6 траўня 2024, панядзелак, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі выйшлі на мітынг супраць высечкі дрэў

6
Менчукі выйшлі на мітынг супраць высечкі дрэў

Сустрэча з адміністрацыяй Заводскага раёна перарасла ў стыхійны пратэст.

Яшчэ адна сталічная зялёная зона, размешчаная на вуліцы Убарэвіча ў Чыжоўцы, трапіла пад высечку. Тут, ля трох дзевяціпавярховых дамоў, УКБ Заводскага раёна будуе новыя панэльныя дамы для ільготнікаў. Адзін дом ужо ўзвялі, пад другі рыхтуюць ўчастак, для чаго хочуць высечы блізу трох дзясяткаў 40-гадовых дубоў, клёнаў і ліп, а таксама прыбраць дзіцячую пляцоўку. Жыхары найбліжэйшых дамоў сустрэліся з чыноўнікамі з адміністрацыі Заводскага раёна, каб выказаць сваю незадаволенасць тым, што адбываецца. Tut.by таксама пабываў на сустрэчы і выслухаў абодва бакі.

- Мы толькі за будаўніцтва. Але навошта забіраць у нас зялёныя насаджэнні? Вы ўсё прыбераце і нічога нам не пакінеце, - абураліся менчукі. - Вы абяцалі, што высекуць два-тры дрэвы, астатнія пакінуць. Што дом пабудуюць на месцы прыватнага сектара, а не ў нас пад вокнамі. Вы схлусілі, а цяпер яшчэ і пляцоўку забіраеце! Чаму ў нас у горадзе на першым месцы стаянкі для машын, а потым ужо дзеці? Лукашэнка сказаў, што горад трэба ўшчыльняць, але не ў шкоду жыхарам. Дзе цяпер нашым мамам з дзеткамі шпацыраваць?

Праект забудовы гэтай тэрыторыі на грамадскае абмеркаванне выносілі два гады таму. Паводле яго прыватны сектар, размешчаны паралельна ад вуліцы Убарэвіча на вуліцы Капыльскай, планавалі знесці і на ягоным месцы пабудаваць дзевяціпавярховік. У абмеркаванні, як гэта часта бывае, узялі ўдзел не ўсе мясцовыя жыхары. Многія пра яго нават не чулі. Але калі пачалося будаўніцтва, выявілася, што панэльны дом будуюць на месцы дзіцячай пляцоўкі каля дома №102. Хоць на запыт мясцовых жыхароў адміністрацыя раёна даслала адказ, у якім запэўнівала, што тэрыторыя вакол дома закранацца пры будаўніцтве новых будынкаў не будзе.

Цяпер, калі вакол дзіцячай пляцоўкі ўзвялі агароджу і сталі пілаваць дрэвы, жыхары занепакоіліся. Яны звярнуліся ў адміністрацыю Заводскага раёна з просьбай не высякаць дрэвы і захаваць пляцоўку. У сваім звароце яны таксама паказалі, што не выступаюць супраць будаўніцтва дома для ільготнікаў, а просяць узвесці яго крыху далей.

На сустрэчу з адміністрацыяй прыйшло некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў. Яны тут жа атачылі чыноўнікаў і сталі наперабой задаваць свае пытанні.

Праўда, многіх цікавіла не столькі высечка дрэў, колькі тое, што новы, ужо пабудаваны дом, стаіць занадта блізка да дома №102.

- Вы перакрылі мне святло ў кватэры, вы перакрылі паветра. У мяне кругласутачна ўключанае электрычнае святло ў кватэры, а я хачу сонечнае бачыць! - крычала адна з жыхарак.

- Вы парушылі ўсе нарматывы, пабудавалі дом занадта блізка! Чаму ніхто з вас не паглядзеў, якая адлегласць будзе паміж нашымі дамамі! - абураліся іншыя жанчыны.

Каментар прадстаўнікоў адміністрацыі быў адзін: усе будаўнічыя і санітарныя нормы выкананыя, новабудоўля стаіць на дазволенай адлегласці ад старога дзевяціпавярховіка.

Тыя, хто прыйшоў даведацца пра высечку дрэў, прабіліся да прадстаўнікоў адміністрацыі, акружаных шчыльным колам мясцовых жыхароў, толькі праз паўгадзіны пасля пачатку сустрэчы.

- Мы ж не супраць новых дамоў, будуйце хоць дзесяць. Але захаваеце дзіцячую пляцоўку, - кажа жыхар аднаго з трох дамоў Іван. - Усе гэтыя гады гэта было месца адпачынку. Мы хочам, каб гэтая дзіцячая пляцоўка засталася і для нас, і для жыхароў новага дома.

- У Менску 30 тысяч маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, - пракаментаваў намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Аляксандр Сцяпанаў. - Для іх новыя дамы тут і будуюцца.

- Частку вашай пляцоўкі захаваюць. А каля новага дома №104 пабудуюць яшчэ адну дзіцячую пляцоўку, - запэўніў прадстаўнік выканкама.

- Дзе вы яе арганізуеце? На даху дома? Нам не патрэбныя вашы арэлі, якія вы хочаце размясціць пад нашымі вокнамі. Пакіньце нам тое, што ёсць! - прасілі жыхары 102-га дома.

Праз гадзіну, калі стала зразумела, што дыялогу з прадстаўнікамі мясцовай улады не атрымаецца, жыхары трох дамоў наважылі, што будуць пісаць у выканкам і Менгарвыканкам пісьмовыя запыты.

- Мы адправім зварот з просьбай пакінуць нашу дзіцячую пляцоўку і дрэвы ў спакоі. Няма ніводнага абыякавага жыхара, тут усе супраць, мы сабралі блізу 300 подпісаў. Будзем патрабаваць афіцыйнага адказу на афіцыйны запыт, - кажуць менчукі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках