26 красавiка 2024, Пятніца, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маленькімі перамогамі наблізім Беларусь да свабоды

1
Маленькімі перамогамі наблізім Беларусь да свабоды
ВОЛЬГА НІКАЛАЙЧЫК

ААН падтрымлівае барацьбу за дэмакратыю ў нашай краіне.

8 снежня гомельскі юрыст Леанід Судаленка атрымаў паведамленне аб рэгістрацыі BLR (245) 3056/2017 у Камітэце правоў чалавека ААН індывідуальнай скаргі вядомай актывісткі з Менска Вольгі Нікалайчык. На міжнародным узроўні актывістка заявіла пра сістэматычны пераслед і парушэнні права на свабоднае выказванне ўласнай думкі падчас мірных сходаў, піша gomelspring.org.

Цяпер беларускаму ўраду давядзецца шукаць адказы на пытанні, чаму дзяржава пераследуе сваіх грамадзян толькі за тое, што яны выказваюць свае меркаванні наконт тых ці іншых праблем грамадскага жыцця.

Нагадаем, за ўдзел цягам 2016 года ў розных несанкцыянаваных акцыях пратэстаў у Менску Вольгу Нікалайчык неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе вялікіх штрафаў. Усяго гадавая сума штрафаў склала 2 940 рублёў або каля 1 500 даляраў ЗША.

23 сакавіка 2016 года суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Эдуард Мацкевіч выпісаў Вользе максімальны штраф - 10 050 000 недэнамінаваных рублёў штрафу толькі за тое, што яна разам з іншымі ўдзельнічала ў акцыі на праспекце Незалежнасці, дзе трымала плакат «Дзе Ганчар, дзе Захаранка, дзе Красоўскі, дзе Завадскі?». Гэты ж плакат Нікалайчык разам з Максімам Вінярскім размясцілі каля манумента «Плошча Перамогі» ў Менску, за што суддзя суда Партызанскага раёна Менска Дзмітрый Супрун 13 чэрвеня прысудзіў яе да штрафу сумай 8 400 000 недэнамінаваных рублёў.

25 жніўня 2016 года суддзя суда Ленінскага раёна Менска Юлія Кавяка таксама выпісала спадарыні максімальны штраф - 1050 новых рублёў за тое, што яна разам з іншымі ля суду брала ўдзел у акцыі ў падтрымку палітвязня, трымаючы ў руках плакат «Свабоду Пальчысу, тут судзяць нашую гісторыю!».

«Я вельмі рада, што хоць у кагосьці ў свеце ёсць цікавасць да нашай краіны. Спадзяюся, што на міжнародным узроўні беларускай уладзе дадуць тую ацэнку, якую яна безумоўна заслугоўвае. З дапамогай вось такіх маленькіх спраў мы абавязкова наблізім нашу Беларусь да свабоды, да дэмакратыі. Асаблівая падзяка Леаніду Судаленку, які ўзяўся за маю справу і давёў яе да Камітэта правоў чалавека ААН», - адзначыла ў каментары Вольга Нікалайчык.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках