27 красавiка 2024, Субота, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Японія ўпершыню ўвяла ў дзеянне свой самы вялікі вайсковы карабель

2
Японія ўпершыню ўвяла ў дзеянне свой самы вялікі вайсковы карабель
Фота: Getty Images

Авіяносец «Ідзумі» будзе ўжыты для аховы судна, якое цяпер накіроўваецца для дазапраўкі караблёў ВМС ЗША.

Найбуйнейшы карабель марскіх сіл самаабароны Японіі будзе ахоўваць амэрыканскія судны забеспячэння, якія суправаджаюць авіяносец «Карл Вінсан» у выправе да Карэйскай паўвыспы. Гэта першая аперацыя Японіі пасля змены заканадаўства аб ролі ўзброеных сілаў краіны, паведамляе ВВС.

Авіяносец «Ідзумі» будзе ўжыты для аховы судна, якое цяпер накіроўваецца для дазапраўкі караблёў ВМС ЗША, у тым ліку авіяносца «Карл Вінсан», што ў суботу дасягнуў берагоў Карэйскай паўвыспы і пачаў супольныя манеўры з паўднёвакарэйскім флотам.

Аперацыя праходзіць на фоне імклівага абвастрэння сітуацыі на паўвыспе. У мінулую суботу КНДР зноў ажыццявіла тэставы старт балістычнай ракеты.

Эсмінец-авіяносец «Ідзумі», паведамляе японская прэса, выйшаў з базы ВМС ЗША Ёкасука, на поўдзень ад Токіё. Ён мае сустрэцца з амэрыканскім суднам і суправадзіць яго да выспы Сікоку.

Выкарыстанне японскага карабля ў аперацыі суправаджэння стане першым выпадкам ужывання японскага флоту пасля падпісання прэм'ерам Сіндзам Абэ ў 2015 годзе закона, які ўпершыню пасля Другой сусветнай дазволіў выкарыстоўваць сілы самаабароны Японіі за межамі краіны або ў інтарэсах хаўруснікаў. Ён увайшоў у дзеянне сёлета.

Да гэтага канстытуцыяй Японіі, прынятай ў 1947 годзе, дырэктыўна забаранялася выкарыстоўваць узброеныя сілы ва ўсякіх мэтах, акрамя самаабароны. «Народ Японіі назаўжды адмаўляецца ад вайны як ад суверэннага права нацыі», - гаворыцца ў канстытуцыі.

28 красавіка ў афіцыйным твітэры флоту ЗША было апублікаванае відэа, на якім «Карл Вінсан» пераплывае Філіпінскае мора ў суправаджэнні групы японскіх эсмінцаў.

Раніцай у суботу незадоўга да прыбыцця авіяносца ў рэгіён Карэйскай паўвыспы Паўночная Карэя зрабіла чарговы тэставы старт балістычнай ракеты. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у твітэры адзначыў, што гэта было зроблена, нягледзячы на пратэсты галоўнага партнёра КНДР - Кітая.

«Паўночная Карэя выявіла непавагу да пажаданняў Кітая і яго глыбокапаважанага прэзідэнта Сі Цзіньпіна, калі сёння, хоць і няўдала, правяла старт ракеты. Кепска!»- пракаментаваў дзеянні КНДР Трамп.

Раней дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан ў Радзе Бяспекі ААН заявіў, што ЗША адкрытыя для перамоў з паўднёвакарэйскімі ўладамі, калі тыя будуць ахвочыя абмяркоўваць «правільны парадак».

У той жа час, папярэдзіў Тылерсан, ЗША гатовыя звярнуцца і да сілы. Ён заклікаў краіны - чальцы Рады бяспекі чыніць дыпламатычны ціск на КНДР.

У суботу ў рэгіён на паўднёвы ўсход ад Японіі прыплыў французскі дэсантны карабель для правядзення ў рэгіёне супольных з караблямі ЗША і Брытаніі манеўраў. На мінулым тыдні Кітай спусціў на ваду першы авіяносец уласнай распрацоўкі, таксама павялічыўшы сваю вайсковую прысутнасць у рэгіёне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках