26 красавiка 2024, Пятніца, 14:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Запасайцеся добрым настроем — 25 сакавіка спатрэбіцца

8
Запасайцеся добрым настроем — 25 сакавіка спатрэбіцца
ФОТА: EPA

Плошча — гэта свая атмасфера, гэта хваля дабра і пазітыву.

11 гадоў таму на Кастрычніцкай плошчы паўстаў намётавы гарадок. Пра свае ўспаміны, звязаныя з пратэстамі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года піша актывіст руху «Зубр» і адміністратар суполкі «Рух Баста» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» Даніла Барысевіч:

— Чым была для мяне Плошча? Тры самыя запамінальныя ночы ў цэнтры Менска, 4 безнадзейна згубленыя пледы і адзін кажух, літры выпітай гарбаты і дзясяткі з'едзеных бутэрбродаў, вясёлыя і радасныя людзі вакол — у такое надвор'е і з такімі шанцамі на перамогу, незнаёмая бабуля, якая ўпарта спрабавала уручыць 5000 рублёў — на той момант немалыя грошы («бо сама я стаяць не магу, унучак, дык хоць нешта паесці купіце, пячэння ды чаю хоць»), смешныя правакатары і музыка, якая дагэтуль гучыць, песні, у якіх ты ведаеш кожную коску.

За гэтым усім не заўважаеш, што ногі ў цябе здранцвелі, а рукі, што трымалі сцяг, перамерзлі нават у двух парах пальчатак. Усе разумелі, што нас мала, дзівіліся, куды ж дзеліся тыя, хто прыходзіў 19-20 сакавіка, але не баяліся і спадзяваліся, што 25 сакавіка ўсе зменіцца — «яшчэ толькі дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца». Ці адбылося б штосьці 25 сакавіка 2006 года, калі б не знішчылі намётавы гарадок? Цяпер цяжка сказаць, сябры. Але тады мы шчыра верылі, што абавязкова павінна адбыцца.

А яшчэ Плошча — гэта свая атмасфера, гэта хваля дабра і пазітыву, якая накрыла Менск на ўвесь 2006 год. Гэта кампаніі на Фантанах, Яке, Нямізе, на Небе, абвешаныя значкамі і стужачкамі, што гралі «Песні свабоды» ў тры гітары. Той вясной-летам можна было пайсці ў любое з гэтых месцаў у цэнтры і сустрэць «сваіх». Гэта куча самых розных флэш-мобаў, ад якіх сілавікі былі ў разгубленасці яшчэ да усякіх маўклівых акцый, гэта першая мабілізацыя людзей праз сацыяльныя медыя (тады праз ЖЖ), гэта новыя арганізацыі і рухі, многія з якіх з'явіліся і існавалі на голым энтузіязме, гэта паходы на прыроду і адзін да аднаго ў госці, гэта абмен поглядамі аб тым, якой павінна быць Беларусь і як мы гэтага даможамся. А для кагосьці гэта быў год першай любові — Плошча дагэтуль злучае многія сэрцы. 2006 сапраўды быў годам Свабоды. 11 гадоў прайшло, кажаце? Не было іх. Хто-небудзь заўважыў? Я не заўважыў. Плошча была ўчора, сёння і заўтра — а 18:30 ля дома прафсаюзаў — усе гэтыя 11 гадоў яна нікуды не знікала. І я вам абяцаю, што ўрэшце там будзе стаяць бронзавая палатка, у якой мы вып'ем чайку і заспяваем пад гітару.

А пакуль запасайцеся добрым настроем — 25 сакавіка, напэўна, спатрэбіцца.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках