26 красавiка 2024, Пятніца, 5:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расею пазбавілі яшчэ аднаго золата Алімпіяды ў Лондане

9
Расею пазбавілі яшчэ аднаго золата Алімпіяды ў Лондане
Фото: getty images

Зборная Расеі страціла 12-ы медаль Алімпійскіх гульняў у Лондане.

Расейская бягуння Марыя Савінава-Фарносава пастановай Спартыўнага арбітражнага суда (CAS) у Лазане пазбаўленая залатога медаля Алімпіяды-2012 у бегу на 800 метраў і дыскваліфікаваная на чатыры гады за парушэнне антыдопінгавых правілаў, паведамляе прэс-служба CAS.

Тэрмін дзеяння дыскваліфікацыі вылічаецца з 24 жніўня 2015 года. Спартоўка пазбаўляецца ўсіх узнагародаў, заваяваных у перыяд з 26 ліпеня 2010 года да 19 жніўня 2013 года, у тым ліку залатога медаля ў бегу на 800 метраў Алімпійскіх гульняў – 2012 у Лондане, адзначае "Інтэрфакс".

"На падставе дакладных доказаў, у тым ліку фактычных звестак біялагічнага пашпарта, Марыя Савінава-Фарносава абвінавачаная ва ўжыванні допінгу ў перыяд з 26 ліпеня 2010 года да 19 жніўня 2013 года і, адпаведна, прызнаная вінаватай у парушэнні правілаў IAAF", – гаворыцца ў пастанове CAS.

У лістападзе 2016 года незалежная камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) рэкамендавала Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі (IAAF) пажыццёва дыскваліфікаваць пяцярых расейскіх лёгкаатлетаў, чатырох трэнераў і аднаго лекара. У спісе фігуравала Савінава-Фарносава, а таксама Кацярына Паістогава, якая заваявала ў Лондане-2012 бронзавы медаль у забегу на 800 метраў.

Таксама ў гэтым спісе значацца Анастасія Баздырава, Крысціна Угарава, Таццяна Мязіна, Уладзімір Мохнеў, Уладзімір Казарын, Аляксей Мельнікаў, Віктар Чэгін і лекар зборнай Расеі ў лёгкай атлетыцы Сяргей Партугалаў.

Пасля пастановы CAS пра ануляванне ўсіх вынікаў лёгкаатлеткі Марыі Савінавай зборная Расеі страціла 12-ы медаль Алімпійскіх гульняў у Лондане. Сем медалёў зборная Расеі страціла пасля пераправеркі допінг-спробаў Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках