Генадзь Фядыніч: Мне перашкаджаюць працаваць
7- 28.12.2017, 16:52
- 11,226
Улады прадаўжаюць устаўляць палкі ў колы незалежнаму прафзвязу РЭП.
Крымінальная справа супраць лідараў незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) «не забараняе Генадзю Фядынічу абараняць правы працоўных», сцвярджае Следчы камітэт Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».
Пра гэта гаворыцца ў адказе СК на адрас Беларускага кангрэсу дэмакратычных сілаў.
Тое, што робяць следчыя, накіраванае на вывучэнне ўсіх «за» і «супраць» у гэтай справе:
«У межах крымінальнай справы праводзяцца дзеянні збору доваднай базы, якія як выкрываюць, так і апраўдваюць кіраўнікоў Беларускага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці ва ўчыненні дзеяння, якія ім інкрымінуюцца. Ажыццяўленне папярэдняга расследавання не перашкаджае дзейнасці РЭП і накіраванае на ўстанаўленне ісціны паводле справы», - напісана ў адказе Следчага камітэта.
Кіраўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных сіл атрымалі адказ на свой зварот у Следчы камітэт 27 снежня.
Фядыніч не згодны з ацэнкай Следчага камітэта
Старшыня РЭП Генадзь Фядыніч сказаў «Свабодзе», што ён не згодны з высновамі кіраўніцтва Следчага камітэта.
«Ну як жа не перашкаджае?! Кампутары нам дагэтуль не вярнулі. Мне забаронена выязджаць за мяжу», - кажа прафсаюзны кіраўнік.
У пачатку лістапада Следчы камітэт не даў Фядынічу дазволу выехаць у Жэневу на сустрэчу лідараў міжнароднага аб'яднання прафзвязаў прамысловых рабочых IndustriALL, які ахоплівае 50 мільёнаў чалавек у 140 краінах.
Генеральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс раней напісаў ліст-зварот у Следчы камітэт. Улічваючы абмежаванні ў перамяшчэнні Фядыніча, звязаныя з дадзенай ім падпіскай аб нявыездзе, міжнародная арганізацыя давала гарантыі своечасовага вяртання Фядыніча ў Беларусь.
Са слоў кіраўніка РЭП, на люты 2018 года плануецца прыезд у Беларусь дэлегацыі міжнароднага прафзвязу.