27 красавiка 2024, Субота, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі сталі на абарону Трактарнага паселішча

21
Менчукі сталі на абарону Трактарнага паселішча
ФОТА: TUT.BY

Гараджане збіраюць подпісы пад просьбай не руйнаваць Трактарнае паселішча.

Менчукі пачалі збор подпісаў пад петыцыяй супраць руйнавання Трактарнага паселішча і надання яму статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. Петыцыю плануюць перадаць у Менгарвыканкам і адміністрацыю Лукашэнкі, піша tut.by.

У тэксце петыцыі аўтары просяць перагледзець пастанову Менгарвыканкама аб руйнаванні двухпавярховых жылых дамоў у селішчы Трактарнага завода.

«Пастанова аб руйнаванні была прынятая ва ўмовах адсутнасці ў паселішча статусу помніка архітэктуры, але звяртаем вашую ўвагу на тое, што меркаванні чыноўнікаў і грамадскасці (у тым ліку экспэртаў і вялікай часткі тутэйшых жыхароў) у гэтым пытанні кардынальна разышліся. Экспэрты (слынныя архітэктары, гісторыкі, дзеячы культуры, турызму) сцвярджаюць, што селішча Трактарнага завода, збудаванае ў канцы 1940-х - пачатку 1950-х гадоў, з'яўляецца ўнікальным узорам савецкага прадуманага горадабудаўнічага падыходу, сімвалізуе клопат дзяржавы аб працаўніках завода. Усе збудаванні паселішча ў комплексе - дбайна складзены ансамбль, у якім улічана ўсё: ад упрыгожанняў дамоў ды павярховасці кожнага з будынкаў, што стварае ўтульныя, арыентаваныя на чалавека варункі для бытавання», - гаворыцца ў петыцыі.

Аўтары ўпэўнены, што калі разбурыць паселішча, то места страціць адзін з самых цікавых, як з гістарычнага, так і з эстэтычнага пункта гледжання, куткоў.

«Заклікаем перагледзець пытаннк аб наданні паселішчу Трактарнага завода (ці асобнай яго частцы) статусу архітэктурнага/гістарычнага помніка, што спрыяла б захаванню архітэктурнага аблічча горада і яго развіццю як турыстычнае зоны», - просяць аўтары петыцыі.

Нагадаем, пытанне руйнавання квартала двухпавярховых дамоў, размешчанага ў межах вуліц Клумава, Шчарбакова і Чабатарова, некалькі гадоў абмяркоўвалася гарадскімі архітэктарамі, праект мянялі або адкладалі на час праз адсутнасць фінансавання. У выніку пастанова была прынятая, і руйнаваць дамы пачнуць ужо найбліжэйшым часам. На месцы двухпавярховікаў маюць з'явіцца новыя жылыя дамы не вышэйшыя за 7 паверхаў. Гарадскія актывісты наважылі прывабіць да гэтага пытання ўвагу праз бясплатныя экскурсіі па селішчы, якія сабралі некалькі соцень менчукоў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках