26 красавiка 2024, Пятніца, 7:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Городні выпусцяць гульнёвыя карты з выявамі каралёў Рэчы Паспалітай

1
У Городні выпусцяць гульнёвыя карты з выявамі каралёў Рэчы Паспалітай
Фото: «Белсат»

Гульнёвыя карты Лапіна былі вельмі папулярныя на тэрыторыі міжваеннай Польшчы.

Гарадзенцы рыхтуюцца выдаць гульнёвыя карты з выявамі каралёў Рэчы Паспалітай, паведамляе «Белсат».


ГОРАДНЯ 10 ТРАЎНЯ 2017. ВАСІЛІЙ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Творчае згуртаванне «А-чатыры» з Горадні, вядомае ужо выдадзенымі настольнымі гульнямі «Паўстанцы» ды «На трох кітах», рыхтуюць да выдання ігральныя карты Лапіных, якія былі вельмі папулярныя на тэрыторыі міжваеннай Польшчы. А выявы на картах каралёў Рэчы Паспалітай з’яўляюцца разынкай гэтага праекту.

ГОРАДНЯ 10 ТРАЎНЯ 2017. ВАСІЛІЙ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Гульнявыя карты з амаль 100-гадовай гісторыяй

Ідэя стварыць такія карты нарадзілася ў згуртавання «А-чатыры» тады, калі яны ўбачылі ў сеціве артыкул пра тое, што ў Гародні знайшлі карты, якія некалі былі вельмі папулярныя: «Згуртаванне займаецца стварэннем настольных гульняў, дык падумалася, а чаму б зараз не аднавіць гарадзенскія ігральныя карты часоў міжваеннай Польшчы» – зазначае Антось Янкоўскі – адзін з удзельнікаў згуртавання.

ГОРАДНЯ 10 ТРАЎНЯ 2017. ВАСІЛІЙ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Спачатку было праблемна адшукаць арыгіналы, але тут на дапамогу прыйшоў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, у якога былі арыгіналы ды выявы картаў, знойдзенных у сеціве. На вялікі жаль, якасць была не з лепшых.

«Таму цяпер прыходзіцца ўсе карты аднаўляць, а дакладней – адмалёўваць. Гэтай працай займаецца мастачка Наста Янкоўская. Яна адмалёўвае усіх каралёў, вальтоў і дамаў» – распавядае Антось, пакуль Наста старанна вымалёўвае бубновую даму.

Пагуляць у «дурня» картамі з сапраўднымі каралямі

З нуля распрацоўваецца каробка для картаў, бо як выглядаў арыгінал – невядома. Пры распрацоўцы за аснову бяруцца штампы ды лагатыпы прадпрыемства братоў Лапіных. Каробка будзе двух тыпаў: папяровая ды скураная.

ГОРАДНЯ 10 ТРАЎНЯ 2017. ВАСІЛІЙ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Гэтымі картамі можна будзе гуляць у любую гульню, хоць у Каралеўскага дурня – смяецца Антось – Але ў гістарычных даведніках былі знойдзеныя і іншыя гульні, з якімі згуртаванне «А-чатыры» пазнаёміць аматараў картаў Лапіных неўзабаве.

Разынкай картаў Лапіных з’яўляюцца выявы каралёў Рэчы Паспалітай. На каралях калоды можна пазнаць Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста, Яна Сабескага. А над масцяй у каралей змешчана карона, што сімвалізуе «сапраўднага караля – гістарычную асобу».

Выдаць карты «Талакой»

Ад 11 траўня стартавала краўндфаўдынгавая кампанія на платформе «Талака» па збору сродкаў на выданне гульні.

«Гэтым разам не даем ніякіх бонусаў, проста прыемны кошт, танейшы, чым пазней ён будзе у крамах, а таксама для аматараў прапануем замовіць гульню у скураным чахле. Гэта будзе лемітаваная версія, такі варыянт картаў будзе толькі ў тых, хто падтрымае выхад гульні праз Талаку» – распавядае пра кампанію Антось ды дадае, што адзін асобнік картаў можна замовіць усяго за 5 рублёў.

ГОРАДНЯ 10 ТРАЎНЯ 2017. ВАСІЛІЙ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Паралельна згуртаванне «А-чатыры» рыхтуе яшчэ некалькі праектаў. З некаторымі нават плануюць выйсці на расейскі рынак, пакарыць Маскву, жартаўліва кажуць стваральнікі настолак. Неўзабаве пашырыцца дзіцячы асартымент, але падрабязнасці будучых праектаў сябры творчага згуртавання пакуль замоўчваюць.

Вядомыя карты на ўсю Польшчу

ГОРАДНЯ 10 ТРАЎНЯ 2017. ВАСІЛІЙ МАЛЧАНАЎ/БЕЛСАТ

Гульнявыя карты Лапіна вырабляліся ў Городні з пачатку 1920-х гадоў і да пачатку 1940-х. Карты Лапіна былі вядомыя на ўсёй тэрыторыі міжваеннай Польшчы тым, што на картах друкаваліся выявы шляхты часоў Рэчы Паспалітай. У 1944 годзе Горадню заняла Чырвоная армія і вытворчасць карт на прадпрыемстве спынілі. Новая ўлада там стала друкаваць свае плакаты. Браты ж Лапіна загінулі ў часы Другой Сусветнай вайны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках