26 красавiка 2024, Пятніца, 19:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Лёс Беларусі будзе вызначацца народам

18
Андрэй Саннікаў: Лёс Беларусі будзе вызначацца народам

Толькі свабодная дэмакратычная Беларусь можа быць гарантам еўрапейскай бяспекі.

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі Андрэй Саннікаў быў галоўным апанентам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2010 годзе. Пасля ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў ён быў збіты, арыштаваны і прысуджаны да пяці гадоў турэмнага зняволення. Саннікаў быў вызвалены ў 2012 годзе. Знаходзячыся ў выгнанні, ён прадаўжае выступаць за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.

Як кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка за ўсякую плату імкнецца захаваць уладу, ужываючы для гэтага ўнутраныя рэпрэсіі і гуляючы супраць Захаду, з дапамогай Крамля. Але ў сувязі з гэтым у ягонай сістэме з'яўляюцца сур'ёзныя расколіны.

Неспакой пра пагрозу Крамля праз змену рэжыму ў Менску, як і лютасць людзей унутры краіны з нагоды эканомікі і адсутнасці дэмакратыі і свабоды, толькі ўзмацняюцца.

У інтэрв'ю канадскаму выданню «UpNorth» (пераклад — Charter97.org) Андрэй Саннікаў распавядае аб сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі і неабходнасці ўзмацнення падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху з боку заходнееўрапейскіх краін.

- За апошнія тыдні мы ўбачылі вяртанне вулічных пратэстаў у Менску і рэгіёнах. Чым можна растлумачыць рост пратэстаў і хто стаіць за імі? Гэта арганізаваны або спантанны рух?

- Пратэсты былі справакаваныя лукашэнкаўскім дэкрэтам №3 аб падаткаабкладанні «дармаедаў», згодна з якім тыя, хто афіцыйна працуе менш за 183 дзён на год, павінны выплаціць суму, роўную 180 далярам у якасці кампенсацыі за страчаныя падаткі, а гэта больш, чым сярэднямесячны заробак у рэгіёнах. Аднак гэта была ўсяго толькі падстава.

Сапраўдная прычына палягае ў тым, што беларусам надакучыў Лукашэнка, ягоныя бяздарныя чыноўнікі і дыктатура. 23 гады лацінаамерыканскай мыльнай оперы - гэта занадта шмат.

Першая рэальная масавая акцыя пратэсту была арганізаваная ў Менску 17 лютага Беларускім Нацыянальным Кангрэсам - апазіцыйнай кааліцыяй. Важную ролю ў мабілізацыі людзей адыграў уплывовы вэб-сайт Charter97.org і іншыя СМІ.

За гэтым першым пратэстам рушылі ўслед і іншыя. Некаторыя з іх былі стыхійнымі, што сведчыць аб высокай ступені і ўзроўні абурэння. 25 сакавіка ў Менску плануецца буйная дэманстрацыя - Дзень Волі, які з'яўляецца святым для беларусаў, але не прызнаецца дзейным рэжымам.

- А да чаго заклікаюць пратэстоўцы?

- З самага першага пратэсту, які называўся «Марш абураных беларусаў», дэманстранты патрабавалі не толькі касавання праславутага дэкрэта, але і адстаўкі Лукашэнкі.

Самыя папулярныя лозунгі сёння «Сыходзь!» і «Баста!». Можна сказаць, што маецца тактычная мэта - скасаванне дэкрэту №3, і стратэгічная - пазітыўныя дэмакратычныя змены ў краіне.

- Аляксандр Лукашэнка ідзе па вельмі тонкім лёдзе, імкнучыся падладзіцца пад Пуціна і, у той жа час, прыадчыняючы браму для Захаду. Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што ў найбліжэйшы час Беларусь рызыкуе трапіць у пуцінскі прыцэл. Ці ёсць падстава для турботы?

- Гэта сур'ёзная падстава для турботы, і не толькі для нас у Беларусі, але і для ўсёй Еўропы, бо ўсякі рух Крамля супраць незалежнасці Беларусі будзе прадаўжэннем і пашырэннем вайны Расеі ў Еўропе, якая пачалася з Украіны.

Такі рух будзе пагражаць у першую чаргу ўсім нашым суседзям: Польшчы і краінам Балтыі.

Будучыя буйныя вайсковыя вучэнні «Захад-2017», на думку экспэртаў у бяспецы, носяць наступальны, а не абарончы характар. Менавіта ў гэтай сітуацыі Еўропа і NATO павінны рабіць усё, каб спыніць гэтыя вучэнні, бо яны непазбежна прывядуць да абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне і ўзмацнення напружанасці.

Іншымі словамі, Захад павінен зразумець, што абарона незалежнасці Беларусі азначае абарону Еўропы і кожнай асобнай еўрапейскай дзяржавы. У той жа час падтрымка нашай незалежнасці не азначае падтрымку дыктатуры. Наадварот, адзіным спосабам рэальна забяспечыць нашу незалежнасць і еўрапейскую бяспеку з'яўляецца дэмантаж існага рэпрэсіўнага рэжыму і правядзенне рэальных дэмакратычных рэформаў.

- Сітуацыя вельмі складаная для актывістаў беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Як апазіцыя можа спрыяць пазітыўным зменам, але пры гэтым гарантаваць, што Пуцін не скарыстаецца цяперашняй магчымасцю дзеля ўласнай выгады?

- Вы ведаеце, мы па-ранейшаму застаёмся закладнікамі палітыкі «спачатку Расея». Беларусь і ўсё тое, што адбываецца ў нашай краіне, даволі доўгі час ігнаруецца і знаходзіцца ў цені іншых падзей у рэгіёне.

Першапачаткова палітыка «спачатку Расея» ў дадатку да Беларусі азначала, што Захад спадзяваўся на незваротныя дэмакратычныя змены ў Расеі і меркаваў, што дэмакратыя прыйдзе да нас з Усходу.

Сёння палітыка «спачатку Расея» азначае, што магчымасці дэмакратычных зменаў у Беларусі ставяцца ў залежнасць ад агрэсіўных паводзінаў Расеі. Замест таго, каб ясна зразумець, што ў Беларусі наспявае рэвалюцыйная сітуацыя, мы чуем аргумент, што перамены «могуць справакаваць Крэмль». Гэта абсурд. Лёс Беларусі будзе вызначацца народам Беларусі, які сёння пратэстуе супраць прыгнёту, і ніякія геапалітычныя аргументы не змогуць апраўдаць недальнабачнасць тых, хто адмаўляе гэта права народа і спрабуе захаваць рэжым.

- Што павінны зрабіць заходнія краіны, каб дапамагчы абароне правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі?

- Менавіта гэта: абараняць правы чалавека і дэмакратыю. І не падтрымліваць гэты дыктатарскі рэжым.

Я магу прадказаць, што Лукашэнка пачне паклёпніцкую кампанію супраць лідараў апазіцыі і актывістаў і паспрабуе запалохаць іх, каб спыніць пратэсты. Аднак яму будзе цяжка развязаць рэпрэсіі ў тым жа маштабе, што і раней, калі ён не атрымае падтрымкі Захаду ў выглядзе крэдытаў або гульняў у «рэалпалітык». Калі ласка, майце гэта на ўвазе і рашуча рэагуйце на ўсякія парушэнні правоў чалавека.

Паверце мне, нам не трэба ніякага гвалту, хаосу ў Беларусі, і мы не хочам, каб на нашай тэрыторыі былі «расейскі свет» або расейскія танкі. Існуе правераны часам выхад з гэтай крытычнай сітуацыі - свабодныя і сумленныя выбары, якіх патрабуе апазіцыя Беларусі. Гэтыя патрабаванні павінны быць пачутыя і падтрыманыя на Захадзе.

Чамусьці нашы партнёры ў Еўропе не хочуць прызнаваць відавочныя рэчы. Некаторыя ўсё яшчэ спадзяюцца перавыхаваць Лукашэнку, некаторыя спрабуюць абараніць свае дзелавыя інтарэсы, звязаныя з рэжымам, некаторыя спрабуюць дагадзіць Крамлю. Гэта шлях у нікуды.

Выратаванне рэжыму Лукашэнкі, напрыклад, з дапамогай крэдытаў, будзе раўнасільнае расейскай акупацыі Беларусі, бо ён ніколі не прыме ніякіх дэмакратычных умоў для стасункаў з Еўропай і непазбежна ўкладзе ўгоду з Пуціным. У гэтай угодзе будзе вельмі моцны вайсковы складнік: тэрыторыя Беларусі стане трамплінам для далейшай агрэсіі альбо сталай пагрозай для Еўропы.

Менавіта таму ў інтарэсах Захаду абапірацца на дэмакратычныя сілы і дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі і рабіць усё для іх падтрымкі.

- Заходнія аналітыкі ў галіне бяспекі сур'ёзна занепакоеныя тым, што 100-кіламетровы Сувалкскі калідор паміж Беларуссю і занятым Расеяй анклавам Калінінград можа стаць мішэнню будучай расейскай агрэсіі, накіраванай на ізаляцыю краін Балтыі ад астатняй часткі альянсу. Ці ёсць падстава для турботы і што можна зрабіць для памяншэння або ліквідацыі гэтай праблемы?

- Вядома, існуюць прычыны для турботы.

Добра, што Сувалкскі калідор увайшоў у парадак бяспекі, але там адсутнічае яшчэ адна геапалітычная кропка - Смаленская брама (тэрыторыя паміж рэкамі Днепр і Заходняя Дзвіна). Я б сказаў, што праблемы бяспекі ў Сувалкскім калідоры павінны ліквідавацца шляхам гарантавання бяспекі Смаленскай брамы, каб не дапусціць выкарыстання расейскімі танкамі і расейскім войскам гэтай брамы для ўварвання ў Беларусь і далейшага прасоўвання на захад. І тут стратэгічнае значэнне Беларусі становіцца вельмі зразумелым і бачным.

І зноў жа, ніводзін дыктатарскі рэжым не зможа забяспечыць гэтую абарону, тады як дэмакратычныя змены і дамоўленасці аб нейтралітэце Беларусі могуць задаволіць усе залучаныя бакі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках