26 красавiка 2024, Пятніца, 19:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэстаўратары аднавілі карціну вялікага беларускага мастака

3
Рэстаўратары аднавілі карціну вялікага беларускага мастака
ФОТА: TUT.BY

У Менску прэзентавалі карціну «Маленне аб чашы» Яна Дамеля.

«Для мяне гэтае палатно - адно з самых важных. Я ўпершыню кіраваў вялікай групай рэстаўратараў, ды і аб'ём працы, пастаўленыя задачы былі больш складанымі для гэтай карціны», - падзяліўся эмоцыямі з tut.by рэстаўратар Аляксандр Лагуновіч-Чарапко пасля прэзентацыі карціны Яна Дамеля «Маленне аб чашы». Яна прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Палатно беларускага мастака-класіцыста 19-га стагоддзя Яна Дамеля поўнае таямніц: ні канкрэтны год яго напісання, ні дакладныя памеры невядомыя. У Нацыянальны мастацкі музей карціна трапіла прыкладна ў сярэдзіне 1980-х гадоў, а да гэтага шмат гадоў знаходзілася ў Кальварыйскім касцёле, дзе, паводле легенды, пахаваны Дамель. Да рэстаўрацыі працы маладыя спецыялісты прыступілі паўгода таму.

- Для нас было нечаканым, што на карціне адкрыліся выявы трох апосталаў. Іх можна ўбачыць, калі толькі ўважліва разглядаць іх пры правільным асвятленні, - распавядае Кацярына Грачова, студэнтка Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама адна з рэстаўратарак, «якія ратавалі» палатно беларускага жывапісца.

Сапраўды, фігуры заснуўшых апосталаў нават цяпер ледзь прыкметныя каля ног Хрыста ў Гефсіманскім садзе. Пошук сілуэтаў выклікаў ажыятаж ля палатна: гледачы, якія прыйшлі на прэзентацыю, не маглі знайсці трэцюю фігуру. Ім на дапамогу прыйшлі рэстаўратары.

- Два апосталы пры патрэбным асвятленні праглядаюцца добра, а трэці як бы падымае галаву, таму яго відаць горш.

Кацярына распавядае, што спачатку іх група «ратавальнікаў» нават не думала, што зможа аднавіць карціну. Са слоў рэстаўратараў, палатно займала амаль усе працоўнае памяшканне і было моцна пашкоджанае. Напрыклад, пашкоджанні на палатне былі склееныя, а ззаду да яго прылепленае дадатковае палатно.

- Мы працавалі скрупулёзна, міліметр за міліметрам. І калі выявілі апосталаў, вельмі натхніліся. Менавіта гэта дало нам энэргію, каб скончыць працу над палатном у патрэбны тэрмін.

Аляксандр і Кацярына ўпэўненыя, што камандная праца дапамагла ім «цягам паўгода літаральна з руін аднавіць палатно».

Натхнёныя паспяховай працай, маладыя спецыялісты ўжо думаюць пра будучыя рэстаўрацыі, але, захоўваючы інтрыгу, планаў не выдаюць.

Даведка

Ян Кшыштаф Дамель нарадзіўся ў 1780 годзе ў Мітаве (сучасная Елгава) у сям'і купца. Навучаўся жывапісу ў Віленскім універсітэце. У 1820 годзе накіраваны ў ссылку ў Сібір. Сярод прычын - абвінавачванні ў фальшываманецтве (пазней Дамель быў апраўданы), а таксама падтрымка Напалеона падчас вайны 1812 года. Да 1822 года Дамель жыў у Табольску. Пасля вызвалення фактычна да сваёй смерці ў 1840 году пражываў у Менску. Пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках.

Аўтар карцін «Вадохрышча Вольгі», «Смерць магістра крыжакоў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам», «Смерць князя Панятоўскага», «Павел I вызваляе з палону Касцюшку», «Разбітае войскі Напалеона ў Вільні», шэрагу партрэтаў (князя Дамініка Радзівіла, графаў Іяхіма Храптовіча, Канстанціна Тышкевіча і іншых, пейзажаў Менска і іншых работ.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках