26 красавiка 2024, Пятніца, 12:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Да ўлады ў Беларусі прыйдуць былыя палітвязні

61
Зміцер Бандарэнка: Да ўлады ў Беларусі прыйдуць былыя палітвязні
Фота: EPA

Уладзе наглядчыкаў у Беларусі прыходзіць канец.

БТ учора паказала прапагандысцкі фільм пра Марш абураных беларусаў. Арганізатарамі акцый пратэсту ў ім названыя адзін з кіраўнікоў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, лідары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна.

Па каментар Charter97.org звярнулася да аднаго з герояў «фільма» Зміцера Бандарэнкі.

- Вы паглядзелі гэты твор? Якія ўражанні?

- Зразумела, што гэты рэпартаж рабілі відавочныя псіхапаты, якiх, як ведаюць усе беларусы, большасць на БТ. Але для сябе я адзначыў абсалютную ўкраінафобскую пазіцыю аўтараў. Столькі нянавісці да Украіны і ўкраінцаў нават на расейскіх каналах рэдка ўбачыш.

- А як вам сцвярджэнне, што Статкевіч, Саннікаў, вы і яшчэ некалькі чалавек арганізавалі Маршы абураных беларусаў ва ўсёй краіне?

- А не трэба было маю дачку, якая ўжо шмат гадоў жыве і працуе за мяжой, дармаедкай называць. А калі сур'ёзна, мы, як чальцы Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, і не ўтойваем, што менавіта БНК выступіў арганізатарам Маршаў абураных беларусаў. Зразумела, што заказчык фільма і выканаўцы ўжо трасуцца ад страху напярэдадні Дня Волі. Яны ведаюць ступень нянавісці беларускага народа да Лукашэнкі і ягонага атачэння. Яны спрабуюць палохаць беларусаў зменай улады, не разумеючы, што абсалютная большасць грамадзян краіны толькі мараць пра гэта. Таму за масавасць акцый 25 сакавіка ў Менску можна быць спакойным.

- Відавочна, што чарговым разам улады рэкламуюць акцыю апазіцыі. Так было перад плошчай 2006 і 2010 гадоў. Але сітуацыя цяпер зусім іншая!

- Рэйтынг Лукашэнкі цяпер ніжэйшы за плінтус. Беларусь знаходзіцца ў дынамічнай сітуацыі змены ўлады, і падабаецца гэта каму-небудзь ці не, але да кіраўніцтва краінай прыйдуць былыя беларускія палітвязні і вязні сумлення. Таму што сёння ва ўладзе знаходзіцца шайка турэмных наглядчыкаў. Лукашэнка сам калісьці быў наглядчыкам у беларускай калоніі. Пра Шуневіча няма чаго казаць - і так усё зразумела. Галоўным ідэолагам рэжыму з'яўляецца наглядчык са шматгадовым стажам Павел Якубовіч.

Сёння ўладзе наглядчыкаў у Беларусі прыходзіць канец.

- Палітвязні змогуць лепш кіраваць дзяржавай?

- Некалькіх нашых краін-суседак прадэманстравалі, што лепш. Да прыкладу, у Польшчы з пяці прэзідэнтаў трое - Лех Валенса, Лех Качыньскі і Браніслаў Камароўскі - былі палітрэпрэсаванымі. Прэзідэнтам Чэхаславаччыны і Чэхіі быў вядомы драматург і былы палітвязень Вацлаў Гавэл. Вось і параўнайце ўзровень жыцця ў краіне, дзе кіруюць наглядчыкі, і краін, дзе кіруюць былыя вязні сумлення. Лідары, якія за свае перакананні ішлі ў турмы, лепш разумеюць боль і спадзяванні простых людзей. Да таго ж не выдумляюць нейкі адмысловы азіёпскі шлях развіцця дзяржавы, а проста імкнуцца зрабіць жыццё, як у Еўропе, захоўваючы сваю самабытнасць.

Мяркую, што Беларусі пашанцавала, што ў яе ёсць такі лідар, як Мікалай Статкевіч. Чалавек амаль 8 гадоў прасядзеў у розных турмах, калоніях, на катарзе - «хіміі». У нейкі момант гісторыі менавіта такі лідар бярэ на сябе адказнасць і падымае краіну з каленяў. Да таго ж, у БНК сабралася выдатная каманда, здольная аб'яднаць людзей, прыцягнуць прафесіяналаў і правесці рэформы ў Беларусі.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках