27 красавiка 2024, Субота, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Да справы Коржыча не ведалі, што рабіць»

23
«Да справы Коржыча не ведалі, што рабіць»
МІХАІЛ БЯЎЗЮК

Родныя яшчэ аднаго жаўнера, які загінуў у Печах, звярнуліся ў пракуратуру.

Міхаіл Бяўзюк з Калінкавіцкага раёна загінуў у канцы сакавіка 2015 года, ён амаль цалкам адслужыў свой тэрмін у вучэбнай частцы. Гісторыя Міхаіла Беўзюка нагадвае гісторыю Аляксандра Коржыча. Скончыў школу, тэхнікум, не хацеў «касіць», добраахвотна пайшоў у войска, патрапіў у Печы. Праз пяць месяцаў вярнуўся ў родную вёску нежывым, паведамляе «Радыё Свабода».

«Я раней не ведаў, куды звяртацца, што рабіць. Цяпер у сувязі са справай Аляксандра Коржыча даведаўся, - распавядае малодшы брат загінулага вайскоўца Юрый Бяўзюк. - Многія ўвагу звярнулі на Печы. Я спадзяюся аднавіць расследаванне смерці брата. Напісаў заяву ў пракуратуру. Што далей буду рабіць, пакуль не ведаю».

«Патэлефанавалі з часткі, сказалі, што невялікае надзвычайнае здарэнне адбылося»

14 лістапада 2014 года 22-гадовы жыхар вёскі Лісец Калінкавіцкага раёна Міхаіл Бяўзюк пайшоў у войска. Пайшоў добраахвотна, сам хацеў служыць. Звычайны хлопец, захапляўся паляваннем і рыбалкай, да войска адвучыўся ў каледжы. Сярод трох братоў Міхаіл быў сярэднім. Трапіў у Печы, адслужыў паўгода. Вучоба амаль скончылася, калі з часткі раптам патэлефанавалі брату Юрыю.

«Сказалі, што невялікае надзвычайнае здарэнне адбылося. Што Міша павесіўся», - распавядае Юрый.

Што адбывалася далей, Юрый памятае дрэнна.

«Ведаеце, тады такі стан быў, што я не разумеў, што адбываецца, - распавядае ён. - Ніхто не разумеў. У нас нешта пыталіся, а мы не маглі адказаць».

У родную вёску цела Міхаіла прывезлі вайскоўцы. Спазніліся, вельмі прасілі пахаваць былога калегу хутчэй, бо яны хацелі вярнуцца назад у частку. Родныя нават не змаглі развітацца з Міхаілам у доме.

«Мы хацелі дадому занесці. Але вайскоўцы не далі. Сказалі, што яны спяшаюцца назад у частку. Развітваліся з братам на вуліцы, - успамінае Юрый. - На пахаванні нам вайскоўцы толькі сказалі, што брат быў найлепшым заражальшчыкам і стралком у частцы. Казалі, што прапаноўвалі яму заставацца інструктарам у стральбе».

Перад ад'ездам яны далі Беўзюкам блізу 500 даляраў у канверце.

«Грошы прасіў перасылаць. І часцей да яго прыязджаць»

Юрый Бяўзюк распавядае, што брат не асоба скардзіўся на службу. Толькі падчас асабістых сустрэч згадваў, што ў частцы дрэнная ежа.

«Казаў, што дрэнна кормяць, больш нічога. Гэта калі мы прыязджалі да яго, - распавядае Юрый. - А праз тэлефон нічога. Напэўна, не хацеў маці засмучаць. Размаўляў з намі па гучнай сувязі, іншыя маглі слухаць. А лісты чыталі, напэўна. Таму ў лістах нічога не расказваў».

Са слоў брата, гісторыя Міхаіла Беўзюка ў чымсьці нагадвае справу Коржыча. Ён таксама часта прасіў перасылаць яму грошы, казаў, што трэба плаціць сяржантам за доступ да тэлефонаў.

«Блізу 50 тысяч ранейшымі гэта каштавала. Грошы мы яму поштай перасылалі, - успамінае Юрый Бяўзюк. - Часта прасіў, каб мы прыехалі. І не толькі нас прасіў. Мяне, маці, сясцёр. Нават дзядзьку з Віцебска прасіў прыехаць. Мы хацелі 22 сакавіка ехаць да яго, але не здолелі».

Расследаванне прадаўжалася больш за год

Пасля смерці Міхаіла Бeўзюка Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце суіцыду.

«Давядзенне да суіцыду, забойства - гэтыя версіі нават не разглядаліся. Толькі суіцыд», - кажа Юрый.

Прыкладна год таму сям'я Бeўзюкоў атрымала ліст, у якім гаварылася аб спыненні справы. Больш ніякіх афіцыйных паведамленняў, згодна са словамі Юрыя Бeўзюка, яны не мелі.

«Я не ведаю, што адбылося з братам, - кажа Юрый. - Разумееце, яго знайшлі ў сушылцы. Памяшканне, у якім жаўнеры свае рэчы сушаць. Пра гэта нам вайскоўцы самі распавялі. Згодна з імі, яно павінна быць зачыненае. Потым маці ездзіла ў частку, хацела паглядзець на месца смерці Юры. І яна распавядала, што літаральна за вуглом каля дзвярэй сушылкі стаяў днявальны. Як ён мог не заўважыць, што там нешта адбываецца? Незразумела».

15 лістапада стала вядома, што ў следчым камітэце распачатая дадатковая праверка ўсіх няшчасных выпадкаў у войску за апошнія 6 гадоў, ад пачатку стварэня Следчага камітэта.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках