26 красавiка 2024, Пятніца, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Мікалай Радзівіл Сіротка адкрыў першы банк у Беларусі

Як Мікалай Радзівіл Сіротка адкрыў першы банк у Беларусі

Адбылося гэта больш за 400 гадоў таму.

14 снежня прайшла прэзентацыя першай кнігі пра гісторыю банкаўскай справы ў Беларусі - пачынаючы з IX стагоддзя і заканчваючы сучаснасцю. Ініцыятарам стварэння кнігі «Банкаўская справа Беларусі. Гісторыя» стаў Беларусбанк, піша kp.by.

- Прэзентацыя праходзіць напярэдадні важнай падзеі - 95-годдзя Беларусбанка. На дзяржаўным узроўні 2017 стаў Годам навукі. Мы разважылі, што гэтыя два факты павінны знайсці адлюстраванне ў нейкім праекце, - распавядае старшыня ўправы ААТ «АСБ Беларусбанк» Віктар Ананіч. - Наш банк - найстарэйшы ў краіне, але гісторыя банкаўскай справы ў Беларусі не абмяжоўваецца 95 гадамі. Чаму вучыць кніга? Па-першае, што не варта захоўваць грошы дома або закопваць у зямлю. Па-другое, фінансавыя стасункі на тэрыторыі Беларусі ўзніклі з прычыны гандлёвых стасункаў, шлях з варагаў у грэкі, які праходзіў праз нашую краіну, даў магутны імпульс да развіцця грошай. Цяпер вельмі важна падтрымліваць замежны гандаль дзяржавы. Па-трэцяе, фінансавыя дачыненні і ўстановы ўзніклі амаль 400 гадоў таму. Гэта дазволіла інтэгравацца ў банкаўскую сістэму Еўропы. І цяпер вельмі важна выкарыстаць сусветны досвед.

АЎТАРЫ КНІГІ - ГІСТОРЫКІ АКАДЭМІІ НАВУК ФОТА: ПРЭС-СЛУЖБА БЕЛАРУСБАНКА

Тры гады 10 супрацоўнікаў Нацыянальнай Акадэміі Навук збіралі матэрыялы для кнігі. Вялікі ўклад зрабіла выдавецтва «Белавагруп», звярнуўшыся па інфармацыю не толькі ў беларускія, але і ў літоўскія, расейскія, польскія і ўкраінскія архівы.

- Агульны аб'ем інфармацыі, які знайшлі навукоўцы, прыблізна ў чатыры разы большы за гэтую кнігу. Гэта вялікая навуковая праца. Цяпер мы зрабілі прэзентацыйнае выданне, вядзецца праца з музеямі, для шырокага колы чытачоў мы падрыхтуем буклеты, - кажа доктар гістарычных навук, кіраўнік аўтарскага калектыву Нацыянальнай Акадэміі Навук Сяргей Віцязь.

Даследчыкі стварылі кнігу пра банкаўскую справу з мноствам дакументаў і фатаграфій.

- Я думаю, што гэта толькі пачатак працы. Падчас даследавання мы зрабілі некалькі адкрыццяў. Так, высветлілі дату стварэння першага банка на тэрыторыі Беларусі, - прадаўжае Сяргей Віцязь. - Ён быў створаны ў 1598 годзе ў Нясвіжы Мікалаем Радзівілам Сіроткам. Гэта была агульнаеўрапеская тэндэнцыя стварэння так званых пабожных банкаў, у іх было вузкае кола функцый. Сіротка зрабіў вялікае падарожжа па Еўропе, дзе заўважыў шэраг такіх інавацый і заснаваў банк у сваёй рэзідэнцыі ў Нясвіжы.

Асобнікі кнігі перадалі ў бібліятэкі і школы, якія спецыялізуюцца на вывучэнні банкаўскай справы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках