27 красавiка 2024, Субота, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Продаж танных кватэр у Менску завяршыўся скандалам

59
Продаж танных кватэр у Менску завяршыўся скандалам

Менчукі кругласутачна дзяжурылі пад УКБам дзеля кватэр у Навінках.

Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) Цэнтральнага раёна Менска выставіла на продаж 15 кватэр у новым доме, будаўніцтва якога вядзецца на ўскраіне Менска, у Навінках. Цэны для Менска невысокія: 630 даляраў за метр у аднапакаёвай кватэры, 610 - у двухпакаёвай кватэры. Гэта амаль удвая танней, чым сярэднія цэны на рынку, піша nn.by.

Сам дом здадуць толькі ў сакавіку 2018 года, таму ў продажу пакуль не ўсе кватэры, а толькі 15 з 132.

Паспрабаваць набыць жыллё можна пачынаючы з раніцы 20 лістапада. Аднак, не ўсё так проста. Ахвотнікі ўжо арганізаваліся і за год(!) да пачатку продажу сфармавалі чаргу і спісы, па якіх будуць падаваць дакументы ва УКБ, каб набыць кватэру. Але юрыдычнай сілы гэтыя спісы не маюць.

У выніку, усё скончылася скандалам. Раніцай пад УКБ сабралася блізу паўсотні абураных патэнцыйных пакупнікоў — іх пакінула ні з чым купка больш нахабных і арганізаваных ахвотнікаў.

«Проста прыйшлі людзі раніцай у суботу, сталі ля дзвярэй. Спачатку адзін — стаў і сказаў: я жывая чарга. Пасля і астатнія падцягнуліся», - расказваюць тыя, «хто запісваўся».

Людзі з жывой чаргі паўсталі блокпостам на ганку і не пускалі нікога з «запісаных». Прыкрывалі «жывую чаргу» некалькі маладых хлопцаў каўказскай знешнасці. З іх словў — азербайджанцы.

«Я тут за брата стаю — ён у чарзе, а я дапамагаю», — пасміхаецца адзін з хлопцаў.

Зразумела было, што кватэр на ўсіх не хопіць. Асноўная маса тых, хто вёў спісы, прыехала падтрымаць «сваіх», калі даведаліся пра з’яўленне жывой чаргі. Людзі ўпэўненыя — жывая чарга — гэта перакупшчыкі.

Прадстаўнікі «спісаў» расказваюць, што ўчора пад УКБ дзяжурылі 15 перакушчыкаў, не давалі нікому ўстаць у новаўтвораную жывую чаргу.

«Мне 45 гадоў, я жыву з жонкай у Шабанах на арэндаванай кватэры. Працую на складзе, — адказвае адзін з жывой чаргі, Ігар. — Спісы спісамі, але паводле заканадаўства кватэры купляюць праз жывую чаргу».

Сам мужчына трымае абарону перад ганкам. Каля самых дзвярэй, у той жывой чарзе - ягоная жонка.

Паціху людзей з «жывой чаргі» пачалі запускаць на падачу дакументаў. «Спісы» пратэставалі, аднак разумелі, што нічога не могуць зрабіць.

Часам скандавалі: «Не — дэкларацыі! Адмяніць дэкларацыю!» (якая друкуецца ў дзяржаўных СМІ і па якой прадаюць гэтыя кватэры)

«Лепш ужо хай нікому нічога, чым вось гэтым і вось так», — абураецца адна з жанчын, Вольга. Яна з мужам былі ў спісах — і сёння застануцца без кватэры.

Народ з «жывой чаргі» шчыльна трымае абарону ганку; «спісы» паціху разыходзяцца — каму час на працу, хтосьці проста зразумеў, што лавіць няма чаго. На тварах «чаргі» — задавальненне, у «спісаў» — крыўда.

Разбіўшыся на групкі, «спісачнікі» думаюць, што рабіць далей. Хтосьці збіраецца пісаць у КДБ заяву, каб праверылі пакупнікоў гэтых 15 кватэр, хтосьці тэлефануе на гарачую лінію АНТ ( праўда, тэлебачанне гэтая гісторыя не зацікавіла). А між тым цягам месяца павінны выставіць на продаж яшчэ шэраг кватэр з гэтага дому. А гэта, мяркую па ўсім, азначае, што наперадзе яшчэ як мінімум адзін скандал.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках