27 красавiка 2024, Субота, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Моцнага шэпту на кухні недастаткова, каб цябе сталі паважаць

19
Зміцер Бандарэнка: Моцнага шэпту на кухні недастаткова, каб цябе сталі паважаць

Трэба, каб у дзень 100-годдзя БНР у Менску сабраліся 100 тысяч беларусаў.

19 снежня 2010 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Пасля закрыцця выбарчых участкаў дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю супраць фальсіфікацый вынікаў галасавання. Яна стала самай масавай акцыяй пратэсту ў Беларусі за апошнія гады.

У сёмую гадавіну Плошчы Годнасці Сharter97.org аднаўляў храналогію падзей з удзельнікам Плошчы-2010 і каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам:

- Вы арганізатар многіх палітычных кампаній і акцый пратэсту. Ці было ў вас адчуванне, што менавіта гэтая Плошча будзе асаблівай?

- Для нашай каманды адзіным апраўданнем удзелу ў выбарах заўсёды была неабходнасць правядзення Плошчы. Таму што людзі і краіна павінны паказваць сваю волю да незалежнасці і свабоды, гатоўнасць да супраціву. Мы выразна разумелі, што ўлада нічога мяняць не збіраецца, бо на пасадзе кіраўніка ЦВК заставалася Лідзія Ярмошына, не было ніякіх зменаў у Выбарчым кодэксе.

Для нас гэтая кампанія была асаблівай, бо ў ёй браў удзел наш кандыдат, мой сябар Андрэй Алегавіч Саннікаў. У 2001, 2006 гадах мы працавалі ў пэўным сэнсе «на дзядзьку», на псеўдаадзіных кандыдатаў Уладзіміра Ганчарыка і Аляксандра Мілінкевіча. Гэта былі людзі, якія ў самы важны момант уцякалі ў кусты. І ў 2010 годзе нам было прасцей, бо ў нас быў свой кандыдат.

- Хацелася б аднавіць храналогію падзей. Што вы ўбачылі, калі прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу? Якімі былі вашы першыя ўражанні?

- Яшчэ да Кастрычніцкай плошчы паступіла інфармацыя аб тым, што быў збіты кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, брутальна збітыя дзясяткі іншых людзей, якія не змаглі дайсці. Перад намі паўстала пытанне, ці адкрытая Кастрычніцкая плошча, ці зможам мы туды прайсці. Народу сабралася вельмі шмат. Падышла досыць вялікая калона прыхільнікаў Мікалая Статкевіча і Віталя Рымашэўскага, якія заклікалі іх сабрацца на Прывакзальнай плошчы. Тысячы людзей ужо знаходзіліся на Кастрычніцкай плошчы.

Здзівіла, як абсурдна сябе праявіла ўлада. На плошчы быў заліты каток. На ім на велізарнай хуткасці ездзілі моцнага выгляду мужчыны, не ведаю, можа з хакейнай каманды Лукашэнкі. Гэта выклікала смех.

Безумоўна, першыя ўражанні былі, што сабралася вялікая колькасць людзей. Гэта давала надзею на тое, што вечар будзе дынамічным. Мы ж ведаем, што Лукашэнка пагражаў, што ніхто не выйдзе. Але, як звычайна бывае з ягонымі прагнозамі, усё выйшла наадварот. Людзей было вельмі шмат, і акцыя была магутнай.

- Людзі, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, занялі праспект і рушылі маршам да Плошчы Незалежнасці. Якой была энэргетыка і дынаміка гэтага маршу?

- Для мяне яшчэ вельмі важным момантам было тое, у які бок будзе рух. З усіх кандыдатаў для нас важным было меркаванне і пункт гледжання Мікалая Статкевіча. Гэта вельмі аўтарытэтны чалавек і палітык, які ўдзельнічаў у правядзенні многіх акцый. Трэба было дамовіцца аб тым, што мы робім далей.

Мікалай прапаноўваў, каб людзі падышлі да адміністрацыі Лукашэнкі, а затым рухаліся да Плошчы Незалежнасці. Быў яшчэ варыянт рухацца да тэлевізіі на вуліцы Макаёнка. Але калі мы пачалі выходзіць на праезную частку, стала зразумела, што спускацца ў падземны пераход або неяк разгортваць людзей - досыць складана. Пратэстоўцы пайшлі праспектам у бок плошчы Незалежнасці. Прысутных было вельмі шмат, адчувалася эйфарыя, бо ўсе вельмі доўга чакалі гэтую падзею. Актывістам «Еўрапейскай Беларусі» ўдалося пранесці на плошчу апаратуру, большасць кандыдатаў у прэзідэнты вельмі моцна выступілі, хоць улады спрабавалі усё заглушыць расейскай папсой.

Пачаўся рух. Пры падыходзе да скрыжавання з вуліцай Леніна, каля «Макдональдсу», была выразна відаць колькасць людзей і фантастычная энэргетыка маршу. З'явілася надзея на тое, што могуць быць змены. Гэта быў у пэўным сэнсе момант ісціны.

Я быў на многіх акцыях пратэсту, быў на Майдане падчас Аранжавай рэвалюцыі. Хачу адзначыць, што настроі былі вельмі падобнымі, а людзей было нават больш, чым у першы дзень Аранжавай рэвалюцыі. Таму нам не варта сябе прыніжаць, 19 снежня беларусы паказалі сваю сілу і жаданне «людзьмі звацца».

- Незалежныя кандыдаты прапанавалі ўладам перамовы, але мы выдатна ведаем, чым усё скончылася. Як вы ацэньваеце дзеянні ўладаў?

- Не магу пагадзіцца з тым, што нам вядома ўсё, што адбылося на Плошчы. Яшчэ шмат пра што трэба даведацца. Не зразумела, хто рыхтаваў гэтыя правакацыі, кім была першая група людзей, якія пачалі біць шыбы. У турме КДБ мяне дапытвалі вайсковыя контрразведчыкі. Яны былі рэальна здзіўленыя і не ведалі, што гэта была за група людзей. Я ім адказваў, што гэта была не апазіцыя, а хто-небудзь з вашых. Што рыхтавалі правакацыю ўлады і хто за ўсё гэта адказвае - мы калі-небудзь даведаемся.

Вядома, усе лідары апазіцыі былі настроеныя мірна. Задачай было прастаяць ноч, пратрымацца да раніцы. З досведу Майдану, з досведу іншых краін, з беларускага досведу было зразумела, што раніцай павінны далучыцца новыя людзі, пачнуцца страйкі ў краіне.

Лідары апазіцыі прапаноўвалі ўладам перамовы. Скажу, што да выбуху ў метро 11 красавіка 2011 года яшчэ захоўвалася магчымасць выхаду з тупіка, у якім краіна знаходзілася і прадаўжае знаходзіцца многія гады. Аб выбуху ў метро па-ранейшаму ёсць шмат пытанняў. Гэта падзея канчаткова перакрэсліла ўсе надзеі на мірныя перамовы.

- Якія ўрокі можна атрымаць з падзей Плошчы-2010? Што б вы хацелі пажадаць беларусам у сёмую гадавіну гэтай падзеі?

- Я мяркую, што Андрэй Саннікаў, уся ягоная сям'я, кіраўнікі нашай каманды, актывісты і многія тысячы людзей аддалі ўсе сілы, каб гэтая Плошча атрымалася. Бо мы знаходзімся ў зусім іншым становішчы, калі параўноўваць нават з Украінай. Мы не можам выставіць сцэну, экраны, наладзіць гук, бо ў Беларусі няма сістэмнай апазіцыі. У Кіеве пратэстоўцам дапамагала нават міліцыя або, прынамсі, не замінала. У нас жа гэта немагчыма.

На маю думку, Маршы свабоды, многія Дні Волі, «Чарнобыльскі шлях», абарона Курапатаў, Плошча 2006 года, Плошча 2010 года - самыя яскравыя старонкі беларускага Супраціву.

Краіна і народ павінны паказваць, што яны не згодныя з дыктатурай, паказваць імкненне да свабоды. Моцнага шэпту на кухні недастаткова, каб цябе пачалі паважаць у свеце. Мы былі на Плошчы, мы змагаліся, мы пайшлі ў турмы, мы рабілі тое, што маглі. Беларусам і краіне ёсць чым ганарыцца.

Нам усім трэба прадаўжаць барацьбу рознымі формамі. Рабіць гэта на сваім, лакальным узроўні: пераконваць людзей, знаёмых, неяк прыцягваць іх да Супраціву.

Для мяне вельмі вялікай нечаканасцю стала гутарка з адным маім аднагодкам. Ён распавёў, што быў заняты сваёй справай, інтарэсамі сваёй сям'і, але толькі ў 2010 годзе ў яго расплюшчыліся вочы, ён пачаў цікавіцца палітыкай і гісторыяй нашай краіны і распавядаць пра гэта сваім блізкім. Гэта прыклад дзеяння на лакальным узроўні.

У нас наперадзе слаўная дата - 25 Сакавіка 2018 года, 100-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай рэспублікі. Гэта падзея можа аб'яднаць усе палітычныя сілы, плыні і кірункі. Не выключаю, што гэта можа падштурхнуць улады да нейкага супольнага святкавання.

Я зычу, каб у дзень 100-годдзя БНР у Менску сабраліся 100 тысяч беларусаў. Нават не супраць улады, не супраць дыктатуры, а на велізарнае свята стагоддзя аднаўлення нашай Незалежнасці.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках