26 красавiка 2024, Пятніца, 9:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слонімскі актывіст РЭП: Людзі вельмі злосныя на ўладу

7
Слонімскі актывіст РЭП: Людзі вельмі злосныя на ўладу
МІХАІЛ СОШКА
ФОТА: «Радыё Свабода»

Толькі пратэстамі і толькі разам можна чагосьці дамагчыся.

Пра гэта заявіў у каментары прэс-службе Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу актывіст прафзвязу РЭП са Слоніма Міхаіл Сошка.

- Раскажыце, калі ласка, пра сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў вашым рэгіёне. Якія ў людзей заробкі, якія магчымасці знайсці працу?

- Эканамічная сітуацыя ў Слоніме досыць складаная. Прадпрыемствы працуюць дрэнна. Напрыклад, 27 верасня спыніла працу чарговае прадпрыемства ў горадзе - Слонімскі быткамбінат, які быў абвешчаны банкрутам. Усе яго работнікі былі звольненыя. Таму сітуацыя з працай у Слоніме вельмі складаная. У цэнтры занятасці зусім мала вакансій для працаўладкавання. Я сам там стаю. У асноўным гэта разавая чарнавая праца без якіх-небудзь сацыяльных гарантый.

- Ці шукаюць людзі працу за мяжой - у Літве, Польшчы ці Расеі?

- Так, вельмі шмат хто з'язджае. Цяпер ужо Расея не з'яўляецца гарантам якіх-небудзь заробкаў, таму шмат людзей з'язджае ў суседнюю Польшчу ці ў краіны Балтыі. Людзі імкнуцца ўсялякім спосабам патрапіць туды на працу. Там вышэйшы заробак, больш сацыяльных гарантый. Цывілізаваныя дзяржавы забяспечваюць вялікімі гарантыямі і магчымасцямі, чым тая ж Расея ці беларускі рэжым.

- А што кажуць звычайныя людзі пра эканамічнае становішча, заробкі і пенсіі?

- Людзі вельмі ўстурбаваныя і незадаволеныя існай сітуацыяй. Яны злосныя на ўладу. Нядаўна збіраў подпісы ад прафзвязу РЭП за паляпшэнне ўмоў пражывання ў слонімскіх інтэрнатах, якія знаходзяцца ва ўласнасці райвыканкама. І з маіх назіранняў людзі вельмі агрэсіўна настроеныя ў дачыненні да ўладаў. Яны плацяць за «камуналку» і не ведаюць, куды ідуць іх грошы. Жыхары гэтых інтэрнатаў нават не могуць памыць вокны, бо пры адкрыцці яны развальваюцца і разам з рамай падаюць уніз. Пры гэтым пра капітальны рамонт будынкаў нават гаворкі не ідзе. І ўлады ніяк не рэагуюць на гэта. Таму без перабольшання можна сказаць, што людзі ўжо вельмі злосныя на ўладу.

- 21 кастрычніка ў Менску пройдзе Марш абураных беларусаў 2.0. Ці падтрымліваеце вы яго правядзенне?

- Вядома. Людзі ўсё больш разумеюць, што толькі разам можна абараніць свае правы. Беларусы расчараваліся ў судовай сістэме і не спадзяюцца, што ў судах можна развязаць якую-небудзь праблему. Усё больш людзей разумее, што толькі пратэстамі і толькі разам можна чагосьці дамагчыся.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках