28 красавiка 2024, Нядзеля, 4:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

EADaily: Электарат Лукашэнкі выйшаў на марш

19
EADaily: Электарат Лукашэнкі выйшаў на марш
ФОТА: SVABODA.ORG

Па беларускіх гарадах пракацілася хваля пратэстаў супраць падатку на «дармаедаў».

Мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. На «Марш абураных беларусаў» выйшла некалькі тысяч чалавек. Для Менска гэта стала самым масавым апазіцыйным мітынгам з 2010 года. Паўмільённы Гомель не бачыў такіх акцый пратэсту з пачатку 90-х гадоў. Для ўлады выступы ў рэгіёнах сталі поўнай нечаканасцю. На вуліцы выйшаў абураны ўчорашні электарат Лукашэнкі. Апазіцыя абяцае новыя яшчэ больш масавыя акцыі пратэсту, піша экспэрт Вышэйшай школы эканомікі Зміцер Балкунец на сайце eadaily.com.

У 2015 годзе Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», паводле якога беспрацоўныя грамадзяне абавязаны кампенсаваць дзяржаве выдаткі на сацыяльнае забеспячэнне сумай прыкладна $200 на год. За ўхіленне ад выплаты падатку належыць штраф і адміністрацыйны арышт. Паведамленні з падатковай атрымалі блізу 470 тысяч беспрацоўных грамадзян. Паводле афіцыйных звестак, узровень беспрацоўя ў рэспубліцы - адзін з самых нізкіх у свеце і не перавышае 1%. Пры гэтым рэальнае беспрацоўе складае блізу 15%. Акрамя таго, многія прадпрыемствы працуюць няпоўны тыдзень, бо ёсць праблема са збытам прадукцыі.

На пачатак лютага падатак заплацілі блізу 10% грамадзян, якія атрымалі падатковыя паведамленні. Усяго паступленні склалі блізу $7,5 млн. Выдаткі на збор гэтых сродкаў значна перавысілі атрыманую выгаду, асабліва калі падлічыць працоўныя выдаткі на падрыхтоўку і рассылку падатковых лістоў.

Калі ўводзілі падатак, Лукашэнка хацеў абкласці данінай тых грамадзян, якія зарабляюць у Расеі. Паводле самых сціплых падлікаў, на заробкі ў Расею з'ехала блізу 500 тысяч беларусаў, дзясяткі тысяч - у ЕЗ. Беларускія грамадзяне часцей за ўсё працуюць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Краснадарскім краі, на Крайняй Поўначы і Далёкім Усходзе, уключаючы Сахалін. У асноўным яны занятыя ў будаўніцтве, але працуюць таксама і ў сферы IT, у прамысловасці, сувязістамі, ахоўнікамі, кіроўцамі; жанчыны - хатнімі прыслужніцамі, афіцыянткамі, прадавачкамі і т. д. Многія працуюць у цяжкіх умовах на будоўлях без належнага афармлення, пенсійных і сацыяльных адлічэнняў. Жывуць у бытоўках, эканомяць як могуць, а ўсе заробленыя грошы вязуць дадому на ўтрыманне сям'і. У раённых цэнтрах на заробкі з'язджаюць цэлымі сем'ямі, кідаючы жонак і пакідаючы дзяцей на выхаванне бабулям.

У чэрвені 2016 года Камітэт нормаў і стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў беларускія ўлады адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы і спыніць гвалтоўнае спагнанне з грамадзян «падатку на дармаедства». У Глабальным індэксе правоў працоўных 2016 года, падрыхтаваным экспэртамі Міжнароднай канфедэрацыі прафзвязаў, Беларусь знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе ў найгоршых умовах для працоўных, і ўваходзіць паводле гэтага крытэру ў дзясятку самых няўдалых краін свету.

Падатак на «дармаедаў» закрануў амаль кожную трэцюю беларускую сям'ю. Паведамленні атрымалі інваліды, цяжарныя, зняволеныя, людзі перадпенсійнага ўзросту, якім звычайна складана знайсці працу. Патрабаванне скасаваць абсурдны падатак разам з агульным пагаршэннем эканамічнай сітуацыі можа стаць каталізатарам сацыяльнага выбуху ў краіне, згуртаваць і вывесці на вуліцы значную колькасць людзей. Для ўлады пайсці на скасаванне падатку - прызнаць сваю паразу; у той жа час разгон акцый пратэсту прывядзе да ўскладнення стасункаў з Захадам.

За некалькі дзён да акцый пратэстаў галоўны рэдактар апазіцыйнай газеты «Народная Воля» Іосіф Сярэдзіч на сустрэчы з Лукашэнкам прапанаваў яму пайсці шляхам Ярузэльскага і правесці нацыянальны круглы стол. Ідэю тут жа падхапілі ўсе лідары апазіцыі. Польскае МЗС паабяцала пазычыць вядомы прадмет мэблі з прэзідэнцкага палаца для правядзення беларускага «круглага стала» паміж уладай і апазіцыяй. Аналагічная прапанова была зробленая Кіеву падчас «аранжавай рэвалюцыі». Як бачым, новыя «сябры» Аляксандра Рыгоравіча на Захадзе гатовыя дапамагчы яму як хутчэй пакінуць трон.

Лукашэнка ўступіў у самы складаны перыяд у сваёй «кар'еры». Сапсаваныя стасункі з Масквой, няздольнасць развязваць пытанні з ключавым хаўруснікам, нарастанне ўнутранай нестабільнасці, страта даверу з боку электарату і наменклатуры ствараюць вялікія рызыкі для палітычнай будучыні. Сцэнар датэрміновага сыходу з ўлады набывае цалкам рэальныя рысы. Для беларускага дыктатара прыспеў час сур'ёзна заклапаціцца атрыманнем гарантый недатыкальнасці пасля сыходу.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках