19 красавiка 2024, Пятніца, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Статкевіч і Някляеў заклікалі ЕЗ не пускаць Лукашэнку ў Брусэль

40
Статкевіч і Някляеў заклікалі ЕЗ не пускаць Лукашэнку ў Брусэль

Лідары БНК звярнуліся да кіраўнікоў краін Еўразвязу.

Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў падпісалі зварот да кіраўнікоў Еўрапейскага Звязу, дэпутатаў Еўрапарламенту і кіраўнікоў краін, якія ўваходзяць у ЕЗ.

Сайт Charter97.org публікуе зварот палітыкаў:

«Кіраўнікам краін Еўрапейскага Звязу,

Старшыні Еўрапейскай Рады Дональду Туску,

Вярхоўнаму Прадстаўніку ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыцы Магерыні,

Еўрапейскаму камісару ў пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханэсу Хану,

дэпутатам Еўрапарламенту

Запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі ў Брусэль на саміт «Усходняга партнёрства» - гэта не проста крок у цяперашнім дыялогу ЕЗ - Беларусь. Гэта легітымізацыі самога Лукашэнкі, легалізацыя ягонай палітыкі і ягонага рэжыму, які зноў вярнуўся да рэпрэсій.

У Беларусі зноў з'явіліся палітвязні. Людзі, якіх садзяць у турмы за грамадзянскую пазіцыю, за палітычныя перакананні. Акрамя звычайных арыштаў і штрафаў, вынаходзяцца новыя спосабы ціску: арышт маёмасці, руйнаванне або арышт жылля, рэпрэсіі супраць блізкіх. Практыкай сталі выкраданні, збіццё і катаванні арыштаваных актывістаў, наўмыснае размяшчэнне іх разам з хворымі на небяспечныя інфекцыйнымі захворванні, адмовы зняволеным у медыцынскай дапамогі.

Можна, вядома, заплюшчваць на гэта вочы. Але калі не заплюшчваць, то запрашэнне правадыра паліцэйскай дзяржавы ў дэмакратычную Еўропу - заахвочванне ягонай палітыкі рэпрэсій.

Мы не супраць дыялогу з беларускім рэжымам. Мы разумеем, што ў ім не можа не быць нейкіх саступак рэжыму з боку ЕЗ. Але ў ім не можа не быць і абавязковых для выканання, для працягу дыялогу ўмоў. Абавязковымі ўмовамі павінна быць дэмакратызацыя заканадаўства аб выбарах, аб рэгістрацыі партый і грамадскіх арганізацый, аб СМІ, аб масавых сходах грамадзян, а таксама вызваленне палітвязняў, спыненне палітычна матываваных крымінальных спраў і рэабілітацыя ўсіх раней асуджаных паводле такіх спраў.

Дыялог доўжыцца больш за два гады, але нічога гэтага няма. Нават на саміт у Брусэль Лукашэнка запрошаны без ніякіх папярэдніх умоў.

Калі дэмакратычна абраныя лідары як роўныя з роўным садзяцца за адзін стол з дыктатарам, ствараючы з выбараў фарс, яны абражаюць гэтым сваіх выбарцаў. Калі лідары паважаных краін вядуць раўнапраўныя перамовы з «прэзідэнтам», які добраахвотна ператварыў сваю краіну ў філіял іншай дзяржавы, яны прыніжаюць сябе да ягонага ўзроўню. Хто паціскае руку, заплямленую крывёю нашых выкрадзеных і забітых аднадумцаў, той паказвае, што ўважае іх забойствы за дапушчальныя.

Мы заклікаем вас да салідарнасці з нашай барацьбой за дэмакратычную незалежную Беларусь. Беларускі народ мае права на свабоду.

Уладзімір Някляеў,

Мікалай Статкевіч,

сябры Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу,

раней - вязні сумлення, экс-кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках