26 красавiка 2024, Пятніца, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія музыкі запішуць альбом на вершы рэпрэсаваных паэтаў

Беларускія музыкі запішуць альбом на вершы рэпрэсаваных паэтаў
Лявон Вольскі
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЕЖУЙ

20 кастрычніка 2017 года адбудзецца канцэртная прэзентацыя праекта.

Спяваць будуць Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Cвета Бень, Кацярына Ваданосава, гурты Dzieciuki, Vuraj, Re1ikt, Akute і іншыя вядомыя беларускія музыкі. Кампанію для збору сродкаў на праект «(Не) расстраляная паэзія» пачаў партал TuzinFm на платформе talaka.by, паведамляе «Белсат».

Удзельнікі праекту запішуць песні на вершы паэтаў, якія былі расстраляныя 29 кастрычніка 1937 года сярод 130 іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Усяго будзе запісана 12 кампазіцый ад 12 выканаўцаў.

Кожны з музыкаў-удзельнікаў ужо абраў сабе паэта і верш, на які будзе запісвацца песня. Напрыклад, гурт Dzieciuki абраў сабе верш Міхаcя Чарота, але які менавіта, пакуль застанецца сюрпрызам. Аляксандр Дзянісаў, адзін з вакалістаў гурта, які ўжо не раз успамінаў у сваіх песнях ахвяр сталінскіх рэпрэсій, распавёў belsat.eu, што і для яго асабіста, і для гурта, удзельнічаць у гэтым праекце - гонар.

«Для нас гонар удзельнічаць у гэтым праекце, бо яшчэ ніколі такога не было. Самае важнае - успомніць пра гэтых людзей, каб гэта ўсё не забывалася. У нашай краіне ахвярам нацызму надаецца шмат увагі, і гэта правільна, але што тычыцца ахвяр сталінізму, то на іх заплюшчваюць вочы. У сённяшнім КДБ сядзяць ідэйныя і духоўныя нашчадкі тых людзей, якія расстрэльвалі нашу інтэлігенцыю ў 30-х, і гэта адная з прычын таго, што сёння непапулярна казаць пра Курапаты, успамінаць пра гэтыя ахвяры, а пра іх трэба гаварыць, не кожны дзень, але вось такімі праектамі», - кажа Аляксандр Дзянісаў.

Зараз усе ўдзельнікі будуць запісваць відэа для праекту «(Не) расстраляная паэзія», а ў гэты час у рамках праекта плануецца правесці 12 адкрытых лекцый са знаўцамі жыцця і творчасці канкрэтных паэтаў разам з музыкамі.

20 кастрычніка 2017 года адбудзецца канцэртная прэзентацыя праекта - роўна праз 80 гадоў пасля жахлівай ночы расстрэлу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках