16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выведка ЗША апублікавала даклад аб умяшанні Расеі ў выбары

6
Выведка ЗША апублікавала даклад аб умяшанні Расеі ў выбары

У дакумента ёсць і сакрэтная версія, якую раней падалі Бараку Абаму і Дональду Трампу.

Амерыканская разведка ў пятніцу, 6 студзеня, апублікавала незасакрэчанную версію дакладу аб «умяшанні Расеі» ў выбары ЗША, паведамляе Reuters. Дакумент апублікаваны на сайце Офісу дырэктара Нацыянальнай выведкі ЗША (ODNI), піша РБК.

З дакумента вынікае, што выведка ЗША «з высокай доляй упэўненасці» мяркуе, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін загадаў арганізаваць кампанію ўмяшання ў выбары прэзідэнта ЗША.

На думку амерыканскай выведкі, расейскі прэзідэнт пераследваў мэты «падарваць веру народа ў амерыканскую дэмакратыю, ачарніць Гілары Клінтан, прычыніць шкоду ейнай прэзідэнцкай кампаніі і перашкодзіць яе патэнцыйнай перамогі на выбарах». «Акрамя таго, мы мяркуем, што Пуцін і расейскі ўрад відавочна аддавалі перавагу абранню Трампа. Калі Маскве стала зразумела, што Клінтан, хутчэй за ўсё, пераможа на выбарах, расейская кампанія засяродзілася на падрыве яе чаканага прэзідэнцтва», – гаворыцца ў справаздачы.

У сваім дакладзе разведка таксама паведамляе, што «з высокай доляй упэўненасці» ГРУ выкарыстала хакера Guccifer 2.0, а таксама сайты DCLeaks.com і WikiLeaks, каб зрабіць публічнымі скрадзеныя падчас кібератакі звесткі, а таксама распаўсюдзіць іх у СМІ.

«Guccifer 2.0, які сцвярджаў, што з'яўляецца незалежным румынскім хакерам, неаднаразова цягам прэзідэнцкай гонкі рабіў супярэчлівыя і хлуслівыя заявы аб яго магчымай расейскай прыналежнасці. Справаздачы паказваюць, што некалькі чалавек сведчылі, што Guccifer 2.0 кантактаваў з журналістамі», – гаворыцца ў дакладзе.

У дакуменце таксама сцвярджаецца, што актыўную працу з WikiLeaks вёў тэлеканал RT. Выведка адзначае, што ў 2013 годзе галоўная рэдактарка RT сустракалася з заснавальнікам WikiLeaks Джуліянам Асанжам у пасольстве Эквадора ў Лондане. У дакладзе таксама згаданае і агенцтва Sputnik.

«Мы мяркуем, што Масква будзе выкарыстоўваць урокі, вынятыя з гэтай кампаніі ўмяшання ў прэзідэнцкія выбары ЗША для будучых спроб уплыву як на Злучаныя Штаты, так і на іншыя краіны, у тым ліку на амерыканскіх хаўруснікаў ды іх выбарчыя працэсы», – мяркуе амерыканская выведка, сцвярджаючы, што Расея «імкнецца ўплываць і на выбары ў Еўропе».

Некалькімі гадзінамі раней кіраўнікі амерыканскай выведкі падалі сакрэтную версію дакладу аб «умяшанні Расеі» ў амерыканскія выбары» абранаму прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. Па выніках сустрэчы Трамп заявіў, што яна была «канструктыўнай». Абраны кіраўнік дзяржавы выключыў, што кібератакі як-небудзь уплывалі на выбары. Пры гэтым ён паабяцаў, што створыць каманду, якая распрацуе план прадухілення кібератак.

Днём раней сакрэтная частка дакладу была прадстаўленая і Бараку Абаму. Менавіта Абама раней даручыў выведцы падрыхтаваць такі даклад.

Абвінавачванні на адрас Расеі з нагоды яе ўмяшання ў выбары раней неаднаразова гучалі з боку Гілары Клінтан, прадстаўнікоў выведкі, адміністрацыі Абамы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках