25 красавiка 2024, Чацвер, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты: Нельга ўпускаць расейскія войскі на вучэнні ў Беларусь

125
Эксперты: Нельга ўпускаць расейскія войскі на вучэнні ў Беларусь

Расея рыхтуе ў Беларусі пераварот пад прыкрыццём сваіх войскаў.

Расея афіцыйна пачала рыхтавацца да ваенных вучэнняў «Захад-2017». Адны спецыялісты мяркуюць, што гэта будуць самыя вялікія манеўры з часоў халоднай вайны. Іншыя кажуць нават пра пачатак расейскай анэксіі Беларусі. Што адбудзецца ў верасні і як гэта можа паўплываць на лёс нашай краіны?

Сітуацыю для «Белсата» пракаментавалі ўкраінскі ваенны эксперт Аляксей Арастовіч, былы шэф Службы бяспекі Украіны Валянцін Налівайчанка і ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін.

160 генералаў і афіцэраў сабраліся ў Санкт-Пецярбургу. Так Расея пачала рыхтаваць кіраўніцтва Заходняй ваеннай акругі да восеньскіх вучэнняў «Захад-2017». Летась у Менску міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу сэнс гэтага мерапрыемства тлумачыў так:

«На заходніх межах Саюзнай дзяржавы ЗША і іншыя сябры NATO актыўна павялічваюць свой наступальны патэнцыял і адкрываюць новыя базы, развіваюць ваенную інфраструктуру», – заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу.

У Польшчы сапраўды прайшлі летась самыя вялікія вайсковыя вучэнні за ўсю найноўшую гісторыю краіны. Але гэта адказ на агрэсію Расеі супраць Украіны. У манеўрах «Анаконда-2016» удзельнічалі больш за 30 тыс. вайскоўцаў з 24 краінаў, 3 тыс. адзінак ваеннай тэхнікі, 105 самалётаў і шрубалётаў і больш за 15 ваенных караблёў.

Незалежны расейскі ваенны аналітык Павел Фельгенгаўэр мяркуе, што вучэнні «Захад-2017» будуць яшчэ больш маштабнымі. Паводле афіцыйных звестак Міністэрства абароны Расеі сёлета ў Беларусь павінны прыбыць больш за 4100 вагонаў з грузамі ваеннага прызначэння.

Можна толькі здагадвацца, колькі расейскіх салдатаў і танкаў прыедзе ў Беларусь. Падчас вучэнняў «Захад-2013» Масква перакінула ў нашу краіну больш за 3 тысячы вайскоўцаў, ды на гэта спатрэбілася ўсяго 200 вагонаў.

Украінскія спецыялісты мяркуюць, што гэтыя вучэнні могуць скончыцца не так, як усе папярэднія.

Напрыклад, вось што кажа вайсковы аналітык з Кіева Аляксей Арастовіч:

«Войскі будуць уведзеныя на тэрыторыю Беларусі на падставе вучэнняў, якія будуць самымі маштабнымі за апошнія гады, і, магчыма, застануцца там. Стануць элементам шматвектарнага шантажу як Польшчы, так і краінаў Балтыі і самога Лукашэнкі, а таксама нацыянальна арыентаванай беларускай эліты. Яму скажуць: «Аляксандр Рыгоравіч, вазьміцеся за розум, а то войскі могуць і не выйсці». Можа адбыцца што заўгодна, напрыклад, прарасейскі пераварот пад прыкрыццём расейскіх войскаў».

У кастрычніку 2015 г. Лукашэнка адмовіўся ад авіяцыйнай базы, якую Масква хацела стварыць каля Бабруйска. Дакументы былі падпісаныя, але ў апошні момант прэзідэнт адмовіўся. Магчыма, успомніў сумны досвед Украіны.

«Януковіч у 2010, 2012, 2013 гады запусціў у наш Крым 24 тыс. расейскіх вайскоўцаў Чарнаморскага флоту. Гэта скончылася тым, што яны за адзін дзень анэксавалі і акупавалі нашу тэрыторыю, якую мы тады не змаглі абараніць. Таму нашым братам беларусам паведамляем, што найлепшы спосаб сябе абараняць – гэта не пускаць ніякіх замежных войскаў», – адзначае Валянцін Налівайчанка, былы кіраўнік СБУ, амбасадар Украіны ў Беларусі ў 2005 – 2006 гадах.

Але ў адрозненне ад Беларусі Украіна ніколі не была чальцом АДКБ і не стварала з Расеяй «саюзнай дзяржавы». Улады ў Менску, падпісваючы многія пагаднення, увайшлі ў залежнасць ад Масквы настолькі, што рабіць крок назад можа быць ужо занадта позна.

«Калі Лукашэнка адмовіцца ад вайсковых пагадненняў і адмовіцца ад выканання абавязкаў, не выключаю, што можам мець крымскі варыянт. З той ці іншай нагоды Расея можа ўзяць Беларусь пад ваенны кантроль», – мяркуе Аляксандр Алесін.

Расея – гэта джын, які сядзіць у бутэльцы. Горла ад бутэлькі – гэта Беларусь. Масква зацікаўленая ў тым, каб кантраляваць горла і корак ад гэтай бутэлькі.

Падзеі апошніх гадоў сведчаць, што расейскі джын ужо даўно выйшаў з бутэлькі і дэманструе сваю сілу ва Украіне ці Сірыі. Невядома, куды пойдзе далей, але калі сур'ёзна захоча канфрантацыі з Захадам, Беларусь не будзе ўжо той краінай, якую мы ведаем.

Напісаць каментар 125

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках