27 красавiка 2024, Субота, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзяржава ў нас не сее бізнэс, а толькі збірае ўраджай у выглядзе падаткаў»

9
«Дзяржава ў нас не сее бізнэс, а толькі збірае ўраджай у выглядзе падаткаў»

Бізнэс у Беларусі сёння ў цяжкім становішчы, як і ўся эканоміка.

Трэці Беларуска-гішпанскі бізнэс-форум пройдзе ў Мадрыдзе. Ці прыносяць такія мерапрыемствы рэальную карысць нашай краіне?

Бізнэс-самасейка

Ганаровы старшыня Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Георгій Бадзей мяркуе, што «калі ёсць лішнія грошы і хочацца прагуляцца ў Гішпанію, то можна ехаць».

— Вядома, выпадкова можна сустрэць нейкую зацікаўленую асобу, але, як правіла, ККД такіх мерапрыемстваў не вышэйшы за 10%, — адзначае ў інтэрв'ю zautra.by экспэрт.

Такія мерапрыемствы ён называе свайго роду рэкламай краіны і прадпрымальніцкага клімату.

— Гэта як выставы-кірмашы, што яны даюць? — падкрэслівае Георгій Бадзей. — Але найлепшая рэклама – гэта калі ў краіне развіваецца прадпрымальніцтва, бізнэс квітнее. А мы толькі збіраемся абмяркоўваць і штосьці рабіць, каб бізнэс адчуваў сябе добра. Я маю на ўвазе падрыхтоўку дэкрэта аб паляпшэнні бізнэс-асяроддзя.

Бізнэс у Беларусі сёння ў цяжкім становішчы, як і ўся эканоміка.

— Два гады краіна знаходзіцца ў рэцэсіі. Наш бізнэс сёння амаль на 90% уяўляе сабой мікрапрадпрыемствы і мікраарганізацыі (па нашаму заканадаўству гэта да 15 работнікаў). А малога і сярэдняга бізнэсу — па 5-7%, — кажа Георгій Бадзей.

Зрэшты, у малым бізнэсе сёння працуюць да 30% занятага насельніцтва.

— Як фактар занятасці гэта мае значэнне. Але гэта ў асноўным гандаль і паслугі, — падкрэслівае суразмоўца. — Будзем гэтыя паслугі экспартаваць? Так, магчыма, але не ў Гішпанію.

– Дзяржава ў нас не сее бізнэс, а толькі збірае ўраджай у выглядзе падаткаў, — працягвае Георгій Бадзей. — А развіваецца ён у нас як самасейка.

Форумы прыносяць вядомасць краіне

Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, старшыня Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін кажа, што падчас такіх мерапрыемстваў адбываюцца знаёмствы патэнцыйных партнёраў, абнаўляецца інфармацыя аб эканамічных патэнцыялах краін.

— У кожнай з краін, у Гішпаніі і Беларусі, адбываюцца змены ў заканадаўстве, у дзелавым клімаце. Падчас гэтых форумаў праходзіць абмен інфармацыяй. У апошнія гады ніводны форум не быў безвыніковых. Яны прыносілі вядомасць краіне, спрыялі прасоўванню праектаў, карысць прадпрымальнікам, — адзначае суразмоўца.

Калі падпісваюцца кантракты, ствараюцца сумесныя прадпрыемствы, то пашыраюцца аб'ёмы вырабленай прадукцыі, паслуг, што адбіваецца і на бюджэце нашай краіны ў выглядзе паступлення падаткаў і іншых выплат, працягвае Уладзімір Карагін.

А якая ж рэнтабельнасць такіх форумаў?

— Гэта залежыць ад самога мерапрыемства, ад досведу арганізатараў. Некаторыя мерапрыемствы бываюць і стратныя, калі яны праводзяцца ў краіне першы раз. Першапачаткова гэта патрабуе інвестыцый. А другое, трэцяе мерапрыемства ўжо, як правіла, рэнтабельнае. Мы стараемся праводзіць такія мерапрыемствы бясстратна з мэтай, каб галоўнай была не сама рэнтабельнасць мерапрыемствы, а эфект для суб'ектаў гаспадарання і для эканомікі ў цэлым, — сцвярджае экспэрт.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках