28 красавiка 2024, Нядзеля, 17:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацькі вучняў 74-й гімназіі распавялі пра няпростыя стасункі з параненай настаўніцай

50
Бацькі вучняў 74-й гімназіі распавялі пра няпростыя стасункі з параненай настаўніцай
ФОТА: СЯРГЕЙ ПУШКІН

Даць паказанні на судзе прыйшлі бацькі, якіх не выклікалі на працэс.

Другі тыдзень у закрытым працэсе ў Менскім гарадскім судзе судзяць 15-гадовага. Д., які напаў на настаўніцу з нажом і нанёс ёй 17 удараў. Ужо дапыталі пацярпелую, настаўнікаў, аднакласнікаў падлетка. У сераду ў суд прыйшлі тыя, хто не быў уключаны ў спіс сведак, але захацеў выказацца, паведамляе tut.by.

Зараз у Менскім гарадскім судзе разглядаюць адразу дзве гучныя справы. У адной залі знаходзіцца абвінавачаны. Д., у суседняй — Улад Казакевіч, які ўчыніў напад на ГЦ «Еўропа». Прысутнічаць на працэсе гімназіста нельга, суд праходзіць у закрытым рэжыме, усе ўдзельнікі далі падпіску аб невыдаванні інфармацыі.

Пацярпелая настаўніца, яе калегі са сталічнай гімназіі №74 адмовіліся ад любых каментароў, спаслаўшыся на тое, што «80% напісанага ў СМІ няпраўда», і паабяцалі выказацца адразу пасля прысуду. З улікам выстаўленага абвінавачвання, ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 139 «Замах на забойства», вучню пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У судзе ўжо выступілі аднакласнікі. Д., хтосьці сышоў з гімназіі пасля 9 класа ў іншую навучальную ўстанову, хтосьці працягнуў навучанне ў ліцэі, некаторыя засталіся ў гімназіі №74. Але многія працягваюць перапісвацца з. Д., які з траўня 2016 года знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарцы.

У сераду, 22 лютага, у Менскім гарадскім судзе з'явіліся бацькі аднакласнікаў, якіх не было ў афіцыйным спісе сведак. Яны былі дапытаныя падчас папярэдняга расследавання і захацелі выказацца на судовым працэсе.

— Я прыйшоў на суд з адной простай прычыны: важна не толькі ўсталяваць самога злачынцу, але і зразумець прычыны: чаму хтосьці накінуўся на настаўніцу? Гэта трэба зрабіць, каб заўтра не адбылося тое самае, — распавядае TUT.BY Ігар, у якога дзве дачкі вучыліся ў пацярпелай настаўніцы.

Каля залі судовых пасяджэнняў бацькі вучняў сталічнай гімназіі №74 успамінаюць, як няпроста складваліся іх адносіны з настаўніцай.

— Сын ніяк не мог заслужыць добрую адзнаку па расейскай мове, перад кожным урокам так перажываў, а пасля — выходзіў увесь мокры. І гэта ён, прафесійны спартовец, якога нічым не напалохаеш. Цяпер ён перайшоў у 10 клас, па расейскай мове іншы настаўнік і ацэнкі адразу змяніліся ў лепшы бок, — кажа Леанід, чыё дзіця цяпер працягвае вучыцца ў гімназіі. — Валянціна Уладзіміраўна выбірала некалькі чалавек і працавала ў асноўным з імі, рыхтавала на алімпіяды. Самае крыўднае: тваё дзіця маглі прылюдна прынізіць, у выразах настаўніца не саромелася.

Многія бацькі з класа асабіста знаёмыя з настаўніцай расейскай мовы і літаратуры, таму што прыходзілі разбірацца ў канфліктах з дзецьмі.

— Так вы скардзіліся куды-небудзь?

— Я хадзіў на прыём да дырэктара некалькі разоў, яна абяцала разабрацца, але ўсё заставалася на сваіх месцах. Гімназія з французскай мовай, такіх у Менску не шмат. Вось і цярпелі. Аднойчы бацькі падрыхтавалі ліст у кіраванне адукацыі, іх выклікала дырэктарка, перагаварыла, сказала: «Гэта мінус для нашай гімназіі». Ліст у ход не пусцілі, на год праблемы з Валянцінай Уладзіміраўнай зніклі, — кажа Ігар.

— Наша барацьба нагадвала барацьбу Дон Кіхота з ветракамі, усё было бескарысна. У канцы года я асабістай сказаў класнай: «Усё дрэнна скончыцца». Яна прасіла пацярпець. Хто ж ведаў, што так дрэнна скончыцца... — разводзіць рукамі Леанід.

Пакуль мы гутарылі ў Менскім гарадскім судзе з'явілася яшчэ чацвёра бацькоў аднакласнікаў. Д. Ужо дзве гадзіны яны чакаюць, што іх паклічуць у залю судовых пасяджэнняў, але пакуль стаяць на калідоры.

Усяго ў класе. Д. вучылася 19 чалавек, ужо 16 бацькоў гатовыя прыйсці на пасяджэнне, каб выказаць сваю пазіцыю.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках