19 траўня 2024, Нядзеля, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У расейскай эканомікі адмовіла педаль газу

10
У расейскай эканомікі адмовіла педаль газу

У грашовым вылічэнні эканоміка РФ вярнулася на ўзровень 2013 года.

Расейская эканоміка вяртаецца да звыклай стагнацыі па ступені таго, як эфект ад падвышаных удвая коштаў нафты вычэрпваецца, а «мяшок» статыстычных выкрутаў пусцее.

У трэцім квартале рост расейскага ВУП запаволіўся з 2,5% да 1,8%, а за 9 месяцаў склаў толькі 1,6%, паведаміў Расстат. У грашовым вылічэнні эканоміка вярнулася на ўзровень 2013 года, піша сайт finanz.ru.

Паводле папярэдняй ацэнкі МЭР, у кастрычніку была згубленая яшчэ траціна росту, паказанага ў пачатку года, а яго тэмп у гадавым вылічэнні запаволіўся ўсяго да 1%.

Дэталёвая разбіўка ВУП па сектарах сведчыць аб далейшай дэградацыі структуры эканомікі, паказвае галоўная эканамістка «Альфа-банка» Наталля Арлова: найбуйнейшымі фундатарамі росту валавога дададзенага кошту зноў сталі сферы, занятыя здабычай (+3,4%) і транспартаванне за мяжу (+3,8 %) мінеральнай прыроднай сыравіны.

Апрацоўчая прамысловасць аднавіла спад - на 0,1% год да года; у мінус сышло будаўніцтва (на 0,7%). А гэта ўжо 20% ВУП, кажа Арлова. Нарэшце, прадаўжае сціскацца сектар паслуг насельніцтву (на 1,3%), даходы якога падаюць чацвёрты год запар.

Рост эканомікі, якім казырае ўрад у першай палове года, - фактычна з'яўляецца статыстычным міражом, тлумачыць дырэктар Цэнтра структурных даследаванняў РАНГіДС Аляксей Вядзееў.

Па-першае, адбылося папаўненне таварна-матэрыяльных запасаў, якія ўпалі на 7 трлн рублёў за два гады рэцэсіі; гэта добра вядомы ў эканомтэорыі эфект, які мае мала дачынення да рэальнага эканамічнага развіцця.

Інвестыцыйнага росту пры гэтым няма, кажа Вядзееў: Расстат ацэньвае прырост інвестыцый на 4,2%, але «гэта з улікам тых малых прадпрыемстваў, якія не здаюць справаздачнасць». Гэта «проста нейкія фантазіі Расстата на гэтую тэму, якія могуць спраўдзіцца, могуць не спраўдзіцца», кажа Вядзееў: калі выключыць гэтыя лічбы, то пацверджаны рост капукладанняў - толькі 1,2%.

Рост быў «чыста карэкцыйным» адскокам пасля правалу 2015-16 гг, ужо налета ўсе фактары гэтага росту знікнуць, а дынаміка ВУП будзе блізу нуля, кажа Вядзееў.

Калі разглядаць толькі «сацыяльную эканоміку» - рэальны сектар, у якім жывуць і працуюць людзі, без уліку нафтагазавага сегмента, то рэцэсія пачалася яшчэ ў 2013 годзе і прадаўжаецца цяпер - пяты год запар, кажа дырэктар праграмы «Эканамічная палітыка» Маскоўскага цэнтра Карнэгі Андрэй Моўчан.

«Мяркуецца, што наш ВУП за год будзе на ўзроўні 2-2,5%. З чаго ён складаецца? Атрымліваецца, што 20% росту кошту нафты Urals транслюецца ў 2,5% ВУП, да гэтага можна дадаць 0,5% нацпраекта і інвестыцыі, яшчэ прыкладна 1,5% набеглі з розных дзяржвыдаткаў і іншых разавых рэчаў. І ў нас атрымліваецца, што калі выдаліць складнік нафтавай карпарацыі, то астатняя Расея скараціла ВУП на 1,5-2% за гэты год. І гэтая магічная лічба 2% назіраецца ў нас з 2013 года», - адзначае ён.

Атрымліваецца, што «Расея сацыяльная» падае пяты год запар, і рух кошту нафты, як ні дзіўна, у адрозненне ад пачатку 2000-х на гэта ніяк не ўплывае, робіць выснову Моўчан.

З ягоных слоў, галоўнымі праблемамі расейскай эканомікі застаюцца «татальны недавер у краіне і неправавое асяроддзе»; велізарныя адміністрацыйныя выдаткі вядзення бізнэсу; назапашанае адставанне ад свету і псеўдасацыяльная дзяржава, у якой 30% прыпадае на дзяржсектар, а яшчэ 8% на наўпроставых пастаўшчыкоў дзяржсектара.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках