26 красавiка 2024, Пятніца, 19:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Псіхіятры: У Казакевіча прызналі наяўнасць свядомасці, але гэта не значыць, што ён псіхічна здаровы

31
Псіхіятры: У Казакевіча прызналі наяўнасць свядомасці, але гэта не значыць, што ён псіхічна здаровы
УЛАДЗІСЛАЎ КАЗАКЕВІЧ
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Згодна з высновамі экспэртызы, маньяк з бензапілой напоўніцу ўсведамляў свае дзеянні і кіраваў імі ў момант учынення злачынства.

20 лютага пачаўся суд над Уладзіславам Казакевічам — маладзёнам, які бензапілой і сякерай засек адну жанчыну і параніў яшчэ дзвюх у ГЦ «Еўропа». У судзе абвінавачаны трымаецца абыякава і сцвярджае, што шкадуе толькі аб тым, што «мала забіў». Экспэрты прызналі Казакевіча здольным кіраваць сваімі дзеяннямі, аднак ягоныя жорсткія выказванні прымушаюць сумнявацца ў ягонай адэкватнасці. Як высветліў tut.by, высновы аб наяўнасці свядомасці не выключаюць псіхічнага разладу абвінавачанага.

Нагадаем, псіхолага-псіхіятрычная экспэртыза ў дачыненні да Казакевіча доўжылася блізу двух месяцаў. Падазраваны знаходзіўся ў спецаддяленні закрытага тыпу, які ўмовамі ўтрымання нагадвае следчы ізалятар. Камісія з экспэртаў-псіхолагаў і псіхіятраў гутарыла з маладзёнам і назірала за ягонымі паводзінамі, а таксама вывучала ягоную медыцынскую дакументацыю і матэрыялы крымінальнай справы.

Паводле высноваў экспэртызы, Казакевіч напоўніцу ўсведамляў свае дзеянні і кіраваў імі ў момант учынення злачынства, гэта значыць, быў пры свядомасці.

Пры гэтым у судзе абвінавачаны кажа страшныя рэчы, якія не прыйдуць на розум псіхічна здароваму чалавеку: што нікога не любіць, што хацеў забіваць «дзеля забавы», што шкадуе толькі аб малой колькасці ахвяр у ГЦ «Еўропа». Узнікае адчуванне, што ён альбо не зусім нармальны, альбо свядома хлусіць.

Вядомы расейскі псіхіятр-крыміналіст, прафесар псіхіятрыі Міхаіл Вінаградаў, пацвердзіў, што высновы аб здольнасці Казакевіча кіраваць сваімі дзеяннямі ў момант злачынства не выключаюць у яго псіхічнага захворвання.

— Пры розных формах псіхічнага разладу чалавек можа ўсведамляць свае дзеянні, кіраваць імі. У такім выпадку ён падлягае звычайнаму суду.

Вінаградаў мяркуе ў Казакевіча млявапраяўную шызафрэнію з перыядычнымі абвастрэннямі. Таксама ён мяркуе, што абвінавачаны не ўтрымаецца ад агрэсіі і ў калоніі, калі суд яго туды адправіць. Нагадаем, за напад на ГЦ «Еўропа» маладзёну пагражае да 17 гадоў пазбаўлення волі.

— Людзі, якія ўчыняюць злачынствы, дзейнічаюць паводле стэрэатыпу. Гвалтаўнік адсядзіць свой вялікі тэрмін і праз кароткі час зноў пачынае гвалтаваць. Злодзей таксама вяртаецца да крадзяжу. У кожнага чалавека ёсць стэрэатып паводзін. Толькі ў адных выпадках гэтыя стэрэатыпы антысацыяльныя, і тады гаворка ідзе аб турме, а ў іншых — сацыяльныя. Чалавек, які штосьці вынаходзіць, будзе вынаходзіць усё жыццё, — тлумачыць Вінаградаў.

Абыякавая манера трымацца і цынічныя прызнанні Казакевіча ў судзе псіхіятр схільны разглядаць як асаблівасці паталагічнай асобы.

— Ці гэта псіхапат па-ранейшаму (цяпер тэрмін «псіхапатыя» прыбралі), ці гэта хворы на шызафрэнію з перыядычнымі абвастрэннямі. І тое, і іншае патрабуе ягонай поўнай ізаляцыі ад грамадства.

Нагадаем, у судзе высветлілася, што ў 2014 годзе Казакевіч трапіў на лячэнне ў РНПЦ псіхічнага здароўя пасля дзвюх спробаў суіцыду. Яму паставілі два дыягназы: умераны дэпрэсіўны эпізод і разлад асобы. У тым жа годзе падлетак стаў жыць адзін — маці з'ехала ў Нямеччыну, а бацька, які застаўся ў Менску, наведваў яго.

Вінаградаў адзначае, што падлетак, які ўчыніў спробу самагубства, заўсёды павінен быць пад наглядам дарослых, без нагляду яго пакідаць нельга.

— Сям'я можа распазнаць прыкметы будучых сацыяльна-небяспечных паводзінаў, але на справе большасць не надае сур'ёзнага значэння такім рэчам, як агрэсія або нават размовы пра самагубства, — кажа Вінаградаў. Ён раіць паказваць дзіця псіхолагу ва ўсіх выпадках жорсткіх або незвычайных паводзінаў.

Вольга Буханоўская, галоўная лекарка растоўскага Лячэбна-рэабілітацыйнага навуковага цэнтра «Фенікс» імя А. А. Буханоўскага (экспэрт-псіхіятр, які раскрыў Чыкацілу. — Заўв.), схільная меркаваць ва Уладзіслава Казакевіча шызафрэнічны працэс.

— Нездарма гэты адасоблены лад жыцця і некалькі спробаў суіцыду, і своеасаблівы спосаб забойства людзей, які не мае пад сабой логікі, — пералічвае яна. — І вельмі своеасаблівае фармаванне нянавісці паводле нацыянальнай прыкметы (Казакевіч прызнаваўся, што вясной-летам 2016 года планаваў «зладзіць буйны тэракт, забіваць кітайцаў і мусульман». — Заўв.), якое мы назіраем у шэрагу пацыентаў як на фоне шызафрэнічнай дэпрэсіі, так і за кошт пэўных парушэнняў мыслення пры гэтым разладзе.

Вольга Буханоўская нагадала гісторыю нарвежскага тэрарыста Андэрса Брэйвіка, які быў прызнаны ў стане свядомасці і цяпер сядзіць у турме.

— Ёсць пункт гледжання шэрагу псіхіятраў (хутчэй за ўсё, ён правільны), што ў яго ёсць перажыванні, звязаныя з шызафрэнічным працэсам. Жаданне забіць не выходзіць з ягонага светапогляду і ягонай асобы, а з таго, што ён хворы, — кажа Буханоўская.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках