26 красавiка 2024, Пятніца, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Рубцоў: Немцы працуюць значна менш за беларусаў, пры куды больш высокіх заробках

57
Юрый Рубцоў: Немцы працуюць значна менш за беларусаў, пры куды больш высокіх заробках
ЮРЫ РУБЦОЎ
ФОТА: RFE/RL

Палітэмігрант распавёў, чаму грамадзяне Нямеччыне апрыёры не могуць зразумець «логіку» беларускіх уладаў.

Былы палітвязень Юрый Рубцоў, які папрасіў палітычны прытулак у Нямеччыне, распавёў сайту palitviazni.info пра сваё жыццё за мяжой.

- У Нямеччыне вы ўжо знаходзіцеся блізу года. Якія ўражанні за гэты час?

- За гэты час я ўбачыў і адчуў зусім іншае стаўленне да людзей, як з боку чыноўнікаў, так і з боку простых грамадзян. Даведаўся, што немцы працуюць значна менш, чым у Беларусі пры даволі высокіх заробках. Зрэшты, апетыт, як кажуць, прыходзіць падчас ежы, таму не ўсе грамадзяне Нямеччыны задаволеныя і такімі заробкамі. Хтосьці ўважае, што гэтага недастаткова, хтосьці - што занадта вялікія падаткі.

Яшчэ заўважыў, што, у адрозненне ад Беларусі, у Нямеччыне практычна адсутнічаюць асабістыя кіроўцы і сакратаркі ў кіраўнікоў фірмаў. Дарэчы, прадукцыйнасць працы ў Нямеччыне (прынамсі, на тых прадпрыемствах, дзе я пабываў) не нашмат вышэйшая, чым у Беларусі, але людзі працуюць па сем гадзін у дзень. Вельмі шмат выкарыстоўваецца складанай тэхнікі, хоць пры простых працах карыстаюцца простымі прыладамі працы. Але пры гэтым вялікую ўвагу надаюць, каб працоўны рэсурс быў задзейнічаны на поўную. Ніхто там не будзе стаяць без працы і паліць цыгарэту. У крамах, напрыклад, зусім няма грузчыкаў. Кіроўцы, якія прывозяць тавар, самі ж яго грузяць на каляскі і вязуць у крамы, а там тавар раскладваюць па палічках прадаўцы. Увогуле, наймальнікі імкнуцца не браць на працу лішніх людзей. Тут нават ёсць такія фірмы, якія трымаюць у штаце людзей, каб іх потым можна было здаць у арэнду іншым фірмам, дзе, напрыклад, захварэлі работнікі. Не ўбачаць у Нямеччыне і такога, каб фірма брала прыбіральшчыка на цэлы дзень. Ёсць кансалтынгавыя кампаніі, якая на замову фірмы дасылае сваіх работнікаў для ўборкі на 2-3 гадзіны тры разы на тыдзень. Адным словам, эканоміка павінна быць эканомнай.

- У якім статусе вы зараз знаходзіцеся?

- Пакуль нават не ведаю, які мой статус. Усе гутаркі прайшоў, а цяпер чакаю, якім будзе адказ мясцовых уладаў. Па-ранейшаму жывем з жонкай у Нюрнбергу. Маем невялікі пакой на 11 квадратных метраў і сацыяльную дапамогу на дваіх з жонкай - 575 еўраў.

- Як мясцовыя жыхары ў Нямеччыне ставяцца да эмігрантаў?

- Ёсць, безумоўна, некаторыя праблемы, бо зараз у Нямеччыне шмат уцекачоў з Блізкага Усходу. Апошнія праз кліматычныя ўмовы прывыклі ўдзень адпачываць, а вечарам весці актыўны лад жыцця. У дадатак да гэтага арабы любяць вельмі гучна размаўляць шэптам. Гэта, натуральна, не вельмі падабаецца мясцоваму насельніцтву.

- Вы нейкім чынам падтрымліваеце сувязь з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі?

- З дапамогай Інтэрнэту.

- А няма жадання вярнуцца дадому?

- Безумоўна, хацелася б, але ў той жа час я разумею, што нармальна жыць у Беларусі мне не дадуць. Успомняць мінулае, нагадаюць і пра эміграцыю. Жыць пад пастаяннымі рэпрэсіямі? Асабіста я гэтага не баюся, але ў такой сітуацыі ў першую чаргу павінен паклапаціцца пра сям'ю.

- Што ў Нямеччыне ведаюць пра беларускую палітычную сітуацыю?

- Дзіўна, але многія немцы не могуць зразумець, што ў Беларусі (ды і ў Расеі) законы напісаныя толькі для таго, каб прад'яўляць іх міжнароднай супольнасці. А на самай справе і беларусы, і расейцы, жывуць паводле паняццяў, якія ўстаноўленыя ўладай. Прынялі закон пра дармаедаў - і даводзь, што ты не вярблюд. Так вырашыла ўлада. Я не выключаю, што ў хуткім часе могуць браць падатак і з сваякоў дармаедаў.

Немцы не могуць шмат чаго зразумець, і на іх тут нават крыўдзіцца не варта. У людзей зусім іншая ментальнасць. Яны лічаць - калі закон ёсць, то значыць ён ужо апрыёры справядлівы, і яго трэба выконваць без усялякіх аспрэчанняў. У гутарках у іх зусім іншая логіка.

Нагадаем, што гамяльчук Юрый Рубцоў на вулічныя акцыі апазіцыі ў Менску выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг "Лукашэнка, сыходзь!". У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, абвінаваціўшы ў абразе суддзі. На "хіміі" Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і галадаў. Ён зрабіў сабе на грудзях тату "Лукашэнка, сыходзь".

28 траўня 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня, паводле ўказу Лукашэнкі разам з іншымі палітвязнямі быў выпушчаны на свабоду.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках