26 красавiка 2024, Пятніца, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрыст: Такога абурэння, як ад дэкрэта аб «дармаедстве», не было даўно

12
Юрыст: Такога абурэння, як ад дэкрэта аб «дармаедстве», не было даўно

Леанід Судаленка распавёў, каго часцей за ўсё падаткавікі запісваюць у «дармаеды».

Некалькі дзён таму гомельскі офіс незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) стаў месцам збору подпісаў за скасаванне дэкрэта аб «дармаедах», што ўжо стаў легендарным у Беларусі і за яе межамі. Па запэўненнях праваабаронцаў, штодня за кансультацыямі, а таксама за дапамогай у складанні скаргаў прыходзяць да 15 гамяльчан, піша praca-by.info.

— Найбольшы наплыў людзей мы назіралі ў лістападзе-снежні мінулага года і студзені 2017-га. Асабліва павялічылася колькасць грамадзян, якія звяртаюцца за дапамогай у прафсаюз РЭП пасля апошніх унесеных змяненняў аб сацыяльным утрыманстве. Усе выдатна разумеюць, што гэты дэкрэт зусім не ліквідуе беспрацоўе, а накіраваны хутчэй супраць людзей, — кажа юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка.

Паводле звестак МПЗ, «лісты шчасця» адправілі ўжо больш чым 400 тысячам беларусаў. Аднак падрабязнай характарыстыкі атрымальнікаў пакуль не агучвалі. Са слоў гомельскага праваабаронцы, большасць «дармаедаў», якія прыходзяць за юрыдычнай дапамогай, — мужчыны ад 20 да 50 гадоў. Працуюць у Расеі «па-чорнаму» і атрымліваюць заробак у канверце. Частка — маладыя спецыялісты, якія пасля заканчэння навучальных устаноў не могуць знайсці працу, нягледзячы на размеркаванне. Немалая частка хатніх гаспадынь:

— Жанчын — блізу 30%. Мамы, якія выхоўваюць дзяцей, у якіх зарабляюць мужы, часта кажуць так: «Я хачу прысвяціць сваё жыццё мужу і выхаванню дзіцяці. Чаму, калі муж плаціць падаткі, часам больш некаторых, мы зараз павінны даплачваць дзяржаве?».

Леанід Судаленка распавядае, што «лісты шчасця» становяцца чорнай меткай асабліва для малых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў: «З працай там яшчэ горш. Яе там няма зусім».

— Сярод тых, хто тэлефануе-прыходзіць, у кожнага свая жыццёвая гісторыя. З апошніх — у гамяльчанкі васьмігадовае дзіця, якое цяжка хварэе з нараджэння. Жанчына не працуе, бо стала даглядае за сынам. Інваліднасць дзіцяці МРЭК не дае. Заробак мужа — блізу 350 рублёў. Тым не менш яна ўсё роўна атрымала паведамленне.

Юрыст сцвярджае, што такога напалу запалу, як ад дэкрэта аб «дармаедстве», не было нават тады, калі пазбаўлялі ільгот або падымалі пенсійны ўзрост.

Генадзь Мікалаевіч, сацыяльны работнік з заробкам 155 рублёў, прыйшоў пакінуць свой подпіс за скасаванне дэкрэта №1 і адправіць скаргу ў падатковую пасля атрымання паведамлення:

— У 2015 годзе я быў «дармаедам», працу знайшоў зусім нядаўна. І практычна адразу пасля гэтага атрымаў апавяшчэнне аб выплаце падатку. У жонкі заробак 300 рублёў. Але з цяперашнімі цэнамі гэтага стае на «камуналку», ежу, сякія-такія рэчы. Усё.

Мікалай, цясляр паводле спецыяльнасці, з тых гамельчукоў, хто ездзіць на заробкі ў Расею.

— Так, я неафіцыйна працую ў Расеі, але я прыязджаю дадому і выдаткоўваю ўсе заробленыя грошы тут. І я не разумею, за што і чаму я павінен плаціць гэты падатак? Паспрабуйце знайсці добрую працу ў Беларусі. У нас яе няма. А калі ўлічыць, што па маладосці ў мяне было два адміністрацыйныя артыкулы за п'янку, то не асабліва і браць хочуць, тым больш цяпер.

23-гадовая Святлана пакуль у дэкрэтным адпачынку, але яе муж ужо амаль чатыры месяцы афіцыйна беспрацоўны. Маладая мама не хавае, што заробак на прадпрыемстве менш, чым дзіцячая дапамога, якую яна зараз атрымлівае. Каб утрымліваць сям'ю, муж таксама пачаў ездзіць працаваць у Расею.

— Сярод знаёмых ёсць беспрацоўныя. У асноўным былыя работнікі заводаў. Некалькі чалавек ужо атрымалі паведамленні, — падсумоўвае гамяльчанка.

У індывідуальнага прадпрымальніка Пятра паведамленне на выплату 360 рублёў выставілі сваякам. Яшчэ блізу 10 чалавек сярод яго знаёмых на гэты момант беспрацоўныя:

— Я пакуль працую, але подпіс пакінуў. Таму як заўтра сам магу стаць «дармаедам». Займаюся зборкай мэблі, але грошай у людзей няма — у найлепшым выпадку адна-дзве замовы ў месяц. Самі разумееце, што гэта не праца. Ды па-рознаму ж бывае. Працаваў, працаваў, потым пазбавілі працы, і чалавек яшчэ павінен заплаціць падатак за тое, што яго звольнілі.

У 41-гадовай Валянціны, эканаміста па адукацыі, паведамленне таксама ўжо на руках. Але плаціць жанчына не мае намеру да апошняга — спрабуе абскардзіць выстаўленую суму ёй і яе 24-гадоваму сыну.

— Я страціла працу ў 2014 годзе. Потым аднаўляла здароўе, хварэла. Перавучылася на дызайнера. Паступова ўваходжу ў новую для сябе прафесію, але грошай гэта пакуль не прыносіць. Муж працуе, яго заробак блізу 600-700 рублёў. У нас двое дзяцей — дачцэ 19 гадоў, студэнтка і, слава богу, вучыцца на бюджэце. І сыну 24 гады. Ён ездзіць працаваць у Маскву, але таксама, як і я, зараз «дармаед».

Як эканаміст, я ведаю, што падатак разлічваецца па пэўнай методыцы. А як разлічваюць гэты падатак? Вызначэння ў Падатковым кодэксе яму няма. Атрымліваецца, што гэта не збор і падатак. Гэта прымусовая даніна.

У гомельскім офісе РЭП кажуць, што за некалькі дзён ініцыятывы за скасаванне дэкрэта №1 свае подпісы пакінулі ўжо амаль паўсотні чалавек, а ўсяго па краіне больш за 5000 падпісантаў.

Вы можаце:

Падпісаць онлайн-петыцыю «Не Дэкрэту №3 «аб дармаедах!» на сайце zvarot.by тут.

Спампаваць формы для збору подпісаў за скасаванне Дэкрэта №3-на беларускай і расейскай мовах і папрасіць сваіх родных, сяброў і суседзяў падтрымаць людзей, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, тут.

Падпісаць зварот у офісах прафсаюзаў РЭП, БНП і СПМ, адрасы тут.

Спампаваць узоры заяваў у падатковыя органы, пракуратуру і КДК тут.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках