28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Над галоўным праспектам гучна гучалі лозунгі «Жыве Беларусь!» і «У адстаўку!»

7
«Нямецкая хваля»: Над галоўным праспектам гучна гучалі лозунгі «Жыве Беларусь!» і «У адстаўку!»
ФОТА: BELSAT.EU

Як беларусы адзначылі Першамай.

Выйсці ў цэнтр Мннска 1 траўня заклікалі грамадзян лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Адзін з яго кіраўнікоў Мікалай Статкевіч загадзя апавясціў Менскі гарвыканкам пра намер правесці акцыю, якая, на ягоную думку, згодна з Канстытуцыяй РБ, не патрабуе афіцыйнага дазволу. Улады сур'ёзна падрыхтаваліся да гэтага мерапрыемства, піша «Нямецкая хваля».

1 ТРАЎНЯ НЕКАЛЬКІ ДЗЕСЯТКАЎ ЧАЛАВЕК САБРАЛІСЯ НА КАСТРЫЧНІЦКАЙ ПЛОШЧЫ МЕНСКА НА НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ МІТЫНГ

Фактар сілы

Самога Статкевіча, як галоўнага арганізатара акцыі, затрымалі за тры дні да яе правядзення. Прычым амаль дзень не было вядома, што здарылася з палітыкам і дзе ён знаходзіцца. Толькі пазней адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў патэлефанаваў яго жонцы Марыне Адамовіч і паведаміў, што Мікалай Статкевіч асуджаны на 5 дзён адміністрацыйнага арышту і знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна, які ўжо шмат гадоў у Беларусі называюць «палітычнай турмой». Так што галоўны ініцыятар мерапрыемства не змог узяць у ім удзел.

СЯРОД УДЗЕЛЬНІКАЎ ДЭМАНСТРАЦЫІ ЛІДАР РУХУ "ЗА СВАБОДУ" ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ, ПАЛІТЫК УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, АКТЫВІСТ МАКСІМ ВІНЯРСКІ І ІНШЫЯ

Акрамя таго, у цэнтры Менска можна было назіраць дзясяткі аўтазакаў, аўтобусаў з таніраваным шклом, у якіх перавозяць байцоў АМАП, а таксама мікрааўтобусаў без нумарных знакаў. Ды і халоднае надвор'е не спрыяла таму, каб акцыя была масавай. Тым не менш, людзі на яе прыйшлі.

Спачатку да 14.00 - прызначанага часу старту мерапрыемства - на Кастрычніцкай плошчы можна было назіраць толькі некалькі дзясяткаў чалавек і мноства супрацоўнікаў сілавых структур у форме і ў цывільным. Апошніх было нашмат больш. Але за некалькі хвілін колькасць удзельнікаў акцыі прыкметна павялічылася.

На Кастрычніцкай плошчы з'явіліся сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, вядомыя дэмакратычныя актывісты Вячаслаў Сіўчык, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў і іншыя.

«Мы прыйшлі адзначыць свята працы»

У гэты час міліцыянт праз мегафон заклікаў прысутных разысціся, бо акцыя не санкцыянаваная Менгарвыканкамам, а ў выпадку невыканання патрабаванняў праваахоўных органаў да ўдзельнікаў мерапрыемства будзе прымененая фізічная сіла і спецыяльныя сродкі.

МІЛІЦЫЯ ПАГРАЖАЕ ПРЫМЯНІЦЬ СІЛУ І СПЕЦСРОДКІ

Але на людзей гэтыя словы не падзейнічалі, а адзін з прысутных параіў міліцыянту: «Давайце, вязіце сюды яшчэ вадамёты, пакажыце яшчэ раз сапраўдны твар улады!». «Мы прыйшлі адзначыць свята працы, а вы нам перашкаджаеце», - у сваю чаргу заявіла праваахоўнікам пажылая жанчына.

Марына Адамовіч з прыступак Палаца Рэспублікі паведаміла, што дагэтуль не ведае, за што асудзілі яе мужа Мікалая Статкевіча. Яна наогул не ўпэўненая, што ён знаходзіцца ў ЦІП, бо напярэдадні на працягу пяці гадзін адвакату палітыка так і не далі магчымасці наведаць Статкевіча і нават не пусцілі на парог гэтай папраўчай установы. «Можа, яго збілі і не хочуць у такім выглядзе паказаць абаронцу? Я наогул не ўпэўненая, што муж знаходзіцца менавіта там», - сказала Адамовіч.

Уладзімір Някляеў заклікаў улады вызваліць Мікалая Статкевіча. Гэта мерапрыемства з'яўляецца акцыяй салідарнасці ў барацьбе за новую незалежную дэмакратычную Беларусь, працягнуў прамоўца: «Гэта акцыя нашай салідарнасці ў барацьбе за свабоду, салідарнасць супраць ціску дыктатуры». Ён падзякаваў усім, хто выйшаў на плошчу, не спалохаўшыся пагроз з боку ўлады, якая арганізавала прэвентыўныя затрыманні людзей не толькі ў Менску, але і ў многіх іншых гарадах краіны.

КАЛЯ ЧЫРВОНАГА КАСЦЁЛА МІТЫНГ ПРАЦЯГНУЎСЯ

Асноўнымі патрабаваннямі ўдзельнікаў акцыі сталі вызваленне палітычных зняволеных, скасаванне прэзідэнцкага дэкрэту №3 (аб дармаедах), павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян, адстаўка нязменнага кіраўніка дзяржавы.

Спантаннае шэсце

Пасля гэтага Яўген Афнагель прапанаваў прайсці на Плошчу Незалежнасці, дзе агучыць рэзалюцыю акцыі. Яго прапанова атрымала падтрымку. Не парушаючы правілаў дарожнага руху, па ходніках некалькі соцень чалавек рушылі да галоўнай плошчы сталіцы. Іх суправаджалі два аўтазакі, яшчэ каля дзясятка знаходзіліся ў найбліжэйшых падваротнях. Перад калонай рухаліся сілавікі ў цывільным, аднак да затрыманняў справа не дайшла. Над галоўным праспектам Беларусі гучна чуліся лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!», «Свабоду палітвязням!», «У адстаўку!» і іншыя.

Дэманстранты спыніліся на прыступках Чырвонага касцёла каля Дома ўрада. Там Уладзімір Някляеў зачытаў падрыхтаваны Нацыянальным Беларускім Кангрэсам праект рэзалюцыі акцыі, у якім утрымліваюцца згаданыя вышэй патрабаванні, а таксама пункт аб недапушчэнні запланаваных на восень гэтага года ў Беларусі буйных сумесных беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў. Рэзалюцыя была прынятая аднагалосна. На гэтым акцыя завяршылася.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках