27 красавiка 2024, Субота, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як доўга ў Беларусі будуць расці кошты бензіну?

34
Як доўга ў Беларусі будуць расці кошты бензіну?
ФОТА: РІА НОВОСТИ

Улада настолькі напалохана акцыямі пратэсту, што наважыла павышаць кошты паліва «па чайнай лыжцы».

У Беларусі кошты аўтамабільнага паліва з 18 сакавіка павялічыліся на 1 капейку. Гэта ўжо другое павышэнне за тыдзень — папярэдняе падаражанне паліва было 11 сакавіка. І таксама на 1 капейку дагэтуль кошты аўтамабільнага паліва ў Беларусі не мяняліся больш двух гадоў.

Ці будуць расці кошты аўтамабільнага паліва і далей, і як доўга гэта працягнецца — пра гэта эканаміст Леў Марголін распавёў выданню «Заўтра тваёй краіны».

— Чаму пачалі расці кошты аўтамабільнага паліва ў Беларусі?

— Таму што ў свеце пачалі расці кошты нафту, прычым істотна, і пытанне ў тым, чаму кошты на бензін не пачалі расці раней. Калі даражэе кошт сыравіны, то ёсць два варыянты: альбо павялічваць кошт бензін, альбо памяншаць акцызы. У цяперашніх умовах акцызы ў Беларусі ніхто зніжаць не будзе, бо ў бюджэце і так пуста, таму даводзіцца павышаць цэны на бензін.

— Чаму цэлых два гады ўлады трымалі цану на паліва на ранейшым узроўні?

— З аднаго боку, таму, што рэзка ўпаў кошт нафты. Але пасля гэтага пачаўся той самы нафтавы манеўр у Расеі, які прывёў да павелічэння кошту нафты для беларускіх прадпрыемстваў. Потым кошты самой нафты пачала расці, і цяпер, відаць, наступіў такі момант, калі трэба альбо прадпрыемствы рабіць стратнымі, альбо павышаць кошты паліва.

— Чаму ўлады вырашылі падвышаць кошты бензіну па чайнай лыжцы, па адной капейцы, а не адразу больш істотна?

— Улада настолькі напалохана акцыямі пратэсту, што проста пабаялася падліваць бензіну ў агонь. Павышаць трэба, але асцярожна, а не так, як гэта было некалькі гадоў таму, калі давялося адкручваць назад. Гэта можа быць такім фактарам, які наогул падарве сітуацыю, таму ўсё робіцца вельмі асцярожна – нават не па тры ці дзве, а па адной капейцы. Але калі ўлічыць, што кошт бензіну павінна падвысіцца адсоткаў на дзесяць, то гэтыя капейкі мы будзем бачыць далёка не апошні раз.

— Ці можна сцвярджаць, што фармаванне цэн на машыннае паліва ў Беларусі не звязана з рынкавымі механізмамі?

— Зусім сказаць, што не звязана, нельга, таму што ёсць акцыз, які любую цану звязвае з рынкавых механізмам, бо прадпрыемствы ўсё роўна працуюць у рынкавай сістэме. Іншая справа, ці застаецца прадпрыемству нейкі звышпрыбытак, ці яго адбірае дзяржава ў выглядзе гэтага акцызу. Сістэма - то рынкавая, але пытанне, з каго браць. Можна альбо з дзяржавы, альбо з канчатковага спажыўца. У нашых умовах заўсёды пакутуе спажывец.

— Колькі павінен рэальна каштаваць бензін у Беларусі?

— Складана сказаць. Гэта залежыць ад таго, якая сёння рэальная рэнтабельнасць у беларускіх НПЗ. Яна павінна мець пэўны мінімальны ўзровень, інакш прадпрыемства пачне павольна загінацца. Думаю, што цяперашняе павышэнне цэнаў – гэта ўсё-такі жаданне захаваць пэўны ўзровень рэнтабельнасці нафтаперапрацоўкі.

— У суседніх Літве, Польшчы і Латвіі літр бензіну каштуе больш за еўра.

— З аднаго боку, гэта аб'ектыўныя абставіны, бо там зыходны кошт нафты вышэйшы і ўзровень заробкаў у той жа нафтаперапрацоўцы і ў сістэме бензазаправачных станцый вышэйшы. А з другога боку, гэта той жа акцыз. Дзяржава адбірае частку грошай, бо лічыць, што бензін — гэта не прадмет першай неабходнасці і спажывец можа заплаціць крыху даражэй. Менавіта таму ў розных краінах кошты нафты, бензіну і дызельнага паліва адрозніваюцца досыць сур'ёзна. Напрыклад, у Бельгіі кошты бензіну гістарычна ніжэйшыя, чым у Галандыі, хоць гэта дзве падобныя краіны і ўмовы там практычна аднолькавыя. Гэта пытанне палітыкі.

— Скарачэнне паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ паўплывае ў далейшым на цэны на аўтамабільнае паліва?

— Можа паўплываць, таму што чым менш прадпрыемства перапрацоўвае нафты, тым вышэйшы сабекошт гэтай перапрацоўкі. Зноў-такі гэты трэба чымсьці перакрываць – акцызамі, альбо павышэннем кошту бензіну. Гэта значыць, умоўна кажучы, калі раней завод мог нават дазволіць сабе часткова працаваць у страту на ўнутраным рынку, зарабляючы грошы на знешнім, то цяпер па меры скарачэння аб'ёмаў паставак нафты гэтая магчымасць скарачаецца. Дзяржаве давядзецца сур'ёзна задумацца, бо істотна павысіць кошты бензіну азначае даць нагоду для незадаволенасці, а не павысіць — значыць пазбавіць бюджэт аднае з асноўных крыніц паступлення сродкаў.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках