26 красавiка 2024, Пятніца, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Скрыпка: Дома я хаджу ў беларускай вышыванцы

Алег Скрыпка: Дома я хаджу ў беларускай вышыванцы
АЛЕГ СКРЫПКА
ФОТА: SVABODA.ORG

Беларусь – краіна нумар адзін у планах лідара гурту «Воплі Відаплясава».

На ўчорашнім канцэрце ў Менску гурт «Воплі Відаплясава» выступіў разам з беларускім дзіцячым хорам «Сунічка». Пра блізкасць беларускай і ўкраінскай культур, сваё паходжанне з-пад Гомеля і ўласную беларускую вышыванку Алег Скрыпка распавёў «Радыё Свабода» перад пачаткам канцэрту.

Пра стаўленне да затрымання і дэпартацыі Жадана

«Гэта гарачае і палітычнае пытанне. Але гэта вельмі непрыемна. Давайце лепш гаварыць пра тое, што зможа зблізіць Беларусь і Украіну».

Толькі ў канцы прэсавай канфэрэнцыі Скрыпка вярнуўся да гэтага пытання. Дэпартацыю і забарону на ўезд у Беларусь для Сяргея Жадана ён лічыць прыкрай сітуацыяй, якая не пойдзе ў плюс беларускай дзяржаве.

«Сілавыя органы былі вымушаныя так сябе паводзіць, — сказаў Скрыпка. — Я думаю, яны ўжо шкадуюць пра гэта. Сам Сяргей Жадан шмат робіць для збліжэння Беларусі і Украіны. А хто кажа пра тэрарыстаў — на рабаўніку і шапка гарыць».

Паводле Скрыпкі, пакуль паміж беларускай і ўкраінскай уладай няма сапраўднай супрацы ў культурнай сферы. Менавіта на такіх літаратарах, як Жадан, трымаюцца міжкультурныя стасункі.

Пра беларускую мову

Скрыпка думае заснаваць міжнародны фестываль, дзе былі б прадстаўленыя нацыі, чые мовы падобныя да ўкраінскай. Працоўная назва гэтага фестывалю — «Без перакладчыка».

«Беларуская мова ў гэтым спісе — нумар адзін», — сказаў Скрыпка.

Пасля беларускай мовы ў шэрагу падобных да ўкраінскай, паводле Скрыпкі, ідуць славацкая і польская. А вось расейская мова не такая блізкая да ўкраінскай.

«У Расеі мяне не разумеюць», — сказаў Скрыпка. З беларускімі журналістамі ўсю прэсавую канферэнцыю ён размаўляў па-ўкраінску.

Таксама Скрыпка адзначыў, што яго цешаць прадстаўнікі ад Беларусі на Еўравізіі. Еўрапейскі музычны конкурс пройдзе сёлета ў Кіеве,

«Упершыню на Еўравізіі будзе лунаць беларуская мова, — сказаў Скрыпка. — Мы зайздросцім вам».

Пра беларускае паходжанне

Скрыпка нагадаў пра сваё беларускае паходжанне. Не так даўно ён даведаўся ад свайго бацькі, што іхны род мае беларускія карані. А сам Скрыпка на чвэрць беларус.

Ягоны прапрадзед, «харызматычны дзядзька», пераехаў ва Украіну з-пад Гомеля. Ён заснаваў хутар на Палтаўшчыне. Адтуль паходзіць ягоная бабуля-беларуска.

«Мой бацька — напалову беларус. — Па беларускай лініі ў мяне ёсць родзічы».

Пра ўласную беларускую вышыванку

Скрыпка не лічыць вышыванку перажыткам нацыяналізму. З ягоных словаў, ва Украіне зараз мода не столькі на вышыванку, колькі на арнамент увогуле.

«У нас робяць прыгожыя сучасныя вышыванкі, гэта не музейны нафталінавы атрыбут, — сказаў Скрыпка. — Дома я хаджу ў вышыванцы».

Сярод дзвюх хатніх вышыванак Скрыпкі адна беларуская. Ільняную кашулю з беларускім арнаментам музыка набыў у сувэнірнай краме ў Беларусі.

Пра ўкраінскую свядомасць

У дзяцінстве Скрыпка з сям’ёй жыў у розных кутках Савецкага Саюзу. Калі яму было 16 год, ён запісаўся украінцам. Але гэта было неасэнсаваная пастанова, кажа музыка. Пасля гэтага ён мог бы стаць расейцам, лічыць Скрыпка. Гэта магло б адбыцца, каб ён адвучыўся ў расейскім інстытуце, куды збіраўся паступаць.

Свядомым украінцам Алег Скрыпка стаў у 30 год — калі ён жыў у Францыі.

«Я стаў вывучаць францускую мову і зразумеў, што мову можна вывучыць. Тады я стаў вывучаць украінскую».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках