27 красавiка 2024, Субота, 19:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Згадванне Трампа на расейскай ТВ паменшылася ў чатыры разы за два тыдні

14
Згадванне Трампа на расейскай ТВ паменшылася ў чатыры разы за два тыдні

Расейскія дзяржаўныя СМІ пачалі выконваць наказ Крамля.

РБК прааналізаваў згадванне Дональда Трампа ў расейскім тэлеэфіры пасля з'яўлення артыкула Bloomberg пра наказ дзяржаўным СМІ пакінуць хваліць Трампа. За апошнія два тыдні расейская ТВ стала згадваць прэзідэнта ЗША ў чатыры разы радзей.

Трампа забываюць

РБК правёў аналіз мэдыяактыўнасці Дональда Трампа ў расейскім эфіры з дапамогай сістэм маніторынгу «Мэдыялогія» і «Телемаркер». Даследаваліся звесткі з дзевяці каналаў — «Первый канал», «Россия 1», «Россия 24», ТВ Цэнтр, «5 канал», НТВ, РБК-ТБ, Life і «Звезда». Улічваліся звесткі федэральных тэлеканалаў за тры нядзелі - 5,12,19 лютага, за поўныя 24 гадзіны эфіру з улікам магчымых паўтораў. Выбар нядзельных дзён для аналізу быў звязаны з тым, што на гэтых каналах ёсць блокі выніковых і аналітычных праграм. Гэта дазваляла выключыць асвятленне бягучых інфармацыйных нагод і чыннасці, звязанай з штодзённай дзейнасцю амэрыканскага прэзідэнта.

У выніку, паводле звестак «Мэдыялогіі», 5 лютага амэрыканскі прэзідэнт згадваўся ў эфіры 141 раз (на «Тэлемаркеры» — 153 разы), і часцей за ўсё — на тэлеканале Life. Да нядзельных выданняў 12 лютага абедзве сістэмы паказвалі зніжэнне колькасці згадак Трампа ў эфіры — да 116 паведамленняў паводле «Мэдыялогіі» і да 86 паведамленняў на «Телемаркеры». У эфіры 19 снежня імя Трампа прамаўлялася яшчэ менш — 35 (вымер «Телемаркеру») і 38 разоў («Мэдыялогія»). Гэта значыць, згадванне Трампа толькі за два тыдні зменшылася ў чатыры разы.

Першы намеснік рэдакцыйнага дырэктара холдынгу News Media Анатоль Сулейманаў сказаў, што канал не займаўся падлікам згадак пра Трампа ў эфіры. «Але калі ўжо хтосьці зафіксаваў штосьці такое, звязанае з падзеннем згадак пра Трампа, упэўнены, што гэта звязана з падзеннем колькасці цікавых навін, звязаных з амэрыканскім прэзідэнтам, найперш», — адзначыў суразмоўца РБК. Прадстаўнікі ВГТРК («Россия 1», «Россия 24») і «НТВ» ад каментароў адмовіліся. «Первый канал», «ТВ Цэнтр», «Звезда» на запыт РБК не адказалі.

Разварот рыторыкі

Разам са зніжэннем згадвання пра Трампа ў эфіры дзяржаўных каналаў стаў таксама з'яўляцца асцярожны скепсіс у дачыненні да яго.

«Трамп пачаў адкочвацца на старыя пазіцыі і спаўзаць у рыторыку кабінета Абамы, — сказала Ірада Зяйналава ў праграме «Вынікі тыдня» ў эфіры НТВ 20 лютага. — І ў нейкім шалёным рытме пасыпаліся заявы — у пытанні Крыму Абама занадта мяккі, трэба развязваць праблему з Украінай, супрацоўнічаць у пытанні ІДзІЛ — але не ўмешваць у гэта Іран».

«І гэта нават не тое, каб мы так Вам верылі, таварыш Дональд. Не, будзем рэалістамі. Адзінае пакуль поле — гэта барацьба з тэрарызмам. Таму што барацьбой адзін з адным мы займаемся цалкам напружана», — прадоўжыла тэлевядоўца.

З тым жа самым пасылам і ў той жа дзень, 19 лютага, выступіў сенатар Франц Клінцэвіч. «Адзінае поле, дзе, на мой погляд, рэальна магчымыя супольныя дзеянні нашых краін, — і не калі-небудзь, а найбліжэйшым часам, — барацьба з радыкальным ісламскім тэрарызмам», — заявіў парламентарый ТАСС. З ягоных слоў, месяц пасля інаўгурацыі Трампа не зняў старыя праблемы ў стасунках дзвюх краін: спрэчкі вакол дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці, тэма антырасейскіх санкцый і гэтак далей.

Трамп і ягоная суполка пачалі мяняць сваю рыторыку ў дачыненні да Расеі, таму расейскім праўладным СМІ трэба пазначыць у дачыненні да новага амэрыканскага прэзідэнта нейкі скепсіс і знізіць ягонае згадванне, пракаментаваў РБК палітолаг Абас Галямаў.

«Недарэчы далей хваліць чалавека, які вуснамі свайго прэс-сакратара запатрабаваў вярнуць Крым. З самага пачатку было ясна, што публічная стаўка на Трампа — памылка, — разважае экспэрт. - Так, ён выкарыстаў пазітыўную рыторыку ў дачыненні да [прэзідэнта Расеі Уладзіміра] Пуціна, каб прадэманстраваць свайму выбаршчыку: «Глядзіце, я не такі як уся амэрыканская эліта. Яны Пуціна лаюць, а я хвалю». Ужо тады было відавочна, што Трамп заўсёды размяняе тэму Расеі, калі наважыць, што яму трэба з элітай дамаўляцца».

Праблема раптоўнай змены стаўлення дзяржаўнай тэлевізіія да Трампа звязаная з нізкай якасцю афіцыйнай экспэртызы, мяркуе Аляксей Малашэнка, кіраўнік даследаванняў у Інстытуце дыялогу цывілізацый.

«Пярэрва з згадваннем Трампа звязаная з разгубленасцю і непрафесійнасцю, якім грэшыць афіцыйная экспэртыза. Афіцыйныя экспэрты спрабавалі рэагаваць на кожны яго пазітыўны ўдых [у дачыненні да Расеі] — гэта прымітыўная прапаганда, — мяркуе экспэрт. — Думаю, што «палітычны сэкс» скончыўся, а далей стаўленне ўлады да Трампа будзе залежаць ад ягоных далейшых дзеянняў».

Наказы Крамля

У сярэдзіне лютага Bloomberg паведаміў са спасылкай на тры крыніцы пра наказ дзяржаўным СМІ пакінуць хваліць Трампа. Журналісты звязалі гэты загад з асцярогай расейскіх улад з нагоды таго, што новая адміністрацыя ЗША будзе ставіцца да Расеі горш, чым чакалася раней.

Пра гэта ж пісаў журналіст Канстанцін Эгерт у калонцы на сайце нямецкага выдання Deutsche Welle. «Знаёмка, якая працуе ў холдынгу ВГТРК — у яго ўваходзіць тэлеканал «Россия» — распавяла мне: 15 лютага рэдакцыя атрымала наказ кіраўніцтва (якое, у сваю чаргу, відавочна, праінструктаваў Крэмль). Сутнасць яго зводзіцца да кароткай фразы: «Трампа больш няма», — пісаў Эгерт.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў назваў гэтыя паведамленні «качкамі». «Ляцяць качкі», — заявіў ён выданню «Газета.ru».

Федэральны чыноўнік на ўмовах ананімнасці сказаў РБК, што высокую цікавасць тэлевізіі да амэрыканскай палітыкі была выкліканая выбарамі прэзідэнта ЗША, параза Гілары Клінтан, затым фармаванне прэзідэнцкай адміністрацыі. А калі гэтыя працэсы скончыліся, то пайшла на спад і цікавасць гледачоў да амэрыканскай палітыкі.

Трамп папулярнейшы за Пуціна

Аб тым, што новы прэзідэнт ЗША ўзначаліў рэйтынг самых згадваных асоб у расейскай прэсе, 1 лютага паведаміў «Інтэрфакс». Паводле звестак сістэмы комплекснага аналізу навін (СКАН), Трамп ў студзені гэтага года атрымаў больш за 202 тысячы спасылак у розных матэрыялах расейскіх СМІ палітычнай і фінансава-эканамічнай тэматыкі. Пры гэтым прэзідэнт Пуцін атрымаў толькі 147,7 тысяч спасылак. За апошнія некалькі гадоў гэта першы выпадак, калі найвышэйшы радок рэйтынгу застаецца не за Пуціным, адзначала агенцтва.

Любоў дзяржаўных каналаў да Трампа раней раскрытыкаваў ультрапатрыятычны рух НОД дэпутата ад фракцыі «Адзінай Расеі» Яўгенія Фёдарава. Актывісты НОД 15 лютага пікетавалі будынак «Расеі сёння» і крытыкавалі за «трампаманію» яе дырэктара Дзмітрыя Кісялёва. У адказ Кісялёў у нядзельным выданні «Вестак тыдня» ад 19 лютага раскрытыкаваў НОД.

«Вось, напрыклад, людзі ад дэпутата Дзяржаўнай думы Яўгенія Фёдарава нібы вандроўны цырк соўгаюцца па Маскве і вось зноў жа на гэтым тыдні ладзілі тлумна-млявы пікет супраць нібыта «трампаманіі». Лозунг — «Пуцін — наш прэзідэнт», нібы з гэтым нехта спрачаецца. Але ў той жа час — «Кісялёў — трампаман» — ужо як чыёсьці аўтарскае вынаходніцтва. Вось гэта я называю глупствам і інфармацыйным шумам», — заявіў Кісялёў.

Тым не менш, у апошнім нядзельным выданні «Вестак тыдня» з Дзмітрыем Кісялёвым асобнага сюжэту пра амэрыканскага прэзідэнта наогул няма.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках