26 красавiка 2024, Пятніца, 6:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп назваў першыя 100 дзён ва ўладзе «самымі паспяховымі ў гісторыі краіны»

Трамп назваў першыя 100 дзён ва ўладзе «самымі паспяховымі ў гісторыі краіны»
ДОНАЛЬД ТРАМП

Дональд Трамп падрахаваў вынікі першых ста дзён свайго прэзідэнцтва.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўважае свае першыя сто дзён ва ўладзе за «самыя паспяховыя ў гісторыі краіны». Такую заяву амэрыканскі прэзідэнт зрабіў у сваім штотыднёвым звароце ў суботу, 29 красавіка, адзначаючы ў гэты дзень свае першыя сто дзён прэзідэнцтва, паведамляе РБК.

«Я шчыра веру, што першыя сто дзён маёй адміністрацыі былі самымі паспяховымі ў гісторыі нашай краіны», — падае словы Трампа тэлеканал Fox News. «Самае галоўнае тое, што мы вяртаем працоўныя месцы», — сказаў ён.

29 красавіка Трамп правёў у штаце Пэнсільванія. У Гарысбэргу, сталіцы штата, у Трампа прайшоў мітынг ягоных прыхільнікаў. Пачатак сваёй прамовы перад прысутнымі Трамп прысвяціў крытыцы амэрыканскіх СМІ, зноў назваўшы іх «хлуслівымі».

«Вялікая група галівудскіх актораў і вашынгтонскія СМІ суцяшаюць адзін аднаго ў зале гатэля ў сталіцы нашай краіны проста зараз», — сказаў Трамп. «Яны сабраліся разам для штогадовай вячэры Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дома. Без прэзідэнта. А я настолькі шчаслівы, знаходзячыся больш чым за сто міль ад вашынгтонскага балота, бавячы свой вечар з усімі вамі, з значна больш шматлікімі і цудоўнымі людзьмі», — сказаў ён.

Пачатак мітынгу супаў з пачаткам штогадовай вячэры Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дома (WHCA) — штогадовай урачыстай імпрэзы высокага ўзроўню, на якой традыцыйна прысутныя знакамітасці, палітыкі і журналісты. Трамп яшчэ ў лютым паведаміў, што не пойдзе на гэтую дзею.

У сваёй прамове на мітынгу ў Пэнсільваніі, якая доўжылася амаль гадзіну, Трамп заявіў, што ягоныя першыя сто дзён знаходжання ва ўладзе «былі вельмі хвалявальнымі і прадукцыйнымі». У сваёй прамове ён таксама закрануў пытанні міграцыі, гандлю, працоўных месцаў ды шэраг іншых.

Не абышоў Трамп і тэму будаўніцтва муру на мяжы з Мэксікай. «Нам патрэбны мур. Мы пабудуем мур гэтак жа бясспрэчна, як вы зараз стаіце тут. Нам патрэбны мур», — запэўніў Трамп сабраных.

Кажучы пра замежную палітыку, Трамп запэўніў, што ўсе краіны NATO будуць уносіць свой фінансавы ўклад ва ўмацаванне бяспекі блока.

У мінулую пятніцу вынікі першых ста дзён прэзідэнцтва Трамп падрахаваў Белы дом, апублікаваўшы даведку «Сто дзён бяспекі і абароненасці прэзідэнта Трампа». Сярод заслуг прэзідэнта ў галіне нацыянальнай бяспекі Белы дом адзначыў «ізаляцыю Сірыі і Расеі ў ААН».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках