25 красавiка 2024, Чацвер, 7:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Выхад Беларусі з «саюзнай дзяржавы» будзе карысны і Маскве, і Менску

10
Станіслаў Шушкевіч: Выхад Беларусі з «саюзнай дзяржавы» будзе карысны і Маскве, і Менску
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ

Стасункі паміж дзвюма краінамі павінны будавацца на ўзаемнай павазе, а не на пазёрстве дыктатараў.

Пра гэта першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў у інтэрв'ю расейскаму выданню «Коммерсантъ».

— Улічваючы пастанову Расеі пра арганізацыю памежнага кантролю і паведамленні СМІ пра магчымы выхад Беларусі з «саюзнай дзяржавы» і АДКБ, як можна ахарактарызаваць цяпер стасункі Масквы і Менска?

— Справа ў тым, што не трэба займацца пазёрствам. «Саюзная дзяржава» — гэта абсалютная лухта. Разумееце, гэта глупства, гэта пасадачныя месцы для непатрэбных людзей, якія выйшлі ў тыраж, як гаворыцца. Ніводны праект гэтай так званай «саюзнай дзяржавай» не зроблены, ніводнай карыснай справы ёй не зроблена. Гэта была палітычная акцыя, каб падтрымаць Лукашэнку — усе ворагі Расеі тут, а ён вялікі сябар. А цяпер высвятляецца, што ўсе нармальныя людзі, усе, як заўсёды, добра ставіліся да расейцаў, і ставяцца па-ранейшаму, і хочуць сябраваць з Расеяй. А Лукашэнка праводзіць дзікую эканамічную палітыку, якая заганяе Беларусь у запазычанасці, і ён баіцца яе змяніць, таму што гэта будзе пагражаць ягонай ўладзе. Таму пачынаецца пазёрства. Ён робіць вінаватай ва ўсім Расею — маўляў, Расея вінаватая ў тым, што ў Беларусі вялікая запазычанасць за газ, яна не хоча мяняць цану, каб дагадзіць Лукашэнку, таму Расея дрэнная. І ён усім паказвае, які ён незалежны, як ён з Масквой змагаецца. Глупства гэта, Расея можа яго імгненна паставіць на месца, наогул выкінуць з палітычнай калоды. І наогул, па-мойму, даўно ўжо пара Расеі гэта зрабіць.

— Якім вы бачыце будучыню расейска-беларускіх стасункаў з улікам гэтай гіганцкай запазычанасці?

— Я бачу будучыню беларуска-расейскіх стасункаў як годнае ўзаемадзеянне дзвюх незалежных дзяржаў, калі людзі адзін аднаго паважаюць і любяць. Ніякіх супрацьпаказанняў для гэтага не было і няма. Але ёсць тыя, хто шкодзіць вось такім стасункам.

— Але ці магчыма пагаршэнне стасункаў, абвастрэнне на фоне апошніх заяваў, падзей?

Уладзімір Пуцін ужо яму раз сказаў, што пара аддзяляць мух ад катлет. І тут ён павінен сказаць, што пара перастаць блытаць вашу дурноту і нашы дзеянні. Я не бачу ніякіх падстаў для абвастрэння. У Беларусі няма ворагаў Расеі, і не будзе сярод насельніцтва. А калі ёсць «лукашэнкі», трэба, напэўна, неяк да іх належным чынам паставіцца. Акрамя таго, вы задалі пытанне пра АДКБ. АДКБ — гэта парушэнне нашай Канстытуцыі. У нас імкненне да нейтральнасці, а АДКБ — гэта вайсковы саюз. Але Лукашэнка ва ўгоду Расеі на гэта пайшоў. А Расея яму ўсё даруе, яна апякуецца. Калі б не Расея, ён бы ўжо даўно не быў кіраўніком дзяржавы.

— Так, ёсць добрыя стасункі паміж грамадзянамі дзвюх краін, але цяпер палітыкі шмат у чым вызначаюць атмасферу. Якой гэтая атмасфера можа быць у выніку?

— Гэта ўсё пагражае некаторымі непрыемнасцямі. Але я думаю, невялікімі, таму што ў Беларусі такіх, як Лукашэнка, вельмі мала. І справа ў тым, што яны хочуць вельмі шмат чаго, атрымаўшы ўладу. Яны хочуць больш, чым дазваляе беларуская эканоміка і эфект іх кіравання. У Расеі істотна большая лібералізацыя эканомікі, чым у Беларусі. Лукашэнка будзе бравіраваць, рабіць выгляд, што ён незалежны. Але ён вельмі моцна залежым ад Расеі. І наўрад ці хто-небудзь яго падтрымае ў якіх-небудзь антырасейскіх пачынаннях.

— Але калі ў выніку будзе прынятая пастанова пра выхад з АДКБ і «саюзнай дзяржавы»?

— Я думаю, што гэта будзе аднолькава карысна і для Расеі, і для Беларусі. Пры гэтым у Расеі досыць вялікія магчымасці ў частцы крокаў у адказ.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках