27 красавiка 2024, Субота, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы дэсантнік: Афіцэры падтрымліваюць дзедаўшчыну ў войску

156
Былы дэсантнік: Афіцэры падтрымліваюць дзедаўшчыну ў войску

Усе аб салдацкай іерархіі і паборах у войску.

Старэйшыя жаўнеры — «дзяды» — проста так збіваюць маладых, забіраюць у іх грошы, ежу і новую форму. Андрэй Іваноў (імя змененае. — заўв.) адслужыў у пачатку 2010-х у частцы ПДВ. Ён запэўнівае, што ўсё гэта не вайсковыя байкі. Андрэй распавёў «Радыё Свабода», што бывае з тымі, хто ідзе супраць сістэмы і спрабуе супраціўляцца «дзядам».

«Дзяды» і «вожыкі» — салдацкая іерархія ў Беларусі

Пачынаецца ўсё з так званага «каранціну». Гэта першы месяц, калі праходзіць курс маладога байца. У гэты час цябе ніхто не чапае, ніякага падзелу на катэгорыі паміж жаўнерамі няма.

Пасля прысягі жаўнераў раскідваюць па падраздзяленнях. І там ужо пачынаецца іншае жыццё. У ВДВ быў такі раздзел. Тыя, хто служыць першыя паўгода — гэта «сланы», другія паўгода — «вожыкі», апошнія — «дзяды». У нас так называлі. Дзесьці «вожыкаў» называюць «чарпакамі», дзесьці — «фазанамі». Залежыць ад роду войскаў.

Ад дзедаўшчыны больш за ўсіх пакутуюць «сланы». Кожную раніцу яны прыбіраюць у казарме - усё чысцяць, запраўляюць ложкі «пад нітку». «Сланы» апошнімі заходзяць у сталовую. Трэба, каб за кожным сталом быў хаця б адзін «слон», бо ён павінен збіраць талеркі ўсіх астатніх, калі тыя паядуць.

За што караюць

Атрымаць кару можна за што заўгодна. Напрыклад, дрэнна прамаршыравалі. Тады сяржант кажа: тры дні забараняем паліць. І калі кагосьці заўважаць з цыгарэтай, пасля адбою прымусяць адціскацца ўсіх. Ці на галаву паставяць. Гэта называлася «станавіцца на кабіну». Вельмі балюча. І так за любую правіннасць. Таксама плашчакамі білі па задніцы. Гэта драўляныя дошчачкі, якімі адбіваюць абзы на коўдрах і падушках.

Часам хто-небудзь адмаўляўся адціскацца. Дзяды казалі: «Добра, кладзіся на ложак». Гэтаму хлопцу нават давалі шакаладкі, а ў гэты час увесь ягоны заклік, усе 20 чалавек адціскаліся за яго. Так супраць хлопца наладжвалі сваіх жа. У войску такі ціск, што цябе ў кожным выпадку з'ядуць. Там прынцып, што ўсе пакутуюць за аднаго.

З дзядамі трэба ўсім дзяліцца. Ім нельга сказаць «не». Вось далі нам новую форму, і ўсе «добраахвотна-прымусова» аддаём яе дзядам. А яны табе — сваю старую. Ты не можаш адмовіць.

Або едзем на палігон. Там належны сухі паёк на дзень - тры бляшанкі тушонкі і кашы. І вось ты адну бляшанку аддаеш старшыне, адну забіраюць дзяды. У цябе ж застаецца адна бляшанка на дзень.

Некаторыя жаўнеры таксама прыносілі «дзядам» ежу, калі да іх прыязджалі сваякі. Але я ім адразу сказаў, што ні чорта не буду ім насіць. Пару разоў атрымаў ад дзядоў за гэта. Але я лепей раз атрымаю, каб ад мяне адчапіліся.

Тарыфы ў войску: за што і колькі плацяць жаўнеры

Грошы з нас увесь час вытрэсвалі. Напрыклад, першыя паўгода мы аддавалі ўвесь наш заробак сяржантам. Ты прыходзіш у кабінет камандзіра роты, распісвацца ў ведамасці, што атрымаў 30 тысяч рублёў. Гэта 10 даляраў на той час. Выходзіш і адразу ўсё аддаеш сяржантам. Ні капейкі сабе. З 20 чалавек першага перыяду трое «дзядоў» мелі 600 тысяч рублёў кожны месяц, або 200 даляраў.

Былі іншыя паборы. Дакладней — тарыфы. Калі мы прыйшлі ў «каранцін», у нас ва ўсіх забралі мабільныя тэлефоны, бо імі нельга карыстацца. Але калі ты хацеў вярнуць тэлефон, трэба было плаціць за месяц 50 тысяч рублёў - блізу 20 даляраў. Тады сяржант дазваляе ім карыстацца.

Хочаш пайсці ў самаволку ўначы і прыйсці раніцай да пабудовы — плаці 200 тысяч. За грошы «дзяды» могуць адпусціць і нават вопратку табе дадуць грамадзянскую.

Яшчэ на палігоне была такая «гульня». Мы жывем у лесе, спім у намётах. І трэба, каб зброя была пры табе ўвесь час. Калі ты паклаў зброю кудысьці на тапчан — нары такія, збітыя з дошак, — і адышоў больш чым на 2 метра, значыць, ты яе «страціў». Падыходзіць «дзед», забірае аўтамат. За страчаную зброю — 150 тысяч. Былі хлопцы, якія па 4-5 раз «гублялі» аўтамат і пасля плацілі па 600-700 тысяч «дзядам».

Чаму афіцэры зацікаўленыя ў здзеках

Афіцэры, я даю 99,9%, ведаюць пра ўсё гэта. Але яны нічога з гэтым не робяць. Па-першае, яны разумеюць, што ўсё гэта традыцыя. Па-другое, ім самім гэта выгодна. Яны перадаюць абавязкі сяржантам і самі могуць нічога не рабіць. У іх менш працы выходзіць.

Вось прыклад. Замест таго каб самому дзяжурыць уначы, афіцэр можа сказаць сяржанту: «Я сёння ўначы прыйду. Прасачы, каб быў парадак». І сыходзіць па сваіх справах. А сяржант можа рабіць усё, што заўгодна - ён атрымаў уладу ад афіцэра. Каб умацаваць свой аўтарытэт, ён будзе здзекавацца з жаўнераў усю ноч.

Некаторыя жаўнеры не вытрымліваюць ціску, пачынаюць скардзіцца. Але гэта ні да чаго не прыводзіць. У нас быў адзін хлопец. Нармальны, не гопнік, як большасць. З ім можна было пагаварыць. Але ён быў уразлівы. Некаторыя пераносяць здзекі, а хтосьці не спраўляецца. І вось на яго пачалі ціснуць, і ён паскардзіўся.

Прыехалі бацькі, пачалі разбірацца. Зампаліт раздаў усім ананімныя анкеты. Трэба было адказаць, ці ёсць у нас дзедаўшчына, ці бяруць грошы. А напярэдадні нас сабралі «дзяды» і папярэдзілі: калі хто напіша праўду, усе пацерпяць. Ну, і ўсе хлопцы напісалі, што ў частцы няма праблем.

Тады хлопца пачалі яшчэ больш прыціскаць. Падключыўся камітэт салдацкіх маці, у частцы пачаліся праверкі. У выніку ўсё выкруцілі так, што той хлопец, маўляў, сам ва ўсім вінаваты. Ён хацеў скончыць жыццё самагубствам. Яго ціха камісавалі, паставілі так званы дыягназ 7Б — сацыяльная неадаптацыя. Зламалі хлопцу жыццё на роўным месцы.

І з гэтым нічога не зробіш. Як гэта можна выправіць? Рыба гніе з галавы. Трэба мяняць мысленне афіцэраў. Каб яны былі зацікаўленыя ў парадку. Ведаю, у некаторых частках парадак існуе без дзедаўшчыны. Але звычайна гэта маленькія часткі, дзе прасцей за гэтым прасачыць.

Напісаць каментар 156

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках