26 красавiка 2024, Пятніца, 5:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Вайцюшкевіч: Міхалок з Вольскім маглі б збіраць стадыёны

1
Зміцер Вайцюшкевіч: Міхалок з Вольскім маглі б збіраць стадыёны

Вядомы музыка распавёў пра сваю кнігу, забароны на канцэрты і выступ NaviBand на «Еўравізіі».

Зміцер Вайцюшкевіч выпусціў кнігу «Простыя словы». Так некалі называлася ягоная аўтарская праграма на Аўтарадыё, але калі яго закрылі, праграма перакачавала на Радыё «Рацыя». У ёй музыка рэфлексаваў на тэмы жыцця і творчасці, распавядаў пра тое, што хвалявала. У 2014-м Вайцюшкевіч сышоў з радыё і надумаў свае аркушы паперы, на якіх былі напісаныя праграмы, скласці ў кнігу. Прэзентаваць яе музыка збіраецца на літаратурна-музычным фэсце «Салаўёў» на сваім хутары Вайцюшкі 4 чэрвеня, піша «Еўрарадыё».

- Ведаеш, мне заўсёды хацелася папрацаваць са словам, пачаць пісаць. Спачатку я спрабаваў пісаць вершы, але пасля першых дзвюх рыфмаў я зразумеў, што ў мяне не моцна атрымліваецца. Тым больш, калі ўзгадаць маіх паэтычных суаўтараў ― гэта зусім іншы узровень у параўнанні са мной-паэтам. Таму я надумаў сканцэнтравацца на кароткіх гісторыях, у якіх ― мае ўражанні, імпрэсіі і эмоцыі.

- Хто з тваіх сааўтараў-паэтаў чытаў «Простыя словы» і як яны адрэагавалі на кнігу?

- Я папрасіў Някляева, каб ён напісаў уступ. Я спытаў, ці можна яе друкаваць, ці можна мне ўвогуле лезці ў літаратурныя справы? Нягледзячы на тое, што наш літаратурны свет, можа, і невялікі, ён ўсё ж уплывовы. Бо мы маем свайго Нобэля і можам стаяць на адной сцэне з самымі паважанымі людзьмі літаратурнага свету. Але Някляеў сказаў: «Ды нармальная кніжка!», і напісаў уступ. Вядома, можна прыдрацца да асобных гісторый, можна параўнаць гэта з Горватам, я яго і баяўся, але гэта маё асабістае фіксаванне часу тым талентам, які мне дадзены. Як мог, так напісаў.

- А чым Горват зачапіў чытача?

- Асабістай гісторыяй. Нам вельмі цікавыя чалавечая шчырасць, перажыванні, пра якія не гаварылася ў савецкія часы. Беларуская літаратура ў свой час адказвала на глабальныя пытанні, больш важныя, чым чалавек. А Горват акурат дадаў літаратуры «чалавечынкі» і сваёй эмоцыі.

- 26-га траўня адбудзецца твой сольны канцэрт у Менску. Таксама цяпер выступаюць у Беларусі Міхалок і Вольскі. Мае месца чарговая адліга?

- Не ведаю. Я рады, што ёсць магчымасць, бо нават гэты дазвол быў зроблены са скрыпучым сэрцам. Хочацца паўнавартаснага беларускага канцэртнага жыцця. Хочацца развіцця разам з публікай, хочацца сцэнічных зменаў і артыстычнага росту. Але, на жаль, у беларускіх рэаліях гэта немагчыма ці вельмі складана. Расце артыст не дзякуючы, а насуперак. Вядома, можна сказаць, што ўсё, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. Але я б хацеў, каб гэтая бздура, падстрахоўкі на месцах, закончыліся. Усё ж варта думаць пра культурную будучыню краіны.

- Калі б не было гэтых сямі гадоў забароны, якім бы ты быў цяпер?

- Лёгка можна было б раз на год рабіць вялікі канцэрт у Палацы Рэспублікі. Не салянку з усімі беларускімі артыстамі, калі, напрыклад, юбілей у некага аднаго, а ўсе астатнія падцягваюцца, каб прадаць квікті, а сольны канцэрт. А Міхалок з Лявонам маглі б збіраць арэны і стадыёны. Гэтага бракуе. Вядома, можна плюнуць на мову і култьтуру і займацца іншай музыкай. Але чалавек такая істота, якому патрэбныя свае чатыры сцяны.

Увогуле, канцэрт прысвечаны памяці Генадзя Бураўкіна. Ёсць у нас пэўны фармат сустрэч, дзе адная частка праграмная і сур'ёзная, а другая ― вясёлая і нефармальная. І гэта працуе колькі гадоў.

- Яно працуе колькі гадоў, і ты ўвесь час застаешся Вайцюшкевічам у сваёй зоне камфорту. А можа, варта яе пакінуць, наблізіцца да маладой аўдыторыі, уключыць Вайцюшкевіча-вар'ята з 90-х?

- Уключыць ідыёта? Я адышоў ад фалькору, бо на той момант, напрыканцы 90-х, ім пачалі займацца ўсе. Я думаў, што працаваць з песнямі на вершы беларускіх паэтаў досыць лёгка, і што будзе чарга спаборнікаў. Але сталася, што я такі адзін у неафіцыйнай тусоўцы, бо ўсе эгаістычна займаюцца сваёй важнай асабістай справай. Таму я ўважаю за важнае цяпер зрабіць праграму на вершы Алеся Разанава, дзяўчат-паэтак, эмігранцкай паэзіі.

- Немагчыма не запытаць пра 17-е месца Беларусі на сёлетняй «Еўравізіі»…

- Мне спадабалася. Naviband былі вельмі прыгожыя. Спявалі не чыста, і каб я сядзеў у журы міжнароднага прафесійнага конкурсу, звярнуў бы на гэта ўвагу, але былі вельмі пазітыўныя. І для іх творчага жыцця гэта такі суперэтап, які не забудзецца ніколі. Не думаю, што найбліжэйшыя пяць гадоў з'явіцца нешта больш магутнае чым тое, што яны адчулі. Я думаю, што іх выступ ― поспех, яны малайцы, нават аб'ядналі беларусаў. А пераможца цудоўны: на фоне лесу, з мінімумам аранжыроўкі, затое якой! Як сказала мая жонка Галя, такога піяна на «Еўравізіі» яшчэ не было.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках