26 красавiка 2024, Пятніца, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія СМІ: Чаму бунтуюць беларусы

9
Украінскія СМІ: Чаму бунтуюць беларусы
ФОТА: KP.BY

Геаграфія беларускіх мітынгаў пратэсту супраць недарэчнага дэкрэта Лукашэнкі пашыраецца.

Калі першыя мітынгі прайшлі ў Менску і абласных цэнтрах краіны, то ў мінулую нядзелю можна было назіраць пратэсты ў такіх гарадах, як Ворша або Рагачоў. Змяняецца і стаўленне да пратэстаў і ва ўлады. Калі ў дні першых мітынгаў улада знарок дэманстравала талерантнасць да пратэстоўцаў - у першую чаргу праз сацыяльную, а не палітычную накіраванасць абурэння - то цяпер міліцыя лютавала, а Лукашэнка запатрабаваў ад супрацоўнікаў мясцовых КДБ (так, беларуская спецслужба ўсё яшчэ называецца гэтай злавеснай абрэвіятурай) дзейнічаць на апярэджанне, піша Віталь Портнікаў для газеты «Галіцкі кантракты».

Можна, вядома, пашукаць прычыны таго, што адбываецца ў канспіралогіі. У тым, што праблемы беларускаму дыктатару стварае Крэмль, не вельмі задаволены ягонай залішняй самастойнасцю і спробамі выбудаваць уласныя стасункі з Захадам – адное скасаванне візавага рэжыму чаго варта! Самому Лукашэнку - і ў гэтым ён вельмі падобны на Пуціна - усюды мроіцца Майдан і, хутчэй за ўсё, ён проста хоча, каб ягоныя чэкісты даведаліся, якая менавіта амбасада - расейская, амерыканская ці, дапусцім, польская - гэты беларускі майдан арганізуе.

Але напраўду ўсё нашмат прасцей - і гэта тое, што проста не здольныя зразумець аўтарытарныя кіраўнікі, Януковіч, Пуцін ці Лукашэнка. Масавы пратэстны рух узнікае тады, калі грамадства адчувае пагрозу самому свайму існаванню.

Менавіта таму ўкраінцы паўставалі ў 2004 годзе, калі іх эканамічнае становішча было нашмат лепшым, чым ва ўсе папярэднія гады і ў 2013 годзе, калі да цяперашняга эканамічнага краху заставалася яшчэ некалькі месяцаў і мала хто ўяўляў сабе яго маштаб. Беларусы ў такой эканамічнай сітуацыі не паўсталі б ніколі. А для ўкраінцаў з'яўленне Януковіча ў 2004 годзе і ягоная адмова ад еўрапейскай інтэграцыі ў 2013 годзе былі індыкатарамі пагрозы нацыянальнаму суверэнітэту. Не выпадкова і ў 2004 годзе, і ў 2013-2014 гадах паўстанне ахоплівала менавіта тыя рэгіёны краіны, дзе былі моцныя пазіцыі нацыянальнага руху, украінскай мовы, гістарычнай памяці аб супраціве імперыям.

Беларусы былі русіфікаваныя, а затым саветызаваныя значна мацней за ўкраінцаў - акупацыйны рэжым знішчыў іх царкву, нівеляваў памяць аб Вялікім Княстве Літоўскім, зрабіў усё для русіфікацыі краіны, знішчэння яе душы. Не выпадкова ў 1953 годзе ЦК мясцовай кампартыі адмовіўся прагаласаваць за новага першага сакратара-беларуса, нягледзячы на патрабаванне Масквы - найлепшай ілюстрацыі павагі да «старэйшага брата» цяжка знайсці. У 1991 годзе беларускі парламент «пасаромеўся» прыняць Акт незалежнасці, а ў 1994 годзе абодва галоўныя кандыдата на пасаду прэзідэнта - і Кебіч, і Лукашэнка - былі «эканамічнымі» кандыдатамі. Так, Лукашэнка ўклаў са сваімі суайчыннікамі «сацыяльны кантракт» - і выконваў яго, як умеў, паразітуючы на імперскіх комплексах суседняй Расеі. Але кантракт скончаны, у Расеі грошай няма - і ўжо ніколі не будзе.

Менавіта таму Лукашэнка ў тупіку. Ён можа разагнаць пратэстоўцаў, арыштаваць актывістаў і журналістаў, «стымуляваць» сілавікоў. Але кіраваць сваёй краінай як раней ён ужо не зможа. «Сацыяльны кантракт» скончаны - і гэта толькі пачатак вялікіх падзей, першыя кроплі дажджу на распаленым нянавісцю даху. Таму што калі скончыцца сацыяльны кантракт Пуціна, мы ўбачым знакаміты расейскі бунт - бессэнсоўны, крывавы і бязлітасны. Гэта будзе сапраўды гістарычнае відовішча.

А вось трэці ўкраінскі Майдан можа адбывацца хіба што ў фантазіях крамлёўскіх паліттэхнолагаў і нашых дамарослых папулістаў. Таму што цяпер у нас не паўстанне за незалежнасць. У нас - вайна за незалежнасць з суседняй краінай. Нам удалося выправадзіць ворага за ўкраінскія рубяжы, за лінію размежавання. Вядома, палітычнай барацьбы гэта не касуе. Але барацьба гэтая і ў варунках вайны, і пасля перамогі над Расеяй будзе праходзіць паводле правілаў, якія выключаюць разбурэнне ўласнай дзяржавы.

Таму што гэтая дзяржава для ўкраінцаў - каштоўнасць. Яны яе выпакутавалі і абаранілі - і менавіта гэтым падыходам да сваёй краіны карэнным чынам адрозніваюцца і ад беларусаў, і ад расейцаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках