26 красавiка 2024, Пятніца, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белавія» трапіла ў топ самых пунктуальных авіякампаній свету

10
«Белавія» трапіла ў топ самых пунктуальных авіякампаній свету

Даследчая кампанія OAG з Вялікабрытаніі вызначыла самыя пунктуальныя авіякампаніі і аэрапорты свету.

Нацыянальны аэрапорт «Мінск» і авіякампанія «Белавія» ўвайшлі ў топ самых пунктуальных аэрапортаў і авіякампаній свету. Прычым менскі аэрапорт атрымаў найвышэйшую ацэнку ў рэйтынгу, разам з французскім аэрапортам Бавэ, брытанскім Ньюкаслам і яшчэ некалькімі аэрапортамі, піша tut.by.

Даследчая кампанія OAG з Вялікабрытаніі вызначыла самыя пунктуальныя авіякампаніі і аэрапорты свету за перыяд з кастрычніка 2016 да сакавіка 2017 года. І «Белавія», Нацыянальны аэрапорт Менска апынуліся на 8 месцы ў рэйтынгу. Паводле звестак даследавання, Нацыянальны аэрапорт Мінск выканаў у тэрмін 90,6% рэйсаў, а «Белавія» — 88,8%. Аб высокіх месцах у рэйтынгу паведамляе прэс-служба «Белавія».

Рэйтынг OAG складаюць два разы на год. Каб патрапіць у яго, авіякампанія павінна выканаць ад 600 пералётаў за месяц. Выкананнем палёту ў тэрмін лічыцца вылет або прылёт са спазненнем не больш як на 15 хвілін.

Авіякампаніі і аэрапорты з пунктуальнасцю 90-100% атрымалі ў рэйтынгу 5 зорак, 87,5−89,9% — 4 зоркі, 83-87,4% — 3 зоркі, 80-82,9% — 2 зоркі і 75-79,9% — 1 зорку. Не названыя ў рэйтынгу авіякампаніі маюць пунктуальнасць ніжэй за 75%.

Паводле звестак даследавання, «Белавія» выканала ў тэрмін 88,8% рэйсаў (атрымала 4 зоркі ў рэйтынгу), а Нацыянальны аэрапорт Мінск — 90,6% (атрымаў 5 зорак у рэйтынгу).

Акрамя Нацыянальнага аэрапорта Мінск вышэйшую ацэнку 5 зорак атрымалі яшчэ 10 аэрапортаў свету: Бавэ (Францыя) — 95,94% авіярэйсаў у ім прыбывалі і адпраўляліся без затрымак, Такусіма (Японія) — 91,64%, Кочына (Індыя) — 91,46%, Ньюкасл (Вялікабрытанія) — 91,42%, Дортмунд (Нямеччына) — 90,92%, Бірмінгэм (Вялікабрытанія) — 90,75%, Хіло (Гаваі) — 90,64%, Кардзіф (Вялікабрытанія) — 90,4%, Сідаарджа (Інданезія) — 90,37% і Аракажу (Бразілія) — 90,01%.

Беларускую авіякампанію выперадзілі ў рэйтынгу такія кампаніі: Safair (ПАР) — 95,9% пунктуальнасці, Jazeera Airways (Кувэйт) — 93,2%, Air Baltic (Латвія) — 90,5%, SunExpress (Турцыя) — 89,7%, Tigerair Сінгапур (Сінгапур) — 89,6%, Air Dolomiti (Італія) — 89,5% і TUIfly (Нямеччына) — 89,2%. Вышэйшы бал — 5 зорак атрымалі толькі тры авіякампаніі ў свеце (першыя тры ў гэтым спісе).

OAG — аналітычнае бюро, якое спецыялізуецца на ацэнцы дакладнасці ў сферы падарожжаў. Яно валодае найбуйнейшай у свеце базай звестак у авіягаліне, якая змяшчае звесткі пра рэйсы больш як 900 авіякампаній і больш як 4000 аэрапортаў свету.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках