26 красавiка 2024, Пятніца, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АБСЕ: Рэферэндум у Турцыі не адпавядае еўрапейскім стандартам

7
АБСЕ: Рэферэндум у Турцыі не адпавядае еўрапейскім стандартам

Рэферэндум быў праведзены ва ўмовах няроўных магчымасцяў.

У той час як тэхнічныя аспекты рэферэндуму былі арганізаваныя добра, выбаршчыкі не атрымлівалі бесстаронняй інфармацыі аб асноўных аспектах рэформы, негатыўны эфект выявіўся таксама ад абмежавання асноўных свабодаў, гаворыцца ў заяве экспэртаў арганізацыі.

Паводле апошніх звестак, пераход ад парламенцкай да прэзідэнцкай сістэмы праўлення ў Турцыі падтрымалі 51% выбаршчыкаў, супраць выказаліся блізу 49%, піша bbc.com.

«Агулам рэферэндум не адпавядаў стандартам Рады Еўропы», - гаворыцца ў заяве Цэзара Фларына Прэды, які ўзначальвае дэлегацыю Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

На думку прадстаўнікоў АБСЕ, рэферэндум праходзіў у палітычным асяродку, дзе ўшчэмленыя фундаментальныя свабоды, неабходныя для дэмакратычнага працэсу.

«Наш маніторынг паказаў, што кампанія ў падтрымку адказу «Так» [за пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта»] дамінавала ў СМІ, і гэта разам з перашкодамі працы СМІ, арыштамі журналістаў і закрыццём выданняў абмежавала доступ выбаршчыкаў да іншых пунктаў гледжання», - заявілі ў арганізацыі.

Напрыклад, паводле звестак назіральнікаў, губернатары правінцый выкарыстоўвалі ўведзены пасля путчу рэжым надзвычайнага становішча, каб абмежаваць свабоду сходаў і выказвання меркаванняў.

Рэферэндум аб пашырэнні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў адбыўся ў Турцыі 16 красавіка. У выніку галасавання, якое называюць паваротным момантам у гісторыі краіны, Турцыя ператворыцца з парламенцкай у прэзідэнцкую рэспубліку.

Прынятыя на рэферэндуме папраўкі да канстытуцыі надзяляюць прэзідэнта краіны Эрдагана беспрэцэдэнтнымі паўнамоцтвамі і дазваляюць яму застацца на гэтай пасадзе да 2029 года.

Эрдаган можа атрымаць права абвяшчаць надзвычайнае становішча, асабіста прызначаць міністраў урада, выдаваць указы, якія атрымаюць статус законаў, выбіраць суддзяў большасці вышэйшых судоў і распускаць парламент.

Новая сістэма засяродзіць уладу ў руках прэзідэнта, фактычна падпарадкаваўшы яму ўсю дзяржаўную бюракратыю ў краіне. Прыхільнікі Эрдагана кажуць, што гэта дапаможа мадэрнізаваць краіну, аднак ягоныя апаненты асцерагаюцца росту аўтарытарызму.

Апазіцыя сцвярджае, што падчас правядзення рэферэндуму былі дапушчаныя парушэнні і збіраецца аспрэчыць вынікі галасавання ў канстытуцыйным судзе і ЕСПЧ.

У панядзелак вынікі рэферэндуму былі прызнаныя сапраўднымі, пра што заявіў кіраўнік Вышэйшай выбарчай рады краіны Садзі Гювен. Намеснік прэм'ер-міністра Нурэцін Чаніклі паведаміў, што ўсе змены павінны ўвайсці ў дзеянне цягам года.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках