28 красавiка 2024, Нядзеля, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ульяна Захаранка зноў звярнулася ў ААН

13
Ульяна Захаранка зноў звярнулася ў ААН
Ульяна Захаранка

Маці экс-міністра МУС адправіла паведамленне у Працоўную групу ААН аб гвалтоўных і недобраахвотных знікненнях.

26 кастрычніка 2017 года маці зніклага экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі адправіла паведамленне у Працоўную групу ААН аб гвалтоўных і недобраахвотных знікненнях.

Справы аб знікненні ў Беларусі беларускіх палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага знаходзяцца ў Рабочай групе ААН пад пільнай увагай.

У 2011 годзе прадстаўнік сям'і Захаранкі Алег Воўчак падаваў петыцыю ў Рабочую групу аб гвалтоўных і недобраахвотных знікненнях пры Вярхоўным камісары правоў чалавека ААН. Рабочая група атрымала тры паведамленні ад урада ў перыяд са студзеня да кастрычніка 2012 года. Яна прыйшла да высновы, што пададзенай інфармацыі недастаткова для высвятлення справы і звярнулася да ўрада Рэспублікі Беларусь з просьбай аб наведванні краіны, аднак адказ ад урада не быў атрыманы. Да цяперашняга часу Рабочай групай не прынятая ніякая пастанова, справа знаходзіцца ў стадыі назірання.

Менавіта таму Ульяна Захаранка паўторна звяртаецца ў Рабочую групу аб гвалтоўных і недобраахвотных знікненнях з гэтым паведамленнем, піша Беларускі дакументацыйны цэнтр.

У паведамленні падрабязна названыя абставіны выкрадання яе сына, факты шматгадовых зваротаў сваякоў і грамадскасці ў адпаведныя органы з патрабаваннямі правядзення канкрэтных працэсуальных дзеянняў і азнаямлення з ходам расследавання спраў зніклых палітыкаў і журналіста. Ульяна Захаранка дапоўніла сваё паведамленне новымі шматлікімі дакументамі, якія пацвярджаюць бяздзейнасць уладаў пры правядзенні папярэдняга расследавання.

«...Я, Ульяна Захаранка, у скаргах указвала, што дзеяннямі (бяздзейнасцю) следчага Ю.Вараўка парушаюцца мае законныя правы і інтарэсы, незаконна зацягваецца папярэдняе расследаванне, што спрыяе прадухіленню крымінальнай адказнасці для асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць чалавецтва ў адносінах да майго сына, і патрабавала завяршыць папярэдняе расследаванне ва ўстаноўленыя законам тэрміны і накіраваць крымінальную справу ў суд. У задавальненні скаргаў мне было адмоўлена».

Адмоўлена Ульяне Рыгораўне і ў прызнанні яе сына Юрыя Захаранкі памерлым. 30 траўня 2016 года суддзя Вольга Біруля вынесла пастанаўленне аб распачынанні грамадзянскай справы, пасля чаго, у парушэнне закона, аб'яднала яе з грамадзянскай справай па заяве жонкі Вольгі Захаранкі ад 2003 года і прыпыніла вытворчасць па справе да развязання крымінальнай справы, распачатай пракуратурай 17 верасня 1999 года, расследаванне якой даўно не вядзецца, а ажыццяўляецца толькі імітацыя расследавання.

Пастанаўленнем судовай калегіі грамадзянскіх спраў Менскага гарадскога суда ад 1 жнiўня 2016 года вызначэнне суда пакінутае без змены, а прыватная скарга Ульяны Захаранкі - без задавальнення.

Маці зніклага палітыка просіць міжнародны орган прыняць неадкладныя захады ў сувязі з тым, што Рэспублікай Беларусь не займаецца расследаваннем крымінальных злачынстваў супраць чалавецтва, звязаных з гвалтоўным і недобраахвотным знікненнем Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.

Нагадаем, што ў чэрвені 2012 года Камітэт правоў чалавека наважыў, што Беларусь парушыла свае абавязанні правесці належнае расследаванне і прыняць адпаведныя меры ў дачыненні да знікнення Анатоля Красоўскага (парушэнне артыкула 2, часткі 3, адначасова з артыкуламі 6 і 7 МПГПП. Камітэт правоў чалавека запатрабаваў ад Беларусі забяспечыць пацярпелых адпаведнымі мерамі судовай абароны, якія ўключалі б дбайнае належнае расследаванне фактаў, судовы пераслед і пакаранне злачынцаў, падачу адэкватнай інфармацыі аб выніках расследавання і адэкватную кампенсацыю аўтарам дакладу.

10 красавіка 2017 года Камітэт прыняў Меркаванні ў справе, у якіх прызнаў Беларусь адказнай за парушэнні правоў Ульяны і Алены Захаранкі, прадугледжаных арт. 6, 7, 9 Пакта.

Абедзве пастановы Камітэта правоў чалавека ААН, прынятыя на карысць Красоўскіх і Захаранкі, дагэтуль не выкананыя беларускай дзяржавай.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках