26 красавiка 2024, Пятніца, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць фактаў пра новую клініку Лукашэнкі за €100 мільёнаў

84
Пяць фактаў пра новую клініку Лукашэнкі за €100 мільёнаў

Як выглядае VIP-клініка для чыноўнікаў на фоне іншых медыцынскіх устаноў.

Будаўніцтва Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра ў Ждановічах падыходзіць да канца. Яшчэ крыху — і ён расчыніць свае дзверы перад высокапастаўленымі наведвальнікамі. Каб здаць элітны шпіталь да Новага года, з іншых аб'ектаў перакідваюць мільёны даляраў.

«Салідарнасць» сабрала 5 фактаў пра гэты ўнікальны ва ўсіх сэнсах аб'ект і параўнала яго з іншымі медустановамі краіны.

Факт 1. Указ аб будоўлі ў Ждановічах Лукашэнка падпісаў у 2015 годзе, клініку ў мікрараёне Паўночны запланавалі ў 2010-м, будаваць не пачалі дагэтуль.

«Невялікі кампактны цэнтр», як ахарактарызаваў яго ў пачатку будаўніцтва Аляксандр Лукашэнка, вырас даслоўна на вачах. Спатрэбілася ўсяго два гады, каб гэты «сціплы» будынак плошчай 18 000 м2 гатовы быў прыняць сваіх першых наведвальнікаў. Здача бальніцы прызначаная на 31 снежня.

А вось з іншымі будоўлямі ў нас справа ідзе не так бадзёра. Колькасць лякарняў у Менску застаецца нязменнай ужо трыццаць гадоў, з 1987 года ў сталіцы не з'явілася НІВОДНАЙ новай клінікі. Толькі 2-і гарадскі шпіталь пераехаў у новыя карпусы.

Яшчэ ў 2010 годзе ў мікрараёне Паўночны было запланаванае будаўніцтва новай клінікі для горада. Распрацаваны архітэктурны праект. Але будоўля дагэтуль так і не пачалася.

Факт 2. Лукашэнкаўскую клініку пабудавалі за два гады, шпіталь у Мёрах не могуць дабудаваць 25 гадоў.

Бадзёрай будоўлі ў Ждановічах вельмі моцна маглі б пазайздросціць жыхары Мёраў, якія чакаюць новую лякарню ўжо 25 гадоў. Недабудаваны корпус раённай лякарні шмат гадоў узвышаецца на ўскраіне горада. Некалькі разоў аднаўлялася будаўніцтва і спынялася. Прычына — нястача грошай у раённым бюджэце.

Цяпер аддзяленні шпіталю ў Міёрах — а гэта 11 будынкаў — раскіданыя па ўсім горадзе. Некаторыя з іх — равеснікі стагоддзя, як, напрыклад, будынак радзільнага аддзялення, дзе няма нават аперацыйных і рэанімацыі і толькі адзін санвузел.

Яшчэ адзін даўгабуд — гарадская лякарня імя Сямашкі ў Воршы. Тэрміны здачы 10-павярховага будынка пераносілі некалькі разоў. Будоўлю, распачатую ў 2012 годзе, некалькі разоў кансервавалі.

Факт 3. Будаўніцтва лукашэнкаўскай клінікі каштавала 100 млн еўра, рэканструкцыя 9 клінікі ў Менску — у 10 млн рублёў.

Яшчэ перад пачаткам будоўлі было заяўлена, што «невялікі кампактны цэнтр» у Ждановічах каштавацьме 100 млн еўра. Каб параўнаць, шмат гэта або мала, дастаткова зірнуць, колькі выдаткоўваецца на будаўнічыя працы іншых медыцынскіх аб'ектаў.

Вядома, напрыклад, што рэканструкцыя галоўнага корпуса 9-й гарадской клінічнай лякарні з прыбудовай кардыяхірургічнага аперацыйнага блоку і блока трансплантацыі ствалавых клетак каштавала гораду 4 млн бюджэтных і 6,84 млн крэдытных рублёў. Рэканструкцыя 11-й гарадской лякарні з будаўніцтвам новага корпуса —15 млн рублёў, паведамляюць naviny.by.

Факт 4. Лукашэнкаўскую клініку будавалі за кошт бюджэту, на шпіталь у Гомелі папрасілі скінуцца грамадзян.

Як гэта звычайна здараецца са «сціплымі лукашэнкаўскімі аб'ектамі», грошы на іх хутка заканчваюцца. Ужо ў лістападзе 2014 года стала вядома, што будаўнікоў клінікі дадаткова прастымулююць. А потым яшчэ. І яшчэ. Заўважым, што сродкі знаходзяцца адразу і без пытанняў. Натуральна, у бюджэце.

У адрозненне, напрыклад, ад Гомельскай абласной дзіцячай лякарні. Доўгі час грошай на яе будаўніцтва папросту не ставала. У выніку было абвешчана, што будаваць шпіталь будуць паводле прынцыпу з кожнага патроху. На сайце Міністэрства аховы здароўя па-ранейшаму вісіць паведамленне аб «зборы сродкаў для дзіцячай лякарні» ў Гомелі.

Лукашэнка нават асабіста заклікаў насельніцтва сабрацца.

— Я гатовы свой заробак аддаваць. Трэба збіраць патроху, каб гэта была агульнанародная будоўля, а не спадзявацца толькі на рэспубліканскі бюджэт, — заявіў ён у чэрвені 2016 года.

Высакародна, ці не так?

Факт 5. «Тут такая прыгажосць будзе» — «Як такое магчыма ў XXI стагоддзі?»

Каб зразумець, наколькі неабходная новая лякарня ў Гомелі, дастаткова зірнуць на фота, якія вось ужо шмат гадоў выкладалі наведвальнікі старой клінікі, пытаючыся: «Як такое магчыма ў XXI стагоддзі?» Час ад часу праблемы спрабуюць схаваць касметычным рамонтам, аднак зрабіць яго ва ўсіх аддзяленнях сродкаў не стае. Пра медустановы ў маленькіх населеных пунктах казаць нават не выпадае.

Аднак улады пастанавілі, што клініка для чыноўнікаў значна больш патрэбная за дзіцячы шпіталь у Гомелі. На прыгажосць не пашкадавалі. Новая прэзідэнцкая клініка размешчаная ў сасновым бары побач з вадасховішчам Дразды. На пляцы плошчай 12,14 га наводзяць апошні марафет. Работнікі УП «Зелянбуд» ужо высадзілі дрэвы і кусты. Засталося толькі навесці глянец перад уваходам у будынак і на пад'ездзе да яго.

— Гэта далёка не ўсё! Калі высадзім усё, што запланаваў архітэктар, — тут такая прыгажосць будзе! — распавяла ў інтэрв'ю TUT.BY адная з работніц.

Можна не сумнявацца, што прыгажосць для слуг народа ў прэзідэнцкай лякарні будзе неапісальная. Ні раўня той, якую можна назіраць у лякарнях, дзе лечыцца просты люд.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках