Міраслаў Лазоўскі: Тое, што «справа патрыётаў» закрытая - проста цудоўна!
5- 30.11.2017, 21:41
- 12,042
Патрыёт думае над тым, каб патрабаваць маральную і матэрыяльную кампенсацыю за час, што правёў у СІЗА.
«Пакуль не ведаю, ці буду патрабаваць маральную і матэрыяльную кампенсацыю за час, што правёў у СІЗА», - пракаментаваў «Народнай Волі» навіну аб спыненні крымінальнага пераследу адзін з патрыётаў Міраслаў Лазоўскі.
27 лістапада быў спынены крымінальны пераслед усіх удзельнікаў «справы патрыётаў». Матэрыялы справы перададзеныя ў пракуратуру. Пра гэта заявіў 30 лістапада кіраўнік СК Іван Наскевіч на прэс-канферэнцыі ў Магілёве.
Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа з КДБ была перададзеная ў Следчы камітэт Беларусі.
Не так даўно старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што «да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўленая кропка». І слова стрымаў.
- Гэта, безумоўна, поўная нечаканасць, - кажа адзін з фігурантаў справы, былы кіраўнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі. - Да апошняга мы не мелі ніякай інфармацыі, следчыя дзеянні не праводзіліся, таму можна было толькі гадаць, якое развіццё падзей будзе далей.
- Думалі і пра горшы сцэнар?
- Так, бо калі ў людзей хапіла сумлення «пашыць» такую справу, то хто перашкаджаў давесці яе да лагічнага заканчэння - прысудаў? Тым больш, што многія хлопцы правялі за кратамі ў следчым ізалятары амаль 5 месяцаў, і сілавікам трэба было б хоць неяк апраўдаць арышты. Але ўсё добра, што добра заканчваецца. Відаць, на справу паўплывалі і знешнія фактары.
- Ці будзеце вы патрабаваць маральную і матэрыяльную кампенсацыю за час, што правялі ў СІЗА?
- Па-першае, пакуль пра закрыццё справы я ведаю са СМІ, якія працытавалі заяву старшыні Следчага камітэта. Таксама патэлефанаваў следчы, пацвердзіў гэтую інфармацыю і паведаміў, што выслаў усе неабходныя паперы. Таму трэба спачатку пазнаёміцца з дакументамі, а ўжо затым параімся разам з адвакатам, што рабіць далей. Але справа закрытая - і гэта проста цудоўна!