннем, ці магчымая рэалізацыя прадукцыі, увезенай да новага года, пад падатак 10%. Нам адказалі, што нават ранейшы тавар трэба прадаваць у адпаведнасці з новымі правіламі, 20-адсоткавым падаткам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках