26 красавiка 2024, Пятніца, 6:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Ваўкавыску хочуць зруйнаваць дом шматдзетнай сям’і

16
Улады Ваўкавыску хочуць зруйнаваць дом шматдзетнай сям’і
Фото: belsat.eu

Праз памылкі кіраўніка «Водаканалу» сям’я пабудавала дом на трубе.

Грошай, каб перавесці трубу ўлады шкадуюць і змушаюць людзей за ўласны кошт руйнаваць дом, пабудаваны на крэдыты, паведамляе «Белсат».

Калі выраслі дзеці Ганны Садоўскай (на фота), у маленькім доме, які выдаў завод, стала цесна. Чацвёра дзяцей жывуць усе разам, двое з якіх маюць ужо свае сем’і і дзяцей. Спроба стаць у чаргу на жытло была марнай – у выканкаме сказалі 25 гадоў чакаць. Усёй сям’ёй надумалі, што адзіным выйсцем будзе – узяць крэдыты і будаваць новы дом на тэрыторыі агароду каля хаты.

Фото: belsat.eu

Каб атрымаць дазвол на будоўлю, правяраць, ці няма камунікацыяў на ўчастку Садоўскіх, прыехаў сам начальнік «Водаканалу» Сахацкі, які ніякіх перашкодаў і парушэнняў не заўважыў і сказаў сям’і: можаце будавацца. Спадарыня Ганна атрымала ўсе патрэбныя дакументы на будоўлю. Яна, муж і дзеці ўзялі крэдыты і пачалі будаваць дом. Цягам года агульнымі высілкамі паставілі каробку, а летам 2016-га ўжо хацелі падключыцца да каналізацыі. Вось тут і пачаліся праблемы. Выявілася, што пад агародам Садоўскіх праходзіць трохсотка труба – цэнтральны водаправод, які забяспечвае ўвесь горад вадой.

Фото: belsat.eu

«Мы жывем тут ужо 25 гадоў і мы не ведалі, што ў нас па агародзе ідзе ахоўная зона. Трохсотка труба. Нас ніхто не папярэдзіў. І вось мы пабудавалі ў 2016-м годзе гэты дом, пачалі камунікацыі праводзіць і натуральна, што мы не ведалі, куды нам падключыцца. Мы пачалі прасіць, каб прыехаў начальнік і паказаў, куды. Гэты начальнік не ехаў, не ехаў, а потым прыехаў. І адразу мне кажа: ваш дом стаіць на трубе. Я кажу і што цяпер? Ён кажа: зносіць трэба. Я кажу, як зносіць? Вы ж сказалі, што нічога няма. Тут пайшлі ў нас ужо валакіты ўсякія. Камісія прыехала. Пачалі раўсці на нас, што трэба дом зносіць. А ў мяне ўсе дакументы на руках, усе дазволы з пячаткамі, якія яны самі выдавалі», – распавядае спадарыня Ганна.

Паўтары мільярды, каб пракламці трубу – няма

Ганна Садоўская пачала пісаць скаргі. Пасля скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта, з аблвыканкаму прыйшла пастанова, каб трубу вывесці з-пад пляцу. Аднак ужо год мясцовыя ўлады не спяшаюцца выканаць пастанову і справа застаецца не разгледжанай.

«Перавесці трубу каштвацьме паўтары мільярда рублёў. Яны мне наўпрост сказалі, што грошай такіх у бюджэце няма. Дык замест таго, каб дапамагчы неяк, спрабуюць прымусіць нас за свае ўласныя грошы знесці наш дом. Пішуць усякую хлусню, што гэта, нібыта, самабуд. Але ў мяне стаіць пячатка. У мяне ўзгоднены праект. Імі самімі ўзгоднены. Шукаюць любую зачэпку, каб зрабіць нас крайнімі. Мы зрабілі крыху вышэйшым дахавае памяшканне, нас аштрафавалі. Мы заплацілі гэты штраф. Кажу: вынесіце мне афіцыйнае рашэнне на знос мансарды, я яе знясу. Няма пытанняў, а адказу ніхто не дае. У адным месцы пішуць, што адышлі ад узаконенага праекту, у іншым месцы пішуць самабуд», – тлумачыць спадарыня Ганна.

Фото: belsat.eu

«Вы ўяўляеце, як яны нас падставілі? І цяпер яшчэ душаць. Душаць!»

«У нас чацвёра дзяцей. Выраслі дзеці і няма дзе жыць. У нас толькі гэты дом і больш у нас ніякай нерухомасці няма. Разумееце? Пайшлі ў выканкам, дзе нам сказалі 25 гадоў чакаць жытла. Што рабіць? І мы проста прыйшлі да хаты з мужам і з дзецьмі, сабраліся і кажам, давайце будзем браць крэдыты і будзем будаваць. Усе разам гасіць і вось дваім дзецям пабудуем, камусьці тут застанецца, а там ужо ўсе разам чацвёртаму нешта набудзем. І вось набылі. Мы ўсе бралі крэдыты, у нас няма льгот. Мы бралі пад 69% крэдыты, для таго каб зрабіць гэтую каробку. Разумееце? Што яны робяць? Як яны паставіліся да нас! Ніхто прабачэння нават не папрасіў! Няўжо яны спакойна спяць пасля гэтага? Вы ўяўляеце, як яны нас падставілі? І цяпер яшчэ душаць. Душаць!».

Ганна Садоўская 24 гады працавала ў Ваўкавыску на заводзе «ВОЛМЕТ», які выпускае замкі. Муж таксама спачатку працаваў на заводзе ліцейшчыкам, а потым, калі сталі малыя заробкі, перайшоў на будоўлю. Сужэнцы ўжо на пенсіі, але вымушаныя працаваць, каб трымацца на плаве. Спадарыня Ганна працуе дворнікам, а муж падпрацоўвае ў калгасе.

«Працуем, бо трэба працаваць, каб выплаціць спажывецкія крэдыты. Вы не ўяўляеце, цераз што мы прайшлі за гэты год, калі будаваліся. Муж з пенсіі збіраў на цэмент, клей, дзеці адкладвалі. Месяцамі ўся сям’я жыла толькі на адну маю пенсію, таму што ўсе грошы, якія былі ў нас і ў дзяцей ішлі на гэты дом, які быў нашай апошняй надзеяй. Я што з нейкімі дрэннымі намерамі ішла? Я брала крэдыт пад 69 адсоткаў, не напружваючы дзяржаву. Я ведала, што дзяржаве цяжка. Я ахвяроўвала сабой, сваімі дзецьмі. Чаму яны так робяць? Я не чакала, што мне нехта нешта дасць, ад нікога не патрабавала. Нават калі мы жылі толькі з дзецьмі ў нас квадратаў не хапала. Мы не скардзіліся. Мы не станавіліся ў чаргу, бо стала жыллё платнае, а ў нас чацвёра дзяцей. Заробкі малыя. І муж кажа. Навошта ты будзеш ставаць, калі грошай няма. Дзеці ўжо вялікія, ужо жаніліся, ужо і дзеці ў іх. Дачка пайшла на кватэру, але грошай не хапала. Ізноў вярнулася. І вось так мы жывем усе разам. Старэйшы сын у Менск паехаў працаваць. Прыедзе – спіць з намі разам, бо легчы няма дзе. Гэты дом – быў нашым ратавальным колам. І дзякуй нашым мясцовым уладам, яны вельмі дапамаглі», – кажа спадарыня Ганна, не стрымліваючы слёз.

Фото: belsat.eu

Апошняй надзеяй сям’і Садоўскіх застаецца яшчэ раз скардзіцца ў Адміністрацыю прэзідэнта. Пры гэтым уся сям’я баіцца ціску з боку мясцовых уладаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках