25 красавiка 2024, Чацвер, 0:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў выйшаў на волю: у турме ён перажыў гіпертанічны крыз

40
Уладзімір Някляеў выйшаў на волю: у турме ён перажыў гіпертанічны крыз
Уладзімір Някляеў

Паэт і палітык перажыў тры крызы запар.

11 траўня выйшаў на волю паэт і адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў. Яго затрымалі 6 траўня каля дома, як растлумачылі АМАПаўцы, за ўдзел у Маршы абураных беларусаў 17 лютага і адвезлі на Акрэсціна адбываць 5 дзён арышту.

Як распавёў «Свабодзе» Уладзімір Някляеў, сядзець яму давялося ў камеры з валацугамі, у якіх былі вошы. Да таго ж літаратара пазбавілі магчымасці пісаць - далі паперу, але не далі асадку або аловак.

Уладзімір Някляеў прызнаецца: думаў, што перажыве гэты 5-дзённы тэрмін лягчэй. Калі яго забіралі 6 траўня каля дома, на руках у Някляева быў бальнічны ліст - ён яшчэ не адышоў ад гіпертанічнага крызу. Пасля крызу ў канцы сакавіка ў Берасці ў яго былі яшчэ два, у красавіку паэт двойчы ляжаў у лякарні. Але, нягледзячы на бюлетэнь, Някляева забралі ў турму на Акрэсціна. АМАПаўцы сказалі, што ў іх загад.

Калі яго прывезлі ў ЦІП, Някляеў запатрабаваў паперу, каб напісаць скаргу, што яго арыштавалі хворага, як быццам ён крымінальнік і ўяўляе небяспеку для грамадства. Яму сказалі: «Потым напішаце» - і павялі ў камеру.

Сшытак перадалі, асадку - не

«Жонка Вольга яшчэ раней за ежу перадала мне сшытак і асадку. Але мне аддалі толькі сшытак без асадкі. Я спытаў: «А што пісаць?» - «А гэта вы самі прыдумаеце», - быў адказ. І гэта вельмі падарвала мае нервы.

Калі забіралі, я быў міралюбна настроены, маўляў, што зробіш, буду пісаць пяць дзён. А тут такая подласць. Я дабіваўся, каб далі асадку, штодня на кожнай праверцы пытаўся: «Назавіце прычыны, з якіх мне забаронена займацца тым, чым я займаюся ўсё жыццё, і чаму вы забіраеце пяць дзён з майго жыцця і ператвараеце іх у бессэнсоўнасць?» Адказу не было. Казалі - маўляў, «пытанне разглядаецца». Я разумеў, што гэта не яны самі прыдумалі. Відавочны здзек: «Дзесьці ты прызнаны пісьменнік, лаўрэат, а ў нас ты ніхто, ты зэк. Кашу еш». Галоўнае - не даць ні думаць, ні пісаць. Еш кашу, і ўсё.

Чацвёрты крыз за месяц - у турме

Я ж пасля 2010 года жыву на таблетках, а тут у мяне тры крызы запар. Вельмі складана пасля гэтых крызаў нармалізаваць ціск. Але на наступны дзень мне ўжо не далі магчымасці выпіць таблеткі ад ціску. Я спрабаваў растлумачыць, што гэта больш сур'ёзная справа, чым проста страта свядомасці, што, дарэчы, і адбылося. А 8 траўня ў мяне зноў адбыўся крыз. Але ў адрозненне ад Берасця, дзе спалохаліся і накіравалі мяне ў лякарню, тут толькі ўвечары выклікалі хуткую і сказалі: «Мы самі яго палечым». На гэты раз абышлося...

Я проста назіраю заканамернасць, як яны са мной абыходзяцца, і складваецца ўражанне, што прадумана гэта робіцца: забіраюць, саджаюць, не даюць прымаць лекі і назіраюць, што будзе. Не хачу праводзіць паралелі, але так было з Генадзем Карпенкам: давялі да крызу, а потым вазілі па горадзе, шукаючы, дзе яму дапамогуць. Можна па-рознаму разабрацца з тымі, хто не падабаецца: можна так, як з Ганчаром, а можна так, як з Карпенкам. Можна давесці да «смерці натуральным чынам».

Дарэчы, на шпацыр у першы раз вывелі толькі на чацвёрты дзень».

На Акрэсціна сістэма адбудаваная так, што апазіцыянеры паміж сабой не перасякаюцца ні на шпацырах, ні на пабудове, ні на пераклічках. Таму пра Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля і іншых, якія там жа адбываюць 15 дзён за акцыю 1 траўня, Някляеў нічога не чуў. Ды і цяпер «палітычных», як правіла, саджаюць у камеру да валацуг, алкаголікаў і іншых маргінальных элементаў, кажа Уладзімір Някляеў.

«Вошы ўверх не скачуць», - дзяжурны турмы на Акрэсціна

«Сённяшні кантынгент ЦІПа - прытон з прастытуткамі, разведзены «адмарозкамі з пятай калоны». Прычым нашых усіх хлопцаў садзяць да валацуг, і я з валацугамі сядзеў.

Шчыра скажу, мне было вельмі шкада гэтых людзей без дома, без працы, бо ты адседзеў і пойдзеш дадому. А гэтыя людзі - як цені, яны такія запалоханыя, калі на іх крычыць дзяжурны, яны сціскаюцца і лезуць пад нары.

Прывялі аднаго валацугу са сметніцы, ён увесь у вошах. Кінулі яго на верхнія нары, вошы сыплюцца з яго ўніз. Нарэшце я дастукаўся ў дзверы да дзяжурнага: «Зрабіце хоць што-небудзь, прашпарце». А мне адказваюць: «Дык перакладзіце яго ўніз». Я пярэчу: «Якая розніца? Ён увесь вашывы». «Вошы ж уверх не скачуць», - адказвае мне дзяжурны. Калі я вяртаўся ад лекара, пачуў, як тая казала адной валацузе, якая паскардзілася на вошай: «Я цябе зараз бензінам абалью і спалю, пудзіла!» Так што ў санітарна-гігіенічным сэнсе сітуацыя выглядае жудасна».

Несанкцыянаваны мітынг у турэмным калідоры

«На развітанне я зладзіў несанкцыянаваны мітынг на другім паверсе каля 13-й камеры, патлумачыўшы, кім з'яўляюцца супрацоўнікі ЦІПа і што ёсць гэта сістэма. Яны спрабавалі гэты мітынг спыніць, але я давёў яго да канца. Так што, думаю, яны могуць яшчэ скласці пратакол за несанкцыянаваны мітынг на Акрэсціна і за яго пасадзіць».

Тым часам Уладзіміру Някляеву ўручылі позву ў Ленінскі суд на 17 траўня - за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 1 траўня. Уручаючы позву, міліцыянты сказалі гэтым разам чакаць «трайнога тарыфу», гэта значыць, 15 дзён арышту.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках