26 красавiка 2024, Пятніца, 18:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прайшоў вечар салідарнасці з Украінай

5
У Менску прайшоў вечар салідарнасці з Украінай
ФОТА: NN.BY

«Камітэт салідарнасці з Украінай» адзначыў трэцюю гадавіну сваёй працы.

Урачыстая імпрэза пачалася з выканання гімна Украіны і малітвы за Беларусь і Украіну. Першым дакументам, які прыняў Камітэт у сакавіку 2014 года, быў зварот да суайчыннікаў, у якім былі такія словы: «Сёння Украіна, а заўтра можа быць Беларусь», перадае «Радыё Свабода».

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

У зале - ганаровыя госці: першы сакратар амбасады Украіны ў Беларусі Ігар Скварцоў і дарадца амбасады Марыя Гуцала, прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары.

Грамадская актывістка Ганна Шапуцька зачытала дэкларацыю аб стварэнні ініцыятывы, якая была прынятая 19 сакавіка 2014 года. Тры гады таму блізу 30 прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый, рухаў, грамадскіх аб'яднанняў пастанавілі ўтварыць грамадскую ініцыятыву «Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай».

Было вызначана 5 кірункаў дзейнасці камітэта - арганізацыйна-масавы (каардынатар Максім Вінярскі), грамадска-палітычны (каардынатар Павел Севярынец), інфармацыйна-аналітычны (каардынатар Ігар Рынкевіч), культурна-асветніцкі (каардынатар Ганна Шапуцька), міжнародна-прававы (каардынатар Ігар Леднік). Цяпер Камітэтам кіруе калегіяльны орган.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Ігар Рынкевіч згадаў рэпрэсіі ўлад за акцыі салідарнасці з Украінай, пікеты і нават за ўскладанне кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку. Да прыкладу, за пераклічку «Слава Украіне» - «Героям слава» на футбольным матчы юнакі былі пакараныя.

«У актыве Камітэта салідарнасці з Украінай шмат заяў, зваротаў да беларускага кіраўніцтва, каб расейскія вайскоўцы не ўдзельнічалі ў маршах-парадах. Камітэт неаднаразова звяртаўся ў Міністэрства інфармацыі і адміністрацыю Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць антыўкраінскую прапаганду на тэлеканалах «Расія» і «Расія-24» або забараніць вяшчанне гэтых каналаў на тэрыторыі Беларусі. Сабраныя тысячы подпісаў, каб украінскі тэлеканал вяшчаў на тэрыторыі Беларусі (дарэчы, гэта стала і прадметам перамоў паміж прэзідэнтам Украіны і кіраўніком Беларусі). Была праведзеная міжнародная канферэнцыя «Украіна: міфы і рэальнасць». Арганізавана некалькі марафонаў салідарнасці, сабраныя сродкі на помнік Міхалу Жызнеўскаму, Алесю Чаркашыну, які загінуў ва Украіне, на іншую фінансавую дапамогу. Наперадзе шмат планаў і праектаў», - падрахаваў Ігар Рынкевіч.

Дарадца пасольства Украіны ў Беларусі Марыя Гуцала падзякавала Камітэту салідарнасці за вялікую працу, падтрымку і дапамогу. Дыпламатка таксама паведаміла, што 2 траўня новы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізіма ўручыць даверчыя лісты кіраўніку Беларусі.

ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Каардынатар Камітэта салідарнасці з Украінай Павал Севярынец сказаў:

«Нам, беларусам, разам з украінцамі трэба будзе зрабіць яшчэ вельмі шмат. І трэба працягваць акцыі салідарнасці, выходзіць з бел-чырвона-белымі і жоўта-блакітнымі сцягамі, паказваць, што тут не Расея, тут не «тайговы саюз», а незалежная дзяржава».

Кожны выступ заканчваўся словамі «Слава Украіне!» і «Жыве Беларусь!» Арганізатары акцыі паказалі слайд-шоў аб працы Камітэта пад кампазіцыі Сяргея Міхалка і Віктара Цоя - «Ваяры святла» і «Ми прагнемо змін».

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Міхала Жызнеўскага, Алеся Чаркашына і ўсіх, хто загінуў падчас канфлікту ва Украіне.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках