26 красавiка 2024, Пятніца, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Агнешка Рамашэўская: Калі Беларусь стане дэмакратычнай, «Белсат» пераедзе ў Менск

8
Агнешка Рамашэўская: Калі Беларусь стане дэмакратычнай, «Белсат» пераедзе ў Менск
АГНЕШКА РАМАШЭЎСКАЯ-ГУЗЫ

10 гадоў таму беларусы ўпершыню ўбачылі перадачы тэлеканала «Белсат».

10 снежня 2007 года, у Дзень правоў чалавека, канал першы раз выйшаў у тэлеэфір.

З нагоды юбілею дырэктар тэлеканала Агнешка Рамашэўская распавяла «Свабодзе», як «Белсат» хоча выжыць у эру «смерці тэлевізіі», што яна ўважае галоўным дасягненнем «Белсата» за 10 гадоў, навошта адзінай незалежнай беларускай тэлевізіі кулінарнае шоў, і калі яна сама збіраецца пакінуць пасаду.

- Першае пытанне не вельмі святочнае. 2018 год - гэта апошні год «Белсата»?

- Не. Наш канал упісаны ў дзяржаўны бюджэт. Установы без палітычнай падтрымкі туды не трапляюць. «Белсат» быў упісаны ў польскі бюджэт двойчы, у першыя два гады працы. Потым міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі ініцыяваў пераход канала пад кантроль МЗС. Бюджэт прадаўжаецца, як правіла, паводле прынцыпу copy-paste. Я перакананая, што гэта доўгатэрміновая дэкларацыя. Калі б «Белсат» павінен быў скончыцца сёлета, то так бы і было.

- Што сёння вы ўважаеце за стрыжань канала, яго сутнасць?

- «Белсат» моцна звязаны са сваім гледачом. Важны складнік сутнасці нашага канала - яго беларускамоўнасць. Некаторыя, як пачуюць у нас пару прапаноў па-расейску, то пачынаюць панікаваць, што канал стане расейскамоўным. Не стане. Канал сёння мае сур'ёзную пазіцыю. І яна ёсць, дзякуючы таму, што «Белсат» беларускамоўны. Паводле вынікаў даследавання аўдыторыі відаць, што нават для расейскамоўных гледачоў беларуская мова важная. Яны зусім інакш успрымаюць змест, калі гэта па-беларуску. Гэта цікавая дэталь на ўзроўні псіхалогіі.

Калі гледачы ацэньвалі нашых вядоўцаў, то расейскамоўныя ім нагадвалі вядоўцаў расейскай тэлевізіі. Беларуская мова сталася падмуркам, на якім мы пабудавалі з гледачом давер.

- А што вы ўважаеце за галоўнае дасягненне канала за гэтыя гады? Чым асабліва ганарыцеся?

- Наш галоўны поспех - пабудова сапраўднай культурнай інстытуцыі, якая трывала стаіць на нагах. Гэта не проста тэлевізія, гэта ўстанова. Калі ў людзей праблемы, то яны звяртаюцца да нас. Гэта, вядома, не азначае, што маем нейкі вызначальны ўплыў на рэчаіснасць. У Беларусі такі ўплыў мае ўладу. Але нас людзі ўспрымаюць як месца, дзе можна знайсці падтрымку.

Мы ганарымся тым, што нам удалося. Калі мы пачыналі, ніхто не верыў, што зможам. Нам давалі тры гады. Я ўласнымі вачыма бачыла амерыканскі дакумент 2005 года, у якім гаварылася, што зрабіць незалежны тэлеканал проста нерэальна. Мы сабралі вельмі цікавую каманду, якая разумее, што такое аддана служыць гледачу.

- Маладзёны сёння мала глядзяць тэлевізар. Як «Белсат» плануе прыцягваць іх да сябе? Менавіта яны праз некалькі гадоў будуць асноўнымі спажыўцамі інфармацыі.

- Занадта рана казаць, што тэлебачанне памрэ. Нават калі яно памірае ў традыцыйнай формуле, то адкрываецца другое дыханне ў нетрадыцыйнай форме. Відэаматэрыял не перастае быць цікавым. Галоўнае, як яго прапанаваць спажыўцу інфармацыі. Тэхналагічная рэвалюцыя мяняе фармат, а не змест. Нашы гледачы глядзяць канал праз спадарожнікавую антэну, праз інтэрнэт, а трэцяя катэгорыя – гэта выпадковыя гледачы. Гэта людзі, якія выпадкова адкрываюць для сябе «Белсат» праз сацыяльныя сеткі.

Выклік сучаснай тэлевізіі - гэта павелічэнне шляхоў да гледача. Культурныя праграмы і навіны глядзяць розныя людзі. Мы плануем падаваць нашу інфармацыю праз ютуб для розных катэгорый гледачоў. Ствараем аплікацыю Smart TV. Ужо маем мабільную аплікацыю для Android, а неўзабаве будзе і для Apple. Я вельмі хачу, каб «Белсат» трансляваўся праз другі спадарожнік. Гэта дорага, але дазволіць закрануць вялікую частку краіны. Мы будзем пашырацца, шукаць розныя шляхі сустрэчы з гледачом. Тэлевізія не памірае, яна проста інакш трапляе да людзей і ўплывае на чалавека.

- Ці стала журналістам прасцей працаваць у Беларусі?

- Калі звяртаць увагу на колькасць затрыманняў і штрафаў, то стала горш. Асабліва моцна пакутуюць ад гэтага нашы супрацоўнікі ў рэгіёнах. Але з іншага боку, працаваць стала прасцей, бо наша каманда загартавалася. Калі раней штосьці здавалася немагчымым, то цяпер людзі навучыліся і прывыклі. Мая бабуля казала, што адважны не той, хто не баіцца, а той, хто ўмее перамагаць страх. Мы шмат чаму навучыліся. Людзі сталі смелымі і вераць, што іх праца мае сэнс.

- Вы часта бываеце ў Беларусі. Мяняецца краіна?

- Яна трохі змянілася, але не так моцна, як можна было б прадставіць. Павольней, чым мне хацелася б. Штосьці ідзе наперад, гэта бясспрэчна. Калі пры каралі Міндоўгу ездзілі на колах, то цяпер ездзяць на аўтамабілях. Час робіць сваё. Стала больш прыватнага бізнэсу, цікавых месцаў для турыстаў. У Беларусі добрыя дарогі і нядрэнныя прыбіральні на трасах. У Менску стала больш бараў і кавярняў. Праўда, кошты ў іх варшаўскія і нават вышэйшыя, а заробкі ў Менску беларускія. З'явілася больш ідэй, як паказваць сваю гісторыю, бо раней вельмі цяжка было наведваць такія месцы, не было інфраструктуры. Замак у Нясвіжы, музей Агінскага, выстава Рушчыца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Мне там вельмі спадабалася. Але ўсё ж за 10 гадоў Беларусь змянілася мала. У палітычным сэнсе стала больш апатыі. Палітыка ў Беларусі проста затрымалася.

- Вы самі сказалі, што за 10 гадоў «Белсат» стаў на ногі. Што ў канала наперадзе? На што вы хочаце зрабіць асаблівы акцэнт і як бачыце сваю місію наступныя 10 гадоў?

- Усё будзе залежаць ад нашай фінансавай сітуацыі і палітыкі. Мы будзем развівацца тэхналагічна. Будзем эксперыментаваць, калі казаць пра змест. Многае залежыць ад палітыкі - і ў Беларусі, і звонку. Будзем змагацца з расейскай прапагандай. Будзем шукаць новыя формы, каб быць арыгінальнымі і не падобнымі на тыя каналы, якія беларусы прывыклі глядзець. Паглядзім, як людзі ўспрымуць нашы шоў. Пачынаем кулінарную праграму. Будзем спрабаваць праверыць, што патрэбнае гледачу.

- Але ці гэтага глядач чакае ад незалежнай тэлевізіі - шоў пра кухню і спорт?

- А чаму б і не, калі гэта дазволіць знайсці новых гледачоў, якія нас за гэта палюбяць? Тэлевізія не павінна толькі стамляць людзей. Наадварот, яна павінна ў тым ліку і забаўляць. Прынамсі, мы паспрабуем гэта рабіць. Мы закрываем перадачы, дзе разумныя людзі толькі гавораць і гавораць. Гледача гэта стамляе.

- Ці хочацца вам пасля 10 гадоў працы на «Белсаце» пакінуць пасаду і заняцца чымсьці іншым?

- Не думаю. Мы працуем як вайсковы аддзел, і я, натуральна, крыху стамілася. Але, як камандзір я павінна даваць упэўненасць сваім жаўнерам, што ім ёсць за што змагацца і што яны маюць шанец перамагчы. Гэта цяжка. Часам гэта барацьба на два франты. Але, з іншага боку, ад поўнага спакою становіцца сумна. На найбліжэйшыя год-два ў мяне ёсць планы на «Белсаце».

- Вы параўналі вашу працу з вайной. Што вы будзеце ўважаць за перамогу ў ёй?

- Мы змагаемся за інфармацыю, за тое, каб да людзей ставіліся годна. Змагаемся не супраць кагосьці, а за каштоўнасці. Гэтых мэтаў дасягнуць няпроста. Таму мы будзем існаваць заўсёды. Калі Беларусь стане дэмакратычнай, то мы пераедзем у Менск, але, напэўна, гэта адбудзецца ўжо без мяне.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках