26 красавiка 2024, Пятніца, 6:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менчука канфіскавалі аўто з іржой і без тэхагляду

50
У менчука канфіскавалі аўто з іржой і без тэхагляду
ФОТА: TUT.BY

Адна рэч, калі аўто стаіць з парушэннем ПДР, і іншая – калі машыну забіраюць з паркоўкі.

У такую сітуацыю трапіў мянчук Міхаіл: ягоны ЗАЗ «Таўрыя», на якім ён ездзіў і які захоўваў на паркоўцы каля дома, прызналі кінутым і эвакуявалі. «Гэта незаконна», – мяркуе аўтамабіліст. Ён падаў заявы ў міліцыю і дамагаецца справядлівасці праз суд, піша tut.by.

У менчука Міхаіла Шчаснага ёсць чырвоны ЗАЗ «Таўрыя» 1995 года выпуску.

– Машына старэнькая, але яна на хаду. Выязджаю я на ёй рэдка, у асноўным гэта паездкі ў вёску або ў паліклініку маці вязу, – распавёў аўтаўладальнік.

Калі ў машыне не было неабходнасці, уладальнік ставіў яе на паркоўцы каля першага корпуса дома № 1 па вуліцы Каржанеўскага. Раней гэтая стаянка была платная, але некалькі гадоў таму плот вакол яе прыбралі, дэмантавалі шлагбаўм і грошы за паслугу браць перасталі. Так у мясцовых жыхароў з'явіліся дадатковыя бясплатныя парковачныя месцы.

НА ГЭТАЙ СТАЯНЦЫ ЗНАХОДЗІЎСЯ ЗАЗ МІХАІЛ. ФОТА ПРАПАНАВАЎ ЧЫТАЧ
ФОТА: TUT.BY

– Гэтая стаянка заўсёды занятая машынамі. На гэтай, як і на любой іншай стаянцы, ёсць тыя, хто ездзіць на машыне кожны дзень або зрэдку, як я. Ёсць у нас і такія машыны, якія ўжо ўраслі ў зямлю і нікому не патрэбныя.

Міхаіл вельмі здзівіўся, калі ў верасні 2016 года атрымаў ліст з адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, якая апавясціла аўтаўладальніка пра неабходнасць давесці да ладу сваю машыну і перамясціць яе на ахоўную паркоўку, альбо ўтылізаваць. Аддзел гарадской гаспадаркі папярэдзіў: пры невыкананні гэтых умоваў аўто будзе эвакуяванае, прызнанае безгаспадарным, а ўладальніку давядзецца аплаціць выдаткі, звязаныя з эвакуацыяй і захоўваннем.

ФОТА: TUT.BY

– З гэтым патрабаваннем я не пагадзіўся. Чаму ў выканкаме пастанавілі, што мая машына не эксплуатуецца? Я накіраваў у выканкам ліст, у якім папрасіў патлумачыць прычыны, паводле якіх я павінен быў прыбраць «Таўрыю». Машына стаіць і нікому не перашкаджае, трэба – я езджу на ёй. Якая ж яна кінутая? – здзіўлены Міхаіл.

27 кастрычніка на электронную пошту Міхаілу прыйшоў адказ з выканкаму. Яму растлумачылі, якім чынам дзейнічаюць улады, калі выяўляюць неэксплутаваны транспарт. А таксама далі тлумачэнні, чаму паведамленне даслалі менавіта яму: у машыне было спушчанае адно кола, на кузаве выявілі карозію, а таксама не было тэхагляду за 2016 год.

ФОТА: TUT.BY

– Так, на кузаве ёсць іржа, і тэхагляд я не праходжу. Але гэтыя пытанні я развязваў бы з ДАІ, калі б мяне спынілі. Мая машына на хаду, яна выкарыстоўваецца! У ёй ёсць шкло, усе элементы – фары, люстэркі – цэлыя! – абураны аўтаўладальнік.

На наступны дзень Міхаіл паехаў са справамі на сваім аўто, а потым зноў паставіў яго на старое месца. А праз тры дні, 1 лістапада, на ягоны мабільны тэлефон патэлефанаваў сусед і сказаў, што «Таўрыю» Міхаіла эвакуявалі са стаянкі. Праз пару дзён аўтамабіліст атрымаў праз пошту акт ад ТАА «Белспецаўтаэвакуацыя» пра канфіскацыю аўто.

– У акце напісана: машына пад пластом лісця і бруду. Але бруду не было! І справа была восенню, вядома, на машыну падала лісце, – іранізуе Міхаіл.

Мужчына зноў напісаў ліст у выканкам: пастанавіў, што будзе дзейнічаць паводле закона – у адпаведнасці з прэзідэнцкім указам № 348.

– У звароце паведаміў, што машына мая эксплуатуецца, таму канфіскавалі яе незаконна і я патрабую яе вярнуць мне назад. А ў адказ – цішыня, адказу няма.

Зімавала «Таўрыя» на штрафстаянцы. А ў сакавіку з суда Кастрычніцкага раёна Міхаіл атрымаў пазоўную заяву. Пазоўнік – ТАА «Белаўтаспецэвакуацыя» патрабаваў спагнаць з аўтаўладальніка грошы, затрачаныя на эвакуацыю і захоўванне аўтамабіля. Калі Міхась Шчасны прыйшоў у суд, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы, то даведаўся, што ТАА падало яшчэ адзін пазоў – пра прызнанне «Таўрыі» нічыйнай.

– Суды пачаліся ў пачатку сакавіка. На сёння ўжо адбылося пяць пасяджэнняў, прызначанае шостае, але пастанову ў гэтай справе суд яшчэ не прыняў, – распавёў Міхаіл.

Аўтамабіліст адправіў лісты і заявы з просьбай разабрацца, ці правамерныя дзеянні фірмы, у многія інстанцыі: РУУС, Менгарвыканкам, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

– Мне незразумела, чаму ТАА «Белспецаўтаэвакуацыя» эвакуюе машыны без удзелу ДАІ, бо так можна любыя машыны эвакуяваць, а потым аўтаўладальнік будзе плаціць грошы за эвакуацыю і захоўванне. Чаму кошт паслуг на эвакуацыю і за захоўванне аўтамабіляў у гэтай кампаніі ў некалькі разоў вышэйшы, чым у фірмаў, якія працуюць без дамовы з выканкамам?

У ТАА «Белспецаўтаэвакуацыя» ўпэўненыя: дзеянні іхніх супрацоўнікаў законныя.

Кіраўніца юрыдычнага сектару прадпрыемства патлумачыла: калі эвакуацыя робіцца ў рамках рэалізацыі прэзідэнцкага ўказа № 348 «Аб мерах арганізацыі збору, захоўвання неэксплуатаваных транспартных сродкаў і іх наступнай утылізацыі», то пастановы на эвакуацыю прымаюцца супрацоўнікамі адміністрацый раёнаў Менска і камунальнымі прадпрыемствамі. Прысутнасць ДАІ пры гэтым не патрабуецца.

А вось пры выкананні прымусовай эвакуацыі транспарту паводле ўказа № 36 «Аб некаторых пытаннях прымусовай адбуксоўкі (эвакуацыі) транспартных сродкаў» прысутнічае супрацоўнік ДАІ, які прымае пастанову пра эвакуацыю і складае неабходныя працэсуальныя дакументы.

ТАКІМ ЗАЗ БЫЎ ПЕРАД ЭВАКУАЦЫЯЙ. ФОТА ПАДАДЗЕНА ТАА «БЕЛСПЕЦАЎТАЭВАКУАЦЫЯ»
ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY

– Што тычыцца ЗАЗ Міхаіла Шчаснага, то ягоную машыну выявілі і прызналі неэксплутаванай супрацоўнікі ЖРЭА. Яму высылалі апавяшчэнне і прасілі цягам 30 дзён давесці да ладу аўто, прыбраць яго ці ўтылізаваць, але ён гэтага не зрабіў, таму машыну эвакуявалі на ахоўную стаянку. Сцвярджэнне аўтамабіліста, што машына на хаду, не выключае аднясення аўтамабіля да неэксплутаванага транспарту.

Перад эвакуацыяй было выяўлена, што машына Шчаснага была ржавая, з пашкоджаным лакафарбавым пакрыццём, са спушчанымі коламі, апошні раз тэхагляд праходзіла ў 2012 годзе. Пра гэта паведамілі ў ГА «Белтэхагляд».

– Згаданыя факты выключаюць удзел такой машыны ў дарожным руху. А выезд такой машыны на дарогі стварае небяспеку для грамадзянаў. Таму была прынятая пастанова пра яе прымусовую эвакуацыю.

З нагоды тарыфаў на паслугі ТАА «Белспецаўтаэвакуацыя» супрацоўніца патлумачыла, што пры эвакуацыі аўто парушальнікаў ПДР, якія робяцца разам з ДАІ, – іх устанаўлівае Менгарвыканкам. На эвакуацыю і захоўванне невыкарыстанага транспарту тарыфы вызначае прадпрыемства самастойна, з улікам сярэдняга кошту паслугі ў Менску.

Кошт эвакуацыі легкавога аўтамабіля ТАА «Белспецаўтаэвакуацыя» – 60 рублёў, калі гэта тычыцца парушальнікаў ПДР, 102 рублі заплаціць за паслугу ўладальнік неэксплутаванага транспарту. Захоўванне аўто на стаянцы ў абодвух выпадках каштуе 7 рублёў за суткі. Пры гэтым эвакуацыя іншымі прыватнымі фірмамі ў горадзе абыдзецца ўладальніку легкавога аўто ў сярэднім 4 рублі, суткі захоўвання на платнай стаянцы – блізу 2 рублёў.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках