27 красавiка 2024, Субота, 7:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Бутусаў: Рыхтуецца замена Лукашэнкі

61
Юрый Бутусаў: Рыхтуецца замена Лукашэнкі
ЮРЫЙ БУТУСАЎ

Менск страціў самастойную замежную палітыку.

Такое меркаванне выказаў украінскі журналіст, галоўны рэдактар cайта «Цензор.нет» Юры Бутусаў, каментуючы Charter97.org абвастрэнне стасункаў паміж Беларуссю і Украінай:

- Гэта сведчанне таго, што Пуцін схіліў Лукашэнку да выканання ўсіх сваіх задач. Уся гэтая сітуацыя вакол затрымання ўкраінскіх грамадзян - гэта прыклад, які паказвае, што расейскія спецслужбы пачалі кіраваць дзеяннямі беларускага КДБ. Лукашэнка здае незалежнасць краіны.

Сама сітуацыя вельмі небяспечная для будучыні незалежнай Беларусі, бо яна нагадвае развіццё падзей ва Украіне пры Януковічу. Тады ў цэнтры Кіева ФСБ скрала расейскага апазіцыянера (Леаніда Развазжаева - заўв.). Ён быў вывезены ў Расею, а Украіна проста адмаўчалася і не выставіла ніякіх прэтэнзій. Хоць гэта быў наўпроставы замах на суверэнітэт і незалежнасць краіны.

Расея ўзмацняе свой ціск і рыхтуе спецаперацыю па замене Лукашэнкі. Уся гэтая чарада дзеянняў паказвае, што Беларусь страціла самастойную замежную палітыку і трапіла пад сур'ёзны ўплыў Крамля.

Што да Менска, як перамоўнай пляцоўкі па Данбасу, то бачна, што Беларусь не з'яўляецца нейтральнай краінай у дачыненні да Украіны і пляцоўку варта б было памяняць.

- Як вы мяркуеце, якія крокі павінен распачаць афіцыйны Кіеў у адказ на такія дзеянні Лукашэнкі?

- Адназначна трэба мяняць палітыку ў дачыненні да Беларусі. Развіццё вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Менскам - немагчымае.

Я думаю, што з 1-га студзеня 2018 года трэба будзе разгледзець не толькі ўзмацненне жорсткасці візавага кантролю з Расеяй, але і з Беларуссю.

Неабходна абмежаваць кантакты ўсіх афіцыйных органаў. Недружалюбныя паводзіны афіцыйнага Менску не пакідаюць нам іншых варыянтаў. Бо дзеянні беларускіх уладаў паслядоўныя. Думаю, што можна прыняць не толькі гэтыя меры, але ацаніць сітуацыю, выпрацаваць комплекс інструментаў уздзеяння, якія б паказалі, што для нас не прымальная такая антыўкраінская палітыка.

17 лістапада кіраўнік Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія паведаміў, што ў Беларусі затрымалі журналіста «Українського радіо» Паўла Шаройку. Пазней стала вядома пра затрыманне дырэктара ўкраінскага ПАО «Завод уцяжарвальнікаў» Аляксандра Скібы, які прыехаў у працоўную выправу на Менскі трактарны завод.

20 лістапада дарадцу ўкраінскай амбасады ў Беларусі Ігара Скварцова абвясцілі персонай нон грата.

21 лістапада ўкраінскія ўлады, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, выслалі беларускага дыпламата з краіны.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках