26 красавiка 2024, Пятніца, 10:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Імпарт нафты ў Беларусь скараціўся на 20,8%

8
Імпарт нафты ў Беларусь скараціўся на 20,8%

Імпарт сырой нафты ў нашу краіну ў 2016 годзе скараціўся да 18,1 млн тон.

Пра гэта сведчаць апублікаваныя 20 лютага звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, паведамляе «Радыё Рацыя».

Агульны кошт імпартаванай сыравіны склаў 3,97 млрд даляраў (у 2015 годзе на куплю нафты было выдаткавана 5,7 млрд даляраў). Сярэдні кошт за тону нафты склаў 218,7 даляра супраць 247,3 даляра ў 2015 годзе.

Імпарт нафтапрадуктаў склаў 1,72 млн тон на агульную суму 565,5 млн даляраў, у колькасным вылічэнні аб'ём імпарту вырас на 4%. Сярэдні кошт імпартаваных нафтапрадуктаў склаў 329 даляраў за тону супраць 309 даляраў у папярэднім годзе.

Паводле звестак статыстыкі, Беларусь у 2016 годзе павялічыла пастаўкі нафты ў параўнанні з 2015 годам на 0,1% да 1 млн 617 тысяч тон, зарабіўшы 471,6 млн даляраў (зніжэнне на 18, 6%).

На экспарт пастаўлена 13 млн тон нафтапрадуктаў (на 22,7% менш, чым у 2015 годзе) на агульную суму больш за 4 млрд даляраў (зніжэнне ў вартасці за год на 40,4%).

Як паведаміў 17 лютага старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка, на дзейнасць арганізацый канцэрна ў 2016 годзе ўплывала зніжэнне паставак расейскай нафты і правядзенне Расеяй падатковага манеўру ў нафтавай сферы, пагаршэнне коштавай кан'юнктуры на рынках збыту, зніжэнне платаздолнасці пакупнікоў, рост кошту энэргарэсурсаў і курсавых розніц у фінансавых абавязаннях арганізацый канцэрна ў выніку дэвальвацыйных працэсаў.

Паводле слоў Ляшэнкі, падзенне экспарту абумоўлена двума асноўнымі чыннікамі: зніжэннем коштаў нафты ў 2016 годзе на 18,5%, што, у сваю чаргу, выклікала падзенне коштаў асноўных тавараў хімічнай галіны, а таксама абмежаваннем аб'ёму паставак расейскай нафты на перапрацоўку на беларускія НПЗ у другім паўгоддзі 2016 года, праз што пастаўкі нафтапрадуктаў на замежныя рынкі ў 2016 года знізіліся на 22,7%.

Перамовы паміж Масквой і Менскам аб умовах урэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжыліся практычна ўвесь 2016 год, аднак да канкрэтных вынікаў пакуль не прывялі.

Беларускія ўлады намагаюць таго, што кошт расейскага газу ў даляравым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым нязгодная расейская старана. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на няпоўную выплату Беларуссю кошту газу, расейскі ўрад прыняў пастанову скараціць пастаўкі нафты ў краіну.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках