26 красавiка 2024, Пятніца, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскі аўтастопнік: Ва Украіне часта кіроўцы даюць грошы

10
Віцебскі аўтастопнік: Ва Украіне часта кіроўцы даюць грошы
Улад Грышчанкаў

20-гадовы аўтастопнік з Віцебска распавёў пра сваё захапленне.

- Часам на трасе даводзіцца стаяць 3-4 гадзіны, ужо апускаюцца рукі, і хочацца павярнуцца і паехаць дадому. Але з часам ты звыкаеш і разумееш, што бывае няўдалы дзень, няўдалае месца, і менталітэт народа таксама грае сваю ролю, - распавёў сайт gorodvitebsk.by 20-ці гадовы Улад Грышчанкаў.

Шмат хто ведае, што такое аўтастоп, і сочыць за падарожжамі такіх энтузіястаў. А ёсць тыя, хто сутыкаецца з аўтастопнікамі ўпершыню, і яны не могуць зразумець, як можна паехаць аднаму на вялікую адлегласць і зусім без грошай.

Улад сустракаў і адных і другіх, ён падарожнічае аўтастопам крыху больш за год і з упэўненасцю адказвае на пытанне: «Якія якасці маюць быць у аўтастопніка»? - «Мэтанакіраванасць і моц волі».

Як усё пачыналася?

- Нам было проста сумна ў Віцебску, і мы не ведалі, чым заняцца. Мы ехалі з адным у аўтобусе і насупраць нас сядзелі хлопцы, якія размаўлялі пра аўтастоп.

Гэта была пятніца, і мы наважылі раніцай у суботу паехаць у Менск аўтастопам. Але ўжо ўвечары мы наважылі, што не хочам чакаць раніцы. Зайшлі дадому, сабралі рэчы - і ў дарогу. Першыя 11 км ніхто не спыняўся, мы рухаліся ў бок Менска, і толькі на ростанях спынілася фура, якая падвезла нас да Бягомля. Там нам не давялося доўга чакаць, ужо праз 15 хвілін спыніўся самаход, якая прывёз нас у Менск.

Сёння з'ездзіць у Менск і назад (прыкладна 600 км) аўтастопам для Улада - звычайная рэч.

А дзе спаць?

Перасоўваючыся аўтастопам, Улад заўсёды мае пры сабе спальны мяшок, у якім можна легчы спаць. Не рэдкі выпадак, калі спаць даводзіцца на ўзвышшах, у закінутых будынках, хатах і нават на дахах.

Часам, праз групы ў сацыяльных сетках, выпадае знайсці месца, дзе можна пераначаваць.

Віцебск - Арол - Курск - Белгарад - Харкаў - Кіеў - Віцебск

У красавіку 2017 года цікавым досведам стала выправа ў Белгарад (800 км ад Віцебска), у якую маладзён адправіўся з сябрамі. Горад быў абраны не выпадкова. Юнакі планавалі ўдзельнічаць у спаборніцтвах у спідкубінгу (збор галаваломак на час), а за адным скрыпам надумалі пракаціцца аўтастопам. Дабраўшыся да Белгарада, паўдзельнічаўшы ў спаборніцтвах, дзецюкі паехалі ў Харкаў, а адтуль у Кіеў.

- Ва Украіне часта даюць грошы. За гэтую выправу так выйшла, што святар на Lexus даў нам 170 грыўняў, кіроўца фуры - 200 грыўняў і бізнэсовец, які параіў нам ехаць ва Украіну, - 170 грыўняў. На гэтыя грошы мы змаглі паесці, пераначаваць у гостэле, купіць ежы на дарогу дадому і наведаць музей, - распавядае Улад.

Віцебск - Сочы

факты:

- 6000 км за тры з паловай тыдні

- 120 аўтамабіляў

- Сярэдняя хуткасць руху - 60 км

Са слоў Улада, дарога была займальнай і цікавай. Узяўшы з сабой 50 еўраў, юнак выправіўся ў дарогу. З заездам з Віцебска ў Менск ён вырушыў у Сочы. Дарога заняла тры дні.

Распаўсюджанае меркаванне, што часцей за ўсё спыняюцца на дарогах фуры, маладзён зняпраўдзіў. Напраўду гэта не так.

- Фуры спыняюцца рэдка, але трапна. Падвозяць зазвычай на вялікія адлегласці, - кажа Улад. - Максімум, што я праехаў на фуры - гэта 400 км. Прасцей дамовіцца з імі ў месцах адпачынку, на стаянках. Але не на дарозе, дзе і спыніцца ім складана, і мы стаім не заўсёды там, дзе мае быць.

Планы

- Улетку я хачу паехаць у Грузію. Краіна, аб гасціннасці якой я шмат чуў. Ад Сочы - гэта блізу 200 км, таму думаю - гэта будзе не праблема. За тры дні, спадзяюся, здолею дапяць.

- Я зразумеў, што магу дасягаць пастаўленых мэт. Цяпер я дакладна ведаю, што з жаданнем - магчымае ўсё. Падарожжы адбіліся на маёй адукацыі. У мяне з'явілася мэта атрымаць добрую адукацыю. І найбліжэйшым часам я планую атрымаць пасведчанне кіроўцы. Бо часта шоферы ў дарозе пытаюцца, ці магу я пакіраваць, каб яны трохі адпачылі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках